Карціна дня: апакаліпсіс ад Віктара Лагоўскага

На гэтым тыдні ў “Карціне дня” – апакаліпсіс: палотны, прысвечаныя эсхаталогіі, думкам пра канец свету, і проста чарнуха, якую мы адшукалі ў сучасных беларускіх мастакоў.

Віктар Лагоўскі

 

Пра аўтара:

Віктар Лагоўскі нарадзіўся ў 1974 годзе ў Ельску. У 1992 скончыў гімназію-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка. У 1998 – Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва). У тым жа годзе стаў сябрам Беларускага саюза мастакоў. Аўтар і ўдзельнік персанальных і калектыўных выставаў у Беларусі і за мяжою. Працы знаходзяцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), а таксама ў прыватных калекцыях шматлікіх краінаў свету.

 

 

 

Віктар Лагоўскі, “Выкраданне надзеі”, палатно, алей, 57х57, 2008.
Віктар Лагоўскі, “Выкраданне надзеі”, палатно, алей, 57х57, 2008.

 

 

Закон Ома

Выкраданне надзеі – парафраз міфу пра выкраданне быком Еўропы і палотнаў, што паўсталі вакол гэтага міфу. Цікава, што ў беларускай мове Надзея – не толькі тэрмін з псіхалогіі, але і імя. Таму персаніфікацыя тут навідавоку, ажно так, што можна згубіць саму ідэю пра тое, што птушка скрадае апошняе, што ў нас застаецца, калі мы сутыкаемся з жорсткаю праўдаю рэальнасці.

Андрэй Адамовіч

Менавіта птушкі, паводле ўяўленняў нашых продкаў, зносяць душы памерлых у вырай, калі выпраўляюцца туды самі. Дарэчы, паводле адной з версіяў, Зеўс уступаў у полавую сувязь з Еўропаю менавіта ў выглядзе адной са сваіх аватараў – птушкі (так, у старажытных грэкаў былі аватары, але гэта не тое, пра што ты думаеш, анон). Таму за надзею можна не хвалявацца, яна, як і Еўропа, не страціць уласнага “Я”.

А вось для гледачоў, дый для тых, хто ніколі не пабачыць гэтага палатна, усё ўяўляецца не такім ужо і ружовым. Пакуль надзея будзе імітаваць задаволенасць ад савакуплення, мы будзем разглядаць адфоташопленыя выявы дзяўчатаў, хлопцаў, трапічных выспаў, ідылічных дамкоў, кацянятаў і расстаўляць лайкі.

Мастак нездарма дадаў да цэнтральнага палатна драбязы, якая адцягвае нашую ўвагу ад галоўнага – гэта своеасаблівая праява рэалізму, такое сабе перадзвіжніцтва для прасунутых, бо страчваючы надзею, чалавек не здольны больш канцэнтравацца на галоўным, углядаецца ў дробязі, бясконца ходзячы вакол іх, нібы прыкуты ланцугом.

Перад намі своеасаблівая нагадвалка для тых, хто пакутуе на пракрустынацыю і іншыя прыдуманыя хваробы, якімі тлумачаць адсутнасць матывацыі, надзеі, увагі; засяроджвайся на галоўным, іначай усё будзе змрочным, нібы з карціны выразалі надзею і птушку. Ажно такое, што будзе бачная дзірка ў шпалерах, якую мусіла засланяць палатно.

 

Голас з Акадэміі:

Што такое надзея для нас, беларусаў? Напэўна, чаканне, дзесяцігоддзі чакання лепшых часоў, вера ў патаемную дзверку, якая наўпрост, без усялякіх перашкодаў адкрые дарогу ў дрымлэнд. Ці кожны разумее, што так не бывае? Што без веры і любові запаветныя мары не здзяйсняюцца, без цвёрдасці перакананняў і спраўджання намераў, без веры ў свае сілы і правы, без любові да сваёй зямлі і людзей, звязаных з ёй адной пупавінай.

Старажытнагрэцкі філосаф Дыяген Лаэрцкі сказаў “Надзея – апошняе, што памірае ў чалавеку”. Калі ж гэтую надзею нехта выкрадае, то, напэўна, у свядомасці кожнага наступае апакаліпсіс. Адсутнасць надзеі для чалавека азначае, што болей няма на што спадзявацца, што зярнятка доўгачаканага шчасця не прарасце.

Выкрадальнік надзеі ў творы Віктара Лагоўскага – непрыкметная шэрая птушка, няўклюдная, з тупой дзюбай і купіраванымі крыламі. Не падобна, што яна наогул зможа ўзняцца ў неба і падняць на сабе дзяўчыну. Мастак пакідае рукі палонніцы развязанымі, яна трымае залатую клетку з нечым, што прагне свабоды, іначай не было б замкнёна ў турме. Важна, што лёс гэтай дзевы вырашае глядач: у залежнасці ад яго перакананняў і ўяўленняў гераіня твора адолее ворага ці, наадварот, скарыцца яму.

Чалавецтва штогод рыхтуецца да канца свету і разам з тым спадзяецца, што ён адкладзецца да “не пры маім жыцці”… І на наступны ж дзень пасля падманнай трывогі людзі пачынаюць абнаўляць запасы запалак і солі, рыхтавацца да наступнага разу, замест таго каб уплываць на свет, перамяняць сваю рэчаіснасць ужо цяпер, уласнымі сіламі, якіх дастаткова, каб жыць, а не толькі выжываць.

Алеся Раманюк