Карціна дня: стрыт-арт “Сцяна” Яўгена Сасюры і Вадзіма Цішчанкі

На гэтым тыдні пасля невялікага перапынку ў “Карціне дня” – стрыт-арт. Мы, як і раней, не будзем уздымаць пытанне пра тое, ці вандалізм малюнкі на сценах і ці заслугоўваюць іх аўтары спагнанняў і турмы. Мы паспрабуем разгледзець канкрэтныя працы і тыя сэнсы, якія закладаліся ў іх аўтарамі. Вы зможаце даведацца пра некалькі імёнаў у гэтым жанры і паглядзець на цалкам ананімныя творы.

 

Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка
Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка

Яўген Сасюра нарадзіўся ў 1989 годзе ў Пінску. Малюе алеем і алоўкам. Акадэмічнай адукацыі, акрамя як у дзіцячай мастацкай школе, не атрымліваў, працуе ў рэкламнай агенцыі. Сённяшняя праца выкананая ў суаўтарстве з Вадзімам Цішчанкам за 15 дзён.

 

 

 

 

 

 

 

 

Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка, “Сцяна”, г. Пінск, вуліца Цэнтральная, 11, вышыня 5 метраў.
Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка, “Сцяна”, г. Пінск, вуліца Цэнтральная, 11, вышыня 5 метраў.

 

Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка, “Сцяна”, фрагмент.
Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка, “Сцяна”, фрагмент.

 

Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка, “Сцяна”, фрагмент.
Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка, “Сцяна”, фрагмент.

 

Ружовы акрыл

Андрэй Адамовіч

 Я бачыў фотаздымак гэтай працы з нанесеным паверх малюнка лаянкавым словам. І гэтае слова ператварыла ружовую карцінку ў сапраўдны стрыт-арт. То бок хутчэй за ўсё той, хто наносіў тры літары, быў звычайным хуліганам, але тут вельмі і вельмі тонкая мяжа – з якой канцэпцыі мы мусім зыходзіць, не ведаючы пра намеры невядомага: быў ён хуліганам, зайздроснікам, мастаком?

Меў ён чыста мастацкія намеры, ці чыста побытавыя, ці нейкі кактэйль з іх? Што ні кажы, а праца створаная з дазволу гарадскіх уладаў: як бы не truе, ды і сама тэхніка і сюжэт такія ванільныя, што хочацца ўзяць сала і зажаваць. Уявім, што падлетак, можа быць, не такі тэхнічны, кожны дзень ходзіць паўз гэты малюнак ва ўсялякае надвор’е: сонечнае, шэрае, дождж, снег, град, навальніцу. А перад працаю і за ёю – суцэльны трэш невялікага правінцыйнага гарадка. Я ведаю, я жыў у такім. І вось гэтая праца становіцца ў яго ў горле – ён бачыць у ёй сімвал усяго глянцу, які хоча прымусіць яго паверыць, што ён няўдаха, які назаўсёды застанецца ў шэрым бабруйскім ранку, і ўсё, што з ім адбудзецца па жыцці, – проста лёгкі цень ад рукі мадэлі з вокладкі.

Так, той, хто жыве на пазітыве, мусіць сказаць тут: “Не, не – стойце! Дык хай гэты ваш падлетак таксама зробіць нешта добрае, хай палепшыць свет вакол сябе!” Так, тыя, што жывуць на пазітыве, наогул такія крыху дзеўбанутыя, нібыта не ведаюць, што каб кагосьці пакахаць, трэба яшчэ навучыцца ненавідзець. Або, зайшоўшы з іншага боку, нібы не ведаюць, што такое мама-алкагалічка, а бацька “відал разок у двярны глазок”.

Таму не спяшайцеся клясці таго невядомага хулігана. Спачатку яго трэба зразумець і паглядзець у твары тых, хто бачыць гэты надпіс, у той самы момант, калі яны бачаць яго, а не асэнсоўваюць факт хуліганства і маралі. Дый не ў інтэрнэце, а крочачы шэрым ранкам куды-небудзь вучыцца ў пуцейку імя трох адрэзаных пальцаў. Што гапары думаюць пра гэты стрыт-арт?

 

Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка, “Сцяна”, фрагмент.
Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка, “Сцяна”, фрагмент.
Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка, “Сцяна”, фрагмент.
Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка, “Сцяна”, фрагмент.
Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка, “Сцяна”, фрагмент.
Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка, “Сцяна”, фрагмент.

Голас з Акадэміі:

Ад мастацтва, якое чыніцца на вуліцы, і яго аўтараў чакаеш перажывання драйву, бунтарства, рэфлексіі на актуальныя падзеі, неразважлівасці, усяго таго, што дапамагае адчуць свабоду волевыяўлення, неабмежаванасць мастацкіх сродкаў, недаўгавечнасць матэрыяльнага свету, хуткаплыннасць часу. Такога моцнага пасылу не могуць несці музейныя экспанаты, змешчаныя пад шкло і пастаўленыя на сігналізацыю. Ёсць яшчэ манументальна-дэкаратыўнае мастацтва — фрэскі, вітражы, мазаікі, скульптурныя рэльефы, якімі прынята афармляць будынкі. Іх аўтары і выканаўцы – самастойныя творцы, аднак дзейнічаюць строга ў адпаведнасці з рэалізаваным праектным планам, згодна з пажаданнямі архітэктара — аўтара аб’екта, іх роля зводзіцца да ўзмацнення эстэтычнай вартасці будыніны. Графіці Яўгена Сасюры і Вадзіма Цішчанкі, на маю думку, засталося ў межах афармленчага мастацтва. Тое, што роспіс знаходзіцца на вонкавым баку сцяны, якая ідзе ўздоўж вуліцы, яшчэ не робіць яго стрыт-артам. Анімацыйная стылістыка, разгорнуты ад краю да краю сцяны сюжэт таксама не адпавядаюць вулічнаму кантэксту. Адлюстраванне блізкае да жанру дзіцячых страшылак і нагадвае аповед Эдуарда Успенскага «Красная Рука, Чёрная Простыня, Зелёные Пальцы» ў аўтарскім пераказе: лялечны чалавечак прыляцеў на касмічным дырыжаблі дзеля збору каштоўных дадзеных пра расліннасць планеты. Цягам сваёй фантастычнай вандроўкі ён сустракае перашкоды ў выглядзе рукі-пілавальніцы, офіснай муміі, прывіду ўзброенага паветранымі змеямі і г.д. Вартай увагі акалічнасцю і нэдарэчнасцю з’яўляецца тое, што выява размясцілася не на дзіцячай пляцоўцы, у паркавай зоне або лётнай школе, а на цытадэлі полацкай асветы і культуры.

Алеся Раманюк

 

 

Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка, “Сцяна”, фрагмент.
Яўген Сасюра, Вадзім Цішчанка, “Сцяна”, фрагмент.

 

Выкарыстаныя выявы з сайтаў   https://urbanpunk.org, https://photoroom.by.