Карціна дня: дрымлэнд ад Маргарыты Сташулёнак

На гэтым тыдні ў “Карціне дня” – дрымлэнд, карціны, што паказваюць прымроеныя краіны, мясціны (у шырокім сэнсе гэтага слова, нават калі гэта абсалютна фантастычныя прасторы), якія мастакі канструююць як ідэальныя. Паглядзім, пра што мараць беларускія мастакі. Далучайцеся.

Маргарыта Сташулёнак

 

 

Пра аўтара: Маргарыта Сташулёнак у 2005 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (кафедра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва). З 2005 года – сябра Саюза мастакоў Беларусі. З 2009 – выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Аўтарка персанальных і калектыўных выставаў на Беларусі і за мяжою.

 

 

 

 

 

Маргарыта Сташулёнак, The Dream, ляўкас, 20х30.
Маргарыта Сташулёнак, The Dream, ляўкас, 20х30.

“О-о-о-о, звездочки мерцают…»

Гэта не проста ўяўленне пра мару, гэта яшчэ і анатамічная мапа мроі. Не толькі побытавае ўяўленне, але і яго тыпалогія. Знізу ўверх, разам з ростам дрэва, уяўны свет праходзіць праз узроўні: ад грамадска-мітуслівага праз інтымна-асабісты да ўзроўню ідэальнага свету. Гэта своеасаблівая інтэрпрэтацыя дрэва жыцця, што знаёмая нам з міфалогіі, а асабліва прасветленым – з уласнага досведу.

Андрэй Адамовіч

Мастак паказвае пекла, свет людзей і свет анёлаў, прымяраючы на сябе ўсе тры ўзроўні. І мы бачым, што пекла, ніжэйшы свет, параўноўваецца тут з горадам. Міжасабовыя стасункі, сутыкненне мужчынскага і жаночага пачаткаў так і застаюцца на сярэднім, чалавечым узроўні. У свеце духоўнага ўсё застаецца прыблізна такім самым неакрэсленым, як у трэцяй частцы “Боскай камедыі”. Не інтэрпрэтаваць жа галіны як прагу прыроднага, натуральнага і адмову ад тэхналогіі.

Акрамя гэтага дрэва прарастае яшчэ і ў часе. Можа быць, гэта толькі здаецца, але дата, пастаўленая ўнізе – 2009, год стварэння палатна, – паказвае на тое, што горад і грамадска-палітычнае ўжо засталося ў мінулым, і далей аўтара ці яго мастацкага героя чакае зусім іншае жыццё ў прыдуманым ім дрымлэндзе.

Магчыма, на карціне толкам не адлюстраванае тое, пра што мастак марыць, а само ўяўленне пра мару – наіўнае, але зрэшты, якім яшчэ, як не наіўным, можа быць ўяўленне пра мару – гэта ж не бізнес-план. Іншае пытанне, што прадмет мары мог бы быць і больш акрэсленым, бо здзейсняецца, як вядома, толькі тое, што можаш намаляваць напэўна.

Апошняя падказка, якую пакідае нам аўтар – ноч. Але гэта не тая ноч, пра якую крычаць беларускія праваабаронцы, гэта зорная ноч, у якой застаюцца каханкі. Таму ўсё гэта толькі тло. Тло для кахання, пра якое і апавядае нам мастак.

 

Голас з Акадэміі:

Сёння найлепшы свет нам паказвае Маргарыта Сташулёнак. Правобразам гэтага свету з’яўляецца дом, які мае трохчасткавую будову і вертыкальную сістэму каардынат. Часавая вось у выглядзе дрэва пранізвае кожны ўзровень быцця ад гістарычных культурных каранёў да неабсяжнага і непасціжнага космасу. Усяму адведзена месца і загаданы час. Зямля ўяўляе мегаполіс, асветлены мурамі храмаў. Праз пачуццё любові чалавек узвышаецца і трапляе ў неба, дзе яго сустракаюць зоры-душы. Мастачка падае выяву ў народнай, можна сказаць, лубочнай ці наіўнай манеры, што робіць твор сапраўды аўтэнтычным. Яна звяртаецца да традыцыйнай культуры, ва ўлонні якой зараджаліся міфы і архетыпы, з дапамогай якіх Маргарыта ілюструе свет сваёй мары. Даходлівасць і ёмістасць вобразаў дапамагае гледачу засяродзіцца не толькі на выяўленчай форме, але і на змесце карціны. А значыць, праца мастачкі была не дарэмнай, і тое, што на пачатку здавалася толькі трызненнем, сталася крыніцай пазнання.

Алеся Раманюк