Ад Кантакузаўкі да «Вэндсдэй»: як гомельская вёска аказалася звязаная з румынскім замкам

Назва Кантакузаўка ў Гомельскім раёне гучыць так, быццам яе выпадкова занесла сюды з Балканаў. І ў пэўным сэнсе так яно і ёсць. За назвай невялікай вёскі хаваецца след вялікага арыстакратычнага роду Кантакузіна — таго самага, чый замак у Румыніі пасля стаў прататыпам акадэміі Невермор у серыяле «Вэндсдэй», піша «Штодзень».

«Vendsdej»

Праўда, сувязь тут не містычная і не прамая: Кантакузаўка не мае прамога дачынення да здымак Netflix. Але праз род Паскевічаў яна выходзіць на тую ж дынастычную сетку, што злучала Гомель, Санкт-Пецярбург, Балканы і Карпаты.

Не зусім Трансільванія, але ўжо Невермор

Aryhinaĺny zamak, jaki staŭ pratatypam akademii Nevermore, i jaje ekrannaja viersija
Арыгінальны замак, які стаў прататыпам акадэміі Nevermore, і яе экранная версія, дапоўненая з дапамогай камп’ютарнай графікі

Замак Кантакузіна стаіць у Бушцені — румынскім горным мястэчку ў Карпатах, на паўднёвым баку гор, побач з гістарычнай Трансільваніяй. Гэта не сярэднявечная цытадэль Дракулы, а раскошны палац пачатку ХХ стагоддзя: яго будавалі ў 1901–1911 гадах для князя Георге Грыгорэ Кантакузіна, аднаго з найбольш уплывовых румынскіх палітыкаў свайго часу.

У першым сезоне «Вэндсдэй» менавіта палац у Бушцені стаў асновай для знешняга выгляду Неверморскай акадэміі. Стваральнікі серыяла дадалі да будынка камп’ютарную готыку — у рэальнасці ён выглядае больш як неарумынская арыстакратычная рэзідэнцыя з разнымі балконамі, галерэямі і карпацкім пейзажам за вокнамі. Частку інтэр’ераў здымалі ў іншым будынку — доме Мантэору ў Бухарэсце. Так што Невермор — гэта не адзін сапраўдны замак, а кіношны калаж. Але яго «фасадам» стаў менавіта палац роду Кантакузіна.

Zamak Kantakuzina
Замак Кантакузіна

Як Кантакузіны трапілі пад Гомель

Кантакузаўка вядомая з ХІХ стагоддзя. Спачатку яна ўваходзіла ў маёнткі Румянцавых, а з 1834 года апынулася ва ўладаннях Івана Паскевіча. Краязнаўчыя даведнікі выводзяць назву вёскі ад прозвішча Кантакузенаў-Сперанскіх — роду, з якім Паскевічы парадніліся шлюбамі. У сямейнай хроніцы Кантакузенаў-Сперанскіх згадваецца канкрэтны шлюбны мост: Пётр Балашоў-малодшы, унук дачкі Івана Паскевіча Аляксандры, ажаніўся з княжной Марыяй Кантакузінай — адзінай дачкой расійскага амбасадара Рыгора Кантакузіна. Такім чынам, Кантакузіны ўвайшлі ў шырокае сямейнае кола гаспадароў Гомельскага маёнтка. У самім Гомельскім палацава-паркавым ансамблі захоўваюць памяць пра гэты род: музей атрымаў кнігу Міхаіла Кантакузіна-Сперанскага, нашчадка сям’і, а ў ягонай калекцыі ёсць матэрыялы, звязаныя з Паскевічамі.

Kantakuzaŭka na Homieĺščynie
Кантакузаўка на Гомельшчыне

Адзін род — розныя краіны

Кантакузіны — старажытны візантыйскі арыстакратычны род, які традыцыйна выводзіў сябе ад імператарскай дынастыі Кантакузінаў. Пасля падзення Візантыі яго галіны разышліся па Балканах, Малдавіі, Валахіі, Расійскай імперыі і далей па Еўропе.

Румынскае напісанне прозвішча — Cantacuzino. У расійскай традыцыі яно стала Кантакузін, а адна з галінаў атрымала дадатак Сперанскія — праз спадчынныя і шлюбныя сувязі з родам Сперанскіх. Таму Кантакузаўка і палац у Бушцені не з’яўляюцца «суседзямі» па простай сямейнай лініі, але належаць да адной вялікай гісторыі роду, раскіданага паміж Усходняй Еўропай і Балканамі.

Zamak Kantakuzina
Замак Кантакузіна

Парк «Вэндсдэй» у Кантакузаўцы

У Кантакузаўцы няма ўласнага замка і, на жаль, няма Невермора. Але ёсць нешта не менш цікавае: назва вёскі захавала памяць пра сувязі Гомельшчыны з еўрапейскай арыстакратычнай культурай — праз Кантакузінаў, Варшаву і Балканы. Замак у Бушцені паказвае, што род, чый след застаўся ў назве вёскі пад Гомелем, пакінуў пасля сябе не толькі радкі ў радаводах, але і будынак, які праз сто гадоў стаў адной з самых пазнавальных школ сучаснай поп-культуры. І чым не раённая фішка? Ад Кантакузаўкі да Невермора — не адзін крок, а цэлае стагоддзе шлюбаў, маёнткаў, эміграцыі, рэвалюцый і кіношнай магіі. Можа, замест чарговага безаблічнага скверу калі-небудзь тут з’явіцца невялікі парк «Вэндсдэй».