У Мінску па праспекце Дзяржынскага, 131 размясцілася дзіўнае месца — арт-галерэя «Катавасія». Там сабрана самая вялікая калекцыя катоў у Беларусі. Яна ўключае больш за 7000 экспанатаў з больш чым 105 краін свету, паведамляе «Звязда».
Варта адзначыць, што гэта ўжо другі аб’ект у Мінску, прысвечаны катам. Аднак паміж «Музеем ката» і «Катавасіяй» ёсць важнае адрозненне. Канцэпцыя першага будуецца на зносінах дзяцей з жывымі коцікамі — арт-галерэя, у сваю чаргу, прызначана для аматараў мастацтва і катоў незалежна ад узросту.
Хадзіць па галерэі і разглядаць экспанаты можна гадзінамі. Атмасфера там сапраўды казачная. Асабліва яе дапаўняюць тры жывыя каты, якія лічаць сябе паўнапраўнымі гаспадарамі.