Да фестывалю «Мост», што адбудзецца ў выходныя 3 і 4 ліпеня на аэрадроме «Баравая», засталося трохі больш за тыдзень. Лайн-ап фэсту трашчыць па швах і сумяшчае несумяшчальнае — ад інды-знакамітасцяў Kasabian і “каралёў сноўборду” з 90-х Guano Apes да забытых беларускіх веселуноў “Лепрыконсаў”.
Фестываль, які анансуецца як самы маштабны опэн-эйр гэтага лета, можа стаць прыстанкам для меламанаў і тых, хто захоча збегчы ад афіцыйнага свята з нязменнымі складнікамі “парад, салют, канцэрт”. Арганізатарам “Моста”, які праходзіць другі год запар, з’яўляецца канцэртнае агенцтва “Атам Інтэртэймент”. Ягоны стваральнік Андрэй Аляксееў (“Корпорация развлечений») у ранейшых інтэрв’ю тлумачыў, што «Мост» – гэта не толькі канструкцыя, якая злучае берагі розных культураў, але і абрэвіятура – «Музыка, Отдых, Спорт, Туризм».
Самае цікавае адбудзецца ў першы дзень фэсту, калі выступяць хэдлайнеры – Guano Apes, якія запомніліся з 90-х мужнай вакалісткай Сандрай Насіч і каверам песні «Big In Japan» гурта Alphaville. Гэтай вясной Guano Apes прадставіў новы альбом пад назвай “Offline”.
Новая, пятая, студыйная пласцінка «48:13» выйшла 9 чэрвеня і ў брытанцаў Kasabian (названая так паводле працягласці запісу – 48 хвілін 13 секунд). За паўмесяца яна ўзначаліла чарт самых прадаваных альбомаў Англіі апошняга часу.
Увогуле на “Мосце” сыдуцца прыхільнікі кардынальна рознай музыкі: салодкі танцавальны англічанін Джон Ньюман, вядомы хітом “Love me again”, суседнічае ў пераліку хэдлайнераў з амерыканскім хрысціянскім пост-гранжам Skillet. Расійскі металёвы гурт Stigmata “падзеліць” сцэну з пачуццёвым індзі-поп калектывам On-The-Go родам з Тальяці. Скандалісты з “Ленінграда” заспяваюць у адзін дзень з несур’ёзным украінцам Валянцінам Стрыкалам ды італьянскімі хардрокерамі Anthropos. Усё гэта дапаўняецца разнамаснымі беларускімі гуртамі. А ў ноч з 3 на 4 ліпеня пройдзе электронны опэн-эйр Godskitchen Night Party.
Канчатковы лайн-ап фестывалю выглядае так (час выступаў будзе вядомы бліжэй да падзеі):
3 ліпеня:
15.00 – 23.00 – Kasabian, Guano Apes, John Newman, Stigmata, On-The-Go, Дай дарогу!, Akute
Godskitchen Night Party:
23.00 – 06.00 – Dannic, Andrew Rayel, Paul Thomas, Gleb Glebov
4 ліпеня:
15.00 – 23.00 – Ленінград, Skillet, Louna, Валенцін Стрыкала, Лепрыконсы, S°unduk, Aspirin Rose, Anthropos
На прэс-канферэнцыі арганізатары «Моста» расказвалі, што лісты з запрашэннем у Мінск рассылаліся 60 выканаўцам. Па якім прынцыпе падбіраліся выступоўцы і ці ахвотна гурты пагаджаліся прыехаць у Беларусь? «Нюансаў шмат, – кажа Андрэй Аляксееў, арганізатар фестывалю. – У Беларусі ніводная кампанія не можа дазволіць сабе плаціць тыя ж грошы, што плацяць у Расіі ці ў еўрапейскіх краінах. Ёсць і пытанні лагістыкі. У гэтым годзе мы выдаткавалі амаль тры месяцы на фармаванне лайн-апу фестывалю. Мы глядзім на рэакцыю публікі, продаж квіткоў і пастаянна нешта мяняем, каб людзям было цікавей. Мы не цэнтр грашовых патокаў, але часам бываюць спрыяльныя збегі абставінаў. Да прыкладу, у гэтым годзе нашы расійскія сябры робяць фестываль «Суботнік», на які запрасілі Kasabian, дзякуючы гэтаму гурт выступіць і ў Беларусі, але за зусім іншыя грошы. Гэта цікавы калектыў, які, на маю лумку, з’яўляецца адным з найлепшых індзі-гуртоў Вялікабрытаніі. Яшчэ прыклад: музыкі Guano Apes у мінулым годзе катэгарычна не хацелі ехаць у Беларусь і патрабавалі даволі высокія ганарары, а сёлета мы змаглі з імі дамовіцца на больш нізкую цану».
Напярэдадні фестывалю квіткі імкліва раскупляюцца (з першага ліпеня цэны на іх яшчэ павысяцца), а ў суполцы «Моста» Укантакце карыстальнікі шукаюць сабе суседзяў па намёце – на тэрыторыі опэн-эйру будзе адкрыты кемпінг, дзе можна заначаваць у паходных умовах. Апроч таго, арганізатары абяцаюць майстар-класы, атракцыёны, конкурсы, ежу і напоі – розныя забавы для дарослых і дзяцей на кожную літару фестывальнай назвы.
Аляксандра Дорская