“Каша Сувораўская”: незразумелая славянская мова і дзіўная краіна

01.06.2015 Adnak!

А мы працягваем знаёміць вас з пераможцамі прэміі “Каша Сувораўская” на фестывалі AD.NAK за ўвесь час ягонага існавання. Аднак перад тым як успомніць асабліва выбітныя прыклады рэкламы і маркетынгу, мы хочам нагадаць, што падаць заяўку на “Кашу Сувораўскую” можа кожны. Так, у тым ліку і вы.

Што для гэтага трэба рабіць?

Тут усё проста:

Удзельнічаць у конкурсе можа любы чалавек, які заўважыць і дашле прыклады рэкламы, што ў рэчышчы зместу Антыпрэміі адпавядаюць любой з намінацый Adnak (тэлевізійная і кінарэклама; друкаваная і вонкавая рэклама; дызайн & Art Direction; радыё- ці аўдыёрэклама і г.д.). Пры падачы заяўкі ўдзельнік конкурсу мусіць указаць, чым канкрэтна абгрунтоўваецца прыналежнасць таго ці іншага рэкламнага прадукту да намінацыі “Каша Сувораўская”. Рэкламны прадукт можа:

— супярэчыць падзеям і логіцы гісторыі Беларусі, традыцыям культуры нашай краіны альбо канонам рэкламнага мастацтва;

— быць выкананым з памылкамі альбо “перламі” (тэхналагічнымі альбо лагічнымі памылкамі);

— выклікаць адмоўныя эмоцыі (напрыклад, незадавальненне, абурэнне, асуджэнне);

— ствараць адмоўны імідж Беларусі і беларусаў сярод замежнікаў.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца і агенцтвы, якія ўсвядомілі свае ранейшыя памылкі і могуць прэзентаваць супольнасці свае не вельмі ўдалыя працы. Гэтыя сапраўды вартыя павагі ўдзельнікі будуць узнагароджаныя асобным ганаровым прызам “За выпраўленне памылак”.

Падрабязнасці глядзіце на спецыяльным сайце Adnak.by

А цяпер вяртаемся да нашых герояў.

2013 год. Перамагла ў тым годзе транспартная кампанія “Западная губерния”, чые мікрааўтобусы мы можам бачыць на вуліцах штодня. Пытанне, да якой краіны і часовага прамежку гісторыі адносіць сябе кампанія, застаецца адкрытым.

2014 год. Летась нечакана для ўсіх у “Кашы Сувораўскай” перамагла…. Нацыянальная бібліятэка. Рэч у тым, што на дзвярах Нацыянальнай бібліятэкі была знойдзена таблічка на невядомай нам славянскай мове, якая паведамляла, што дзверы трэба адчыняць “К сабе”. Падказваем, правільны адказ – “да сябе”.

Хто пераможа ў намінацыі сёлета – цалкам залежыць ад вас: чакаем вашых працаў, і нагадваем, што час яшчэ ёсць, таму самы час уключыць рэжым павышанай назіральнасці і разам з намі палепшыць беларускамоўную рэкламную прастору.

Мікалай Левертаў