Мы працягваем разбіраць творы беларускіх мастакоў у жанры ню. Сённяшняя “аголеная” карціна — “Чырвоная канапа” Рамана Заслонава. Абмяркоўваюць, як і звычайна, Алеся Раманюк і Андрэй Адамовіч. Далучайцеся!
Раман Заслонаў нарадзіўся ў 1962 годзе ў Мінску, унук Канстанціна Заслонава. Вывучаць жывапіс пачаў у Дзіцячай мастацкай школе №1, дзе вучыўся ў В. Сумарава. У 1985 годзе скончыў Тэатральна-мастацкі інстытут (пазней – Акадэмія мастацтваў). У 1990 – творчыя майстэрні Акадэміі мастацтва СССР у Мінску пад кіраўніцтвам М. Савіцкага. У тым жа годзе ўступіў у Беларускі саюз мастакоў. Працы знаходзяцца ў шматлікіх музеях у Беларусі і за мяжою, а таксама ў прыватных калекцыях па ўсім свеце. Сярод асноўных узнагародаў – першая прэмія Salon d’Automne (Парыж, 1997). Жыве і працуе ў Францыі.
Варта стамілася
Можна зразумець, чаму гэтае палатно паўстала. Зрэшты, мы ж не здзіўляемся, нашто гіганцкія паліграфічныя камбінаты выпускаюць мільярды скруткаў шпалераў, цяжэй зразумець матывы пакупніка, які прыдбаў гэтую карціну. І хаця сама па сабе яна прапісаная са стараннасцю, можа быць, без зацятасці, уласцівай майстрам Рэнесансу ці барока (яны б напэўна не пакінулі біла канапы аднатонным), аднак зроблена палатно рупліва. Хіба што няма тут любові да жаночага цела. Прынамсі, той любові, пра якую думаеш найперш. І нават блізняты – патаемная мара мужчыны – не дапамагаюць успрымаць яго праз прызму эратызму.
Здаецца, што дробныя прадметы на гэтым палатне, усе гэтыя імбрыкі, парцалянавыя філіжанкі, макеты гарадоў і скрыпкі, займаюць тут большую плошчу, нібыта няма тут дзвюх голых жанчын, якія мусяць прыцягваць мужчынскую ўвагу. Уся гэтая драбяза, уключна з пледамі ў кратку, паўстала нібы з артыкула луркі пра ванільных прадстаўніц жаночага полу.
Можа, менавіта на жаночую аўдыторыю разлічаная гэтая карціна? Можа быць, але ў такім разе мне цяжка штосьці сказаць пра яе – дый, відаць, ня варта. Але не думаю, што гэта так; хутчэй гэтая абыякавасць да жаночага цела – праява абыякавасці да самой працы, прычым не толькі да гэтай карціны, а да самога працэсу працы над палотнамі.
Можа быць, мастак стаміўся ад жывапісу і больш не хоча ім займацца, можа быць, яму нецікава маляваць такога вось кшталту палотны, выцягваючы мадэлькам ногі, каб яны былі больш падобнымі да анарэксічак, павялічваць ім грудзі і станчаць выразы твару. Можа, стаміўся (гэта робіцца асабліва відавочным, калі параўнаць гэтую карціну з іншымі працамі мастака). Нашто выліваць сваю любоў на палатно, калі нікому гэта ўсё адно нецікава? І праўда – няма рэзону. І так тут зашмат дробных прадметаў. І так дастаткова аголеных целаў. І так задоўга працаваў.
|
|