На гэтым тыдні ў “Карціне дня” – стрыт-арт. Мы не будзем уздымаць пытанне пра тое, ці вандалізм малюнкі на сценах і ці заслугоўваюць іх аўтары спагнанняў і турмы. Мы паспрабуем разгледзець канкрэтныя працы і тыя сэнсы, якія закладаліся ў іх аўтарамі. Вы зможаце даведацца пра некалькі імёнаў у гэтым жанры і паглядзець на цалкам ананімныя творы.
Андрэй Бусел нарадзіўся ў 1982 годзе. Скончыў Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж, пасля – БНТУ па спецыяльнасці “Архітэктура”. Пасля паездак у Польшчу і Чэхію ў 2000-м годзе зацікавіўся стрыт-артам. Пачаў з малявання трафарэтаў і невялікіх аб’ектаў. У 2008 зрабіў серыю працаў, па матывах якіх адбылася персанальныя выстава мастака Aeternus et momentum у галерэі “Ў”. Выступаў куратарам невялікіх выставаў, браў удзел у калектыўных выставах у Беларусі і Расіі.
Вежа слановай косткі на вуліцы Леніна
Гэтая праца, ужо хаця б па тым, дзе знаходзілася, належыць да жанру стрыт-арту. Аднак у яе ёсць шэраг асаблівасцяў, якія вылучаюць яе сярод такіх працаў. Справа нават не ў тым, што аўтар загадзя рыхтаваў паперу для наклейвання на сцяну – гэта акурат не рэдкасць для вулічных мастакоў, улічваючы, што працэс выраблення арту, калі не пройдзе хутка, можа зацягнуцца сутак на пятнаццаць.
Асаблівасць яе ў іншым. Мы ведаем не толькі аўтара, якога кожны можа знайсці на facebook, але і яго мастацкую канцэпцыю, а мінскія снобы маглі глядзець на працы сп. Бусла ў галерэі “Ў”. І вось гэтая дэкларацыя мастацкай канцэпцыі і адрознівае працу ад кананічнага стрыт-арту. Тут мы маем справу з працай, народжанай не на вуліцы, а ў галаве архітэктара.
Так, ён думаў пра будынкі, так, упісваючы вобраз святых і падсвечаных, аўтар змяняў аблічча горада. Аднак пры гэтым любы разварочаны ці проста даўно не рамантаваны, абадраны аб час дом мог атрымаць такую мастацкую метку. Па вялікім рахунку, выбар быў выпадковым, амаль нематываваным. Прынамсі, без дадатковых тлумачэнняў слядоў прадуманага ўпісвання німбу не назіраецца.
Так, гэты падыход да стрыт-арту мае права на існаванне. Ён упрыгожвае горад, надае яму глыбіні і рэзкасці. Але гэтая праца ад пачатку нарадзілася як арт-праект і ў такім выглядзе і існуе. Хуткасць, з якою мастак трапіў у галерэі, толькі пацвярджае гэта.
Наогул аналізаваць стрыт-арт можна ў двух кірунках: наколькі магутна ён змяняе твар горада, чапляючыся за канкрэтныя дэталі гэтага горада, і наколькі магутная аўтарская тэхніка, яго майстэрства, яго канцэпцыя. І вось пры безумоўнай запатрабаванасці вуліцай стрыт-арту гэтыя выявы выпадковыя для вуліцы, канцэпцыя ж – кабінетная. Таму гэтая праца – для галерэі. Туды яе і аднясем.
|
|