Карціна дня: дрымлэнд ад Валянціна Губарава

На гэтым тыдні ў “Карціне дня” – дрымлэнд, карціны, што паказваюць прымроеныя краіны, мясціны (у шырокім сэнсе гэтага слова, нават калі гэта абсалютна фантастычныя прасторы), якія мастакі канструююць як ідэальныя. Паглядзім, пра што мараць беларускія мастакі. Далучайцеся.

 

Валянцін Губараў

 

Пра аўтара:

Валянцін Губараў нарадзіўся ў 1948 годзе ў Ніжнім Ноўгарадзе. Скончыў факультэт графікі Маскоўскага паліграфічнага інстытута. Перабраўся ў Беларусь (на радзіму маці) – на хутар ля Аляхновічаў. З 1975 года жыве ў Мінску. Сябра Беларускага саюза мастакоў. Супрацоўнічае з галерэяй “Les Tournesols” (Францыя). У 2005-2008 яго працы выстаўляліся на аўкцыёнах «CHRISTIES» (Лондан), «TASCHEN» і «DROUOT RICHELIEV» (Парыж). Толькі за апошнія 10 гадоў Валянцін Губараў правёў з дзясятак персанальных выставаў.

 

 

 

 

 

Валянцін Губараў, “Восень у Аляхновічах”, 65х81, палатно, алей 2010.
Валянцін Губараў, “Восень у Аляхновічах”, 65х81, палатно, алей 2010.

 

Бульбяная выцяжка

Вось не ведаю, ці п’е сп. Губараў. Вось далібог, не ведаю. І здаецца, што, дажыўшы да такіх паважных гадоў, працягваючы маляваць і, што важна, – прадавацца, піць ужо неяк і дзіўна чалавеку. Не спіўся ў маладосці, дык што ўжо цяпер, у такім паважным веку.

Андрэй Адамовіч

Але штосьці ёсць такое ў гэтым дрымлэндзе мастака, нібы тут намаляваная рэальнасць плюс сто грамаў. Можа дзвесце, каму колькі трэба. Вось жа, кожны бачыў такую “Восень у Аляхновічах”, па-першае, у рэальных Аляхновічах – там напраўду цвярозых мала. Па-другое, пейзаж рэалістычны, хутчэй за ўсё маляваны з натуры, але ён не выклікае таго пранізлівага адчування агіды, адзіноты і дарэмнасці існавання ў беларускай правінцы, якое з’яўляецца ў кожнага непадрыхтаванага жыхара больш-менш вялікага горада, калі ён трапіць у гэты краявід цвярозым.

Усё намаляванае падобнае да адмысловага жанру карыкатуры, дзе паказваюць беларускіх алкашоў. Такія карыкатуры з’яўляюцца ў танных газетах, якія чытаюць у электрычках па дарозе ў Аляхновічы. Але на гэтым палатне няма ніякага здзеку, нічога, акрамя беларускай рэальнасці і ціхага замілавання ёю. Але як яе можна любіць, нам, непрасветленым? Толькі паддаўшы сто, а лепш дзвесце грамаў.

Таму і здаецца спачатку, што мастак выпісвае сваю тугу па шклянцы і тым спакоі, які яна можа выклікаць, у мяне-нягеглага. Але сп Губараву гэта не патрэбна. Ён узрошчваў у сабе гэтую мілосць і гэтае шкадаванне да людзей не адзін дзясятак гадоў. Нават жыў на хутары.

Аднак насуперак усяму я буду думаць, што тут выпісаная туга па шклянцы. Як Фройд сублімаваў сэкс у сваю тэорыю, так я бачу тут сублімацыю алкагалізму. Як той казаў, хто на што вучыўся.

 

Голас з Акадэміі:

Кватэры, машыны, грашовая праца, гарачая вада, буцікі з модным адзеннем… колькі ні маеш, а шчаслівейшым не робішся. І з кожным днём усё складаней паверыць, што ёсць людзі, якія не маюць такіх праблем і не мараць пра новы айпод ці новенькі осцін-марцін. А такія ёсць! Гэта беларускія “абарыгены”, тыя, што жывуць за мяжой горада, у глушы, вядуць натуральную гаспадарку, смаляць сальца, паляць самакрутачкі, гоняць самагоначку. Ад усяго гэтага яны атрымліваюць сапраўднае фізічнае і нават эстэтычнае задавальненне. Вы можаце такое сабе ўявіць? У іх ёсць жаданне і час, каб назіраць за тым, як чухаецца сабака, плывуць аблокі па небе, і перажываць асаблівую радасць за магчымасць араць поле, садзіць і голымі рукамі выбіраць бульбу з зямлі, замест таго каб па мінімальным кошце набыць яе ў краме. На палатне мы бачым менавіта такога чалавека, які дасягнуў сапраўднай нірваны, у той момант як, перапыніўшы працу і абцершы рукі аб штаны, запаліў цыгарэтку, утаропіўся ў неба і ўбачыў там птушак, што адлятаюць у вырай. Па гэтым творы таксама можна меркаваць аб сістэме каштоўнасцяў мастака, у якой на першым месцы — душэўны і чуллівы беларус, наіўны настолькі, што хочацца абняць і плакаць.

Алеся Раманюк