На гэтым тыдні пасля невялікага перапынку ў “Карціне дня” – стрыт-арт. Мы, як і раней, не будзем уздымаць пытанне пра тое, ці вандалізм малюнкі на сценах і ці заслугоўваюць іх аўтары спагнанняў і турмы. Мы паспрабуем разгледзець канкрэтныя працы і тыя сэнсы, якія закладаліся ў іх аўтарамі. Вы зможаце даведацца пра некалькі імёнаў у гэтым жанры і паглядзець на цалкам ананімныя творы.
Праект КД – ананімны аўтар (аўтары) з Мінска, працы можна знайсці на рэсурсах outlinespace.livejournal.com , https://www.flickr.com/photos/kd_space, https://www.youtube.com/user/KDspaceKD.
Божыя птахі
Я б не стаў жорстка прывязваць гэтага вераб’я да сметніцы, на якую ён нанесены: усё ж верабей – птушка, а значыць, можа сядаць туды, куды яму захочацца, а ў пэўных абставінах дык наогул ляцець высока над горадам. Але верабей мне, не арнітолагу, падаецца гарадскою істотаю, якую не сустрэнеш у полі, і таму верабей гэты на сваім месцы.
Выява гэтая наўрад ці праіснуе доўга – пры першым жа з’яўленні фарбы і вольных рук у ЖЭСе яе знішчаць, а можа, ужо знішчылі. Гэта выгадна адрознівае вераб’я ад таго трэшу, якім упрыгожвае нашую сталіцу Мінгарвыканкам. Аднак, як і ў выпадку з працамі скульптараў-дэкаратывістаў на кантракце, вялікай філасофіі і патаемных сэнсаў тут не праглядваецца.
Як на мяне, гэта проста “ўпрыгожванне” горада, як яго бачыць аўтар. Можа, куратар выставы мог бы расказаць пра трагічную асобу мастака, якая і выявілася ў гэтай безабароннай птушцы, што есць са сметніцы, і ў сэнсе матэрыяльнага дабрабыту, і ў сэнсе доступу да размеркавання духоўных дабротаў.
З аднаго боку, актуальнае мастацтва не мусіць быць прыгожым, але з іншага, у яго мусіць быць закладзены нейкі сэнс. Калі ж у працы бракуе і першага, і другога, застаецца нейкая пустата, якую хочацца запоўніць. Так, такая выява лепшая за стандартны колер сметніцы, да якога я нават не ведаю слова, аднак, здаецца, ніхто не засумуе, даведаўшыся, што бак той звезлі ў невядомым кірунку людзі ў аранжавым.
Гэта і да лепшага: пакрыўдзіць мастака можа кожны, але пакрыўджаны мастак малюе звычайна нашмат лепей ад мастака галоднага, хворага і кульгавага. Чаму ж менавіта гэтую працу з праекту КД мы разглядаем сёння? Ды таму, што гэта класічны стрыт-арт: непрыгожы і бессэнсоўны. Такі, як мае быць.
|
|
Выкарыстаныя выявы з сайта https://urbanpunk.org.