Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Андрэй Задорын і яго “Лес“. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.
Пра аўтара:
Андрэй Задорын нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Бярозаўка ў Расіі, у 1984 скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў. У 1985—1986 выкладаў там. У 1986—1987 выкладаў у Рэспубліканскім каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка. У 1987—1990 вучыўся на Вышэйшых курсах Акадэміі мастацтваў СССР. З 1990 па 2003 — сябра Саюза мастакоў СССР. З 1997 жыве і працуе ў Нідэрландах. Аўтар і ўдзельнік шматлікіх персанальных і калектыўных выставаў у Беларусі і за мяжою.
Утылітарны катарсіс
Французскія антраполагі праводзілі цікавы эксперымент. Яны прывезлі ў Парыж прадстаўнікоў карэннага народа Паўднёвай Амерыкі, якія да гэтага былі ізаляваныя ад цывілізацыі. Іх папрасілі апісаць Францыю. Выявілася, што больш за ўсё “абарыгены” былі здзіўленыя не дасягненнямі навукі і тэхнікі, але тым, што гаспадары прыбіраюць за сваімі сабачкамі ў парках пры дапамозе саўкоў і пакуначкаў. І гэтае прызнанне паўднёваамерыканцаў было вельмі каштоўным, бо на яго падставе французы змаглі шмат зразумець пра структуру думкі прадстаўнікоў гэтага маленькага народа.
З гэтым палатном прыблізна тая самая гісторыя. Майстэрства выканаўцы настолькі тэхнічна высокае, што карціна набліжаецца па сваёй сутнасці да фотаздымка. Як пісаў Абрам Тэрц пра Пушкіна, “і насамрэч, чым ён вядомы за выняткам… спрытна скроеных п’есаў, пра якія нічога не скажаш, акрамя таго, што яны спрытна пашытыя…” Праз такую гіперрэалістычную манеру складана казаць штосьці, бо за ёю можа быць што заўгодна – у залежнасці ад аўтарскай інтэнцыі яе прымянення трактаваць сэнс яе ўжывання можна ў дыяметральна розных напрамках.
Але аўтар не спыняецца на гіперрэалізме. Ён яшчэ і кладзе пад нашую лупу вандроўны сюжэт – гэта напраўду спалучэнне, за якое менш узважаныя гледачы могуць адправіць мастака ў вечны бан ці на скрайні выпадак прапісаць яму вечны цік з цвікамі.
Дзяўчынка, што нагадвае Чырвоны Каптурок, бяжыць па краі лесу: такая гісторыя — ідэальная карцінка ў руках псіхатэрапеўта, які хоча разгаварыць кліента. Эрык Бэрн быў бы задаволены. Дарэчы, ён апісваў гэтую казку, прыводзячы ілюстрацыі да жыццёвых сцэнароў сваіх кліентаў. Ён быў хутчэй за ўсё не першы і дакладна не апошні, хто разглядаў гэтую гісторыю з нечаканага (новага) боку.
За гэта і могуць адправіць у бан – бо мала хто захоча выкладваць душу проста ў карціннай галерэі (каго там з антычных драматургаў асвісталі за эксплуатацыю патрыятычных пачуццяў суграмадзян?). Аднак, магчыма, гэта адзіны шлях для сучаснага мастацтва – устаць на пазіцыі утылітарызму. Нагуляўшыся ў прыдумкі французскіх структуралістаў, мы маем шанец вярнуцца да класічных запаветаў Арыстоцеля і не забываць, што як бы там ні было, але ачышчэнне душы праз слёзы нам неабходнае. І пры дапамозе гэтай карціны дасягаецца на лічбу 7.
|
|