На гэтым тыдні ў “Карціне дня” – дрымлэнд, карціны, што паказваюць прымроеныя краіны, мясціны (у шырокім сэнсе гэтага слова, нават калі гэта абсалютна фантастычныя прасторы), якія мастакі канструююць як ідэальныя. Паглядзім, пра што мараць беларускія мастакі. Далучайцеся.
Пра аўтара:
Аляксей Хацкевіч нарадзіўся ў Мінску. У 1984 годзе скончыў Рэспубліканскую мастацкую школу-інтэрнат імя Ахрэмчыка, у 1991 годзе – Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Экс-удзельнік гурта “Саша і Сірожа”.
І крэпкая прэмія
Ад дрымлэнду, на першы погляд, у гэтай працы толькі дрым, але калі ўзяць кантэкст крыху шырэйшым, выйсці за межы таго, што намалявана тут у літаральным сэнсе, дык гэта цэлая краіна і нават свет заклапочаных мужчынаў, якія ўвесь час мараць пра сэкс з прывабнымі жанчынамі. Мастак праводзіць мяжу паміж гэтым уяўным светам, які ён нібы капіюе з сучаснага гламурнага порна (хіба што ў рысах твару жанчыны можна прачытаць элементы аўтарскага змянення шаблону), і камічным светам мужчынаў, якія, уласна, і мараць. Так, агульная манера пісаць у мастака такая, што адназначна сцвярджаць, нібы гэты мужчына – клоўн, варты спагады, неяк не выпадае, нельга тут прачытаць здзеку мастака з яго нягегласці, аднак на гендарным ландшафце гэтай карціны добра праступае сатырычнае.
Як той казаў, каб мужчыны думалі пра матэматыку столькі ж, колькі пра сэкс, мы жылі б у іншым, дасканалым свеце вялікіх навуковых адкрыццяў. І мастак здорава спекулюе на гэтай тэме. Уласна, ніякага мастацкага адкрыцця ён не робіць, проста паказвае, што вось шэраг такіх мужчынаў марыць пра тое, каб мець полавыя стасункі з высокастатуснымі асобамі жаночага полу. На гэтым змест паслання заканчваецца, але застаецца яшчэ мастацкае аздабленне каналу ягонай перадачы. Гэтае аздабленне пераходзіць за мастаком з палатна на палатно, застаючыся перманентным і ў нейкай ступені кічавым, ён балансуе на мяжы паміж актуальным мастацтвам і салонам, знаходзячыся то па адзін, то па іншы бок гэтай мяжы. І ў гэтым плане карціна падаецца маркетынгава прадуманай.
Пазіраючы на яе, цяжка зразумець, робіць мастак прызнанне пра свет, у якім існуе ці хацеў бы існаваць, проста прыкрываючыся сатыраю, ці сатырычна здзекуецца з чалавечых мараў, спадзеючыся па-хуценькаму прадаць сваю бескампрамісную пазіцыю. Прычым гэта не тая загадка, якая прымушае нас глядзець на палотны майстроў Адраджэння. Гэта тая загадка, ад разгадкі якой хоць і залежыць шмат, але само яе існаванне змяшчае шалі “кіч – актуальнае” ў бок салоннага.
Аднак гэты наіў, як наіў Сашы і Сірожы, можа быць і мілым, усё залежыць ад таго, што ты хочаш тут убачыць – клоўнаў на акладзе ці вясёлых, хлопцаў, якім толькі дай пасцябацца.
|
|
Выкарыстаны выявы з фэйсбук-акаўнту Аляксея Хацкевіча.