Ініцыятыва MALDZIS выкупіла карту Вялікага Княства Літоўскага, створаную вучоным езуітам беларускага паходжання Янам Няпрэцкім і ўпершыню надрукаваную ў Нюрнбергу ў 1749-ым годзе. Гэта была першая адноўленая за амаль 150 гадоў і надзвычай дасканалая мапа ВКЛ з часоў Радзівілаўскай карты, паведамляецца на сайце ініцыятывы MALDZIS.
Карта ВКЛ Яна Няпрэцкага. Фота: Аліна Мазавец
Набытае MALDZIS выданне выйшла ў свет у першай палове 1790-ых — напрыканцы існавання Вялікага Княства Літоўскага.
Карта была набытая на сродкі беларускага ахвярадаўцы Алекса Шуба.
Фота: Аліна Мазавец
«Быць прадпрымальнікам — гэта не толькі пра бізнес, але і пра адказнасць за грамадства, у якім мы жывём. Аказалася, што вяртаць культурныя артэфакты прасцей, чым я думаў: для гэтага не трэба быць мільянерам, а эмоцыі ад укладу мацнейшыя, чым ад чарговай здзелкі. Мне падаецца, што захаванне спадчыны — гэта не пра калекцыянаванне, а аб праве самастойна расказваць сваю гісторыю», — кажа Алекс Шуб.
Аўтарам карты з’яўляецца малады навуковец-езуіт Ян Няпрэцкі, які нарадзіўся на Случчыне ў студзені 1718-га года і пражыў усяго 32 гады. Найбольш імаверна, што ён скончыў працу над мапай у 1747–1748 гадах падчас знаходжання ў Гарадзенскім езуіцкім калегіуме.
Плануецца, што ў будучыні карта будзе перададзеная ў Слуцк (Слуцкі краязнаўчы музей) у якасці грамадскага падарунка. Да вяртання на радзіму мапа будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за межамі Беларусі.
Фота: Аліна Мазавец
«Карту Яна Няпрэцкага варта разглядаць як этапную з’яву ў айчыннай картаграфіі і адначасова як важную крыніцу гістарычнай інфармацыі пра ВКЛ і адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на беларускіх землях у XVIII-ым стагоддзі. Гэта таксама яскравы прыклад іміджавай працы, бо карта прасоўвала вобраз урбанізаванай краіны», — адзначыў Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы MALDZIS.
Карта Няпрэцкага была ўпершыню выдадзеная ў 1749-ым годзе пад рэдакцыяй знакамітага нямецкага картографа, матэматыка і астранома Тобіяса Маера ў выдавецтве «Спадкаемцы Гомана» ў Нюрнбергу. На той час гэтае выдавецтва лічылася лідарам у галіне выдання мапаў.
Фота: Аліна Мазавец
«І сама карта, і месца яе выдання сведчаць, што ўзровень адукацыі ў ВКЛ дазваляў ствараць прадукты, якія адпавядалі сусветным стандартам. Яе стварэнне патрабавала глыбокіх ведаў у галіне картаграфіі, матэматыкі, астраноміі і геадэзіі ды паспрыяла далейшаму развіццю гэтых навук і агулам інтэлектуальнага патэнцыялу краіны», — распавёў Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы MALDZIS.
Фота: Аліна Мазавец
Вядома пра 6 версій-станаў карты Няпрэцкага, выдадзеных у Нюрнбергу ад 1749-га да 1812-га года, калі ВКЛ ужо спыніла нават сваё існаванне, знікшы ў Расейскай імперыі. Набыты ініцыятывай Maldzis асобнік адносіцца да чацвёртага стану першага выдання і быў надрукаваны пасля 1767-га года.
Фота: Аліна Мазавец
Сярэдні маштаб карты Яна Няпрэцкага — 1:1 424 600.
Пры падрыхтоўцы сваёй мапы Няпрэцкі абапіраўся на Радзівілаўскую карту ў выданні Яна Янсона ван Васбергена, якая выйшла ў лонданскім выдавецтве ў другой палове XVII-га стагоддзя (1680-1683) і з’яўляецца зменшанай і перапрацаванай копіяй Радзівілаўскай карты Вілема Яна Блаў 1613-га года.
Фота: Аліна Мазавец
Навуковец-езуіт беларускага паходжання фактычна нанова склаў і пераправерыў размяшчэнне гарадоў і рэк. У выніку ягоная карта значна ўдакладняе канфігурацыю ваяводстваў і паветаў ды істотна дапоўненая новымі населенымі пунктамі — у межах ВКЛ іх там 680 (+120 у параўнанні з Радзівілаўскай мапай).
Ініцыятыва атрымала назву ў гонар Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя беларускія каштоўнасці і імёны. MALDZIS працягвае гэтую справу і бачыць сваю місію ў аб’яднанні беларусаў вакол нацыянальнай ідэнтычнасці і ўмацаванні вобраза еўрапейскай нацыі.
Такія набыткі, як карта Няпрэцкага, Радзівілаўская карта, Трэці Статут ВКЛ ці іншыя, — магчымыя дзякуючы грамадскім ахвяраванням.
Цяпер MALDZIS мае найбольшую патрэбу ў падтрымцы даследчай працы ў пошуку каштоўнасцяў, іх набыцці, ушанаванні памяці слынных беларусаў і беларусак ды вяртанні забытых імёнаў. Асабліва карыснымі для ініцыятывы з’яўляюцца штомесячныя ахвяраванні.