Карціна дня: стрыт-арт ад Дзмiтрыя DREAM’а

На гэтым тыдні ў “Карціне дня” – стрыт-арт. Мы не будзем уздымаць пытанне пра тое, ці вандалізм малюнкі на сценах і ці заслугоўваюць іх аўтары спагнанняў і турмы. Мы паспрабуем разгледзець канкрэтныя працы і тыя сэнсы, якія закладаліся ў іх аўтарамі. Вы зможаце даведацца пра некалькі імёнаў у гэтым жанры і паглядзець на цалкам ананімныя творы.

 

Дзмiтрый DREAM
Дзмiтрый DREAM

 

Дзмiтрый DREAM – аўтар шэрагу графіці (у тэхніцы стэнсіл) у Мінску. Вядомасць атрымаў дзякуючы серыі партрэтаў беларускіх гістарычных персанажаў і вершаў класікаў беларускай літаратуры, якія ён наносіў на розныя будынкі ў Мінску. Сайт аўтара – dream-minsk.blogspot.com.




 

 

 

Дзмітрый DREAM, “Дзеці Чарнобыля”, Мінск, 2010, стэнсіл.
Дзмітрый DREAM, “Дзеці Чарнобыля”, Мінск, 2010, стэнсіл.

 

І крыху дэгенератыўнага маразму

Відавочна, што праца DREAM’а мае сацыяльны пафас. Абмяркоўваць плакаты як бы і не мае асаблівага сэнсу, але ёсць тут некалькі цікавых момантаў, якія надаюць глыбіні і аб’ёму пратэставаму паведамленню, закладзенаму ў малюнак.

Андрэй Адамовіч

Перш-наперш гэта вобраз краіны-маці, якая ўвасобілася тут не проста ў маладую жанчыну, а ў маленькую дзяўчынку, якая сама толькі-толькі вылезла з вазочка, што штурхае перад сабою. Вобраз інфантыльнага суб’екта, які нібыта нясе за нас адказнасць, бо падарыў нам жыццё, але пры гэтым не проста не хоча, але фізіялагічна не можа клапаціцца пра нас. Таксама як і не можа ладзіць “прафесійны” таталітарызм. Такім чынам, класічны вобраз крывавай тыраніі – агромністай машыны, якая перамолвае дзяцей-грамадзянаў вялікімі млынарскімі камянямі, разбураецца, паказваецца іншы ягоны бок – дзіцячая наіўнасць і поўная адсутнасць досведу.

Па-другое, сама дзяўчынка з’яўляецца ахвяраю радыяцыі і, шырэй, самой сябе – сваёй рэпрэсіўнай сутнасці. Чуюцца тут і ноткі самашкадавання, маўляў, вось якая я, якія ўсе мы разам, хворыя, абражаныя, недакаханыя, са скрадзеным дзяцінствам, таму ўжо прабачце мне, нам, але зараз мы зладзім вам крывавую лазню – але што тут зробіш, мы самі пакутавалі не менш, чым вы.

Сутнасць гэтага палатна можа быць добра праілюстраваная цытатай з Пялевіна: “І калі іх рэжым не ёсць злом у чыстым выглядзе, дык толькі з той прычыны, што моцна распушчаны дэгенератыўным маразмам”. Або з нашага літаратурнага крытыка Паўла Абрамовіча: “Мы даплачваем за тое, што кожны дзень бачым у нашай краіне… зло і… дабро, іх барацьбу. Мы нібыта гледачы ў кінатэатры 6D, тут папкорн даражэйшы”. Дарэчы, расплачваемся мы ў тым ліку і тым, што не можам бачыць такія графіці на вуліцах, бо іх хутка замалёўваюць – за наш, заўважце, кошт.

 

Голас з Акадэміі:

Большасць мастакоў вуліц стварае мастацтва дзеля мастацтва, або наваяўленыя творы маюць выпадковы характар. Малюнкі і надпісы сустракаюцца то тут, то там, і самы цесны кантакт графіці-райтараў адбываецца з прадстаўнікамі ЖЭСа, а не мінакамі. Аўтара пад псеўданімам DREAM не задавольвае ўласная самадастатковасць вулічнага мастацтва, экспрэсіўны выплеск фарбаў на сцяну ён ператварае ў грамадзянскі заклік. Малады творца ставіць перад сабой амбіцыйную задачу – абудзіць у нас нацыянальную свядомасць. Найбольш вядомыя працы мастака – адукацыйная серыя трафарэтных выяваў выбітных беларускіх дзеячаў, “Актуальныя рыфмы” з вершаванымі радкамі класікаў літаратуры, нізка постараў “Агра-поп”, у якой высмейваюцца айчынныя зоркі эстрады. За кожным праектам DREAM’а прачытваецца зварот да гараджан што да шанавання гісторыі, культуры, экалогіі. DREAM працуе ў кірунку стэнсіл – фактычна гэта графіці, выкананае з дапамогай трафарэту. “Дзеці Чарнобыля” – адзін з ранніх твораў, з якога ўсё пачыналася. Тэхніка і манера яго выкання была развітая ў пазнейшых творах.

Алеся Раманюк

Выкарыстаныя выявы з сайта https://urbanpunk.org.