На аўкцыёне Christie’s з 1-га снежня пачынаюцца таргі другой часткі калекцыі мастака Марка Шагала, якая раней знаходзілася ва ўласнасці яго спадчыннікаў. Арганізатары плануюць прадаць 20 карцін.
«Палёт мастака». Фота: Christie’s
Пасля надзвычай паспяховага запуску серыі распродажаў, прысвечаных Марку Шагалу ў Лондане, Christie’s Hong Kong ладзіць новы распродаж. Упершыню, спецыяльны распродаж, прысвечаны чароўнаму свету Марка Шагала, аб’яднае рэдкія творы, якія ніколі раней не выстаўляліся на продаж.
Гэтая калекцыя з 20 карцін і работ на паперы ахоплівае ключавыя накірункі творчасці Шагала, у тым ліку: эмацыйную і духоўную сувязь з радзімай; радасць і прыгажосць прыроды; мастацтва як сродак вывучэння асабістай і калектыўнай ідэнтычнасці; глыбокую сілу любові.
Чытайце яшчэ: У ЗША на аўкцыёне прадалі скрадзеную нацыстамі карціну Шагала
Таргі пройдуць у Ганконгу. Самы дарагі твор — «Палёт мастака» 1979 года — папярэдне ацэньваюць у 1,5–2,2 млн даляраў.
Першая частка калекцыі, таксама з 20 карцін, сышла ўлетку з аўкцыёна ў Лондане за 10 млн даляраў. Самай дарагой тады стала карціна «Мастак і закаханая пара ў трох колерах» 1984 года — 1,9 млн даляраў.
Увогуле ж самая дарагая карціна Марка Шагала ў гісторыі прадалася з аўкцыёна Sotheby’s у 2017 годзе — «Закаханыя» за 28,5 млн даляраў.