«Я не змог бы напісаць «Апошняе пакаленне» сёння, бо я не ведаю, якім сёння ёсць Менск», — кажа аўтар кнігі пра беларускую моладзь пасля 2020 года Макар Валынкін. Выдавец Андрэй Янушкевіч называе яго «голасам беларускай моладзі». Але ці ёсць у Макара калегі-равеснікі? Чаму кніга мае такую трагічную назву? Ці варта далей фіксавацца на падзеях 2020-га? Пра гэта размаўлялі Макар Валынкін і Андрэй Янушкевіч падчас творчай сустрэчы на фестывалі «Прадмова-2025».
Відэаблогер Макар (на вокладках менавіта так — без прозвішча) выдаў «Апошняе пакаленне» напачатку гэтага года. Дэбют, што выйшаў у выдавецтве «Янушкевіч», прагучаў — здаецца, не толькі з-за рэкламнай кампаніі з букцізерам. «Наша беларуская Салі Руні. Ці, улічыўшы фінал: Руні ва ўмовах дыктатуры», — адазвалася літаратурны крытык Зося Лугавая пра твор новага беларускага аўтара. Сам Макар называе «Апошняе пакаленне» «кнігаю развітання з Менскам». У Менску Макар пасля сканчэння гімназіі (класа з мастацкім ухілам) вучыўся ва Ўніверсітэце культуры, але не скончыў.
У кнізе чацвёра галоўных герояў, якія працуюць у рэкламным агенцтве: Мікіта, Карына, Саша і Наташа. Кожная частка «Апошняга пакалення» — гэта адзін дзень. Усе падзеі адбываюцца цягам двух тыдняў на 206 старонках. Калі дзень працоўны — часткі даўжэйшыя, калі выходны — кароткія.
На творчай сустрэчы падчас фэсту «Прадмова-2025» выдавец Андрэй Янушкевіч пытаецца ў Макара наконт назвы: чаму ж кніга, 70% каторай прысвечана працоўным будням рэкламшчыкаў, так драматычна называецца «Апошнім пакаленнем».
А таму, кажа Макар Валынкін, што «гэта такі фаталізм, які прысутнічае ў кожным пакаленні». Акрамя таго, людзі, якія «прыходзяць у беларускую культуру, у беларускую мову, пачынаюць наноў адкрываць усё для сябе, мабыць, няма пераемнасці паміж старым і новым пакаленнямі». Ну і хацелася, «каб у назве была трошкі правакацыя, каб пасля кнігі у чытача з’явіўся адказ на пытанне, ці ёсць мы апошнім пакаленнем, ці не».
Сам сабе Макар не можа адказаць на гэта пытанне: «Усё залежыць ад нас, куды мы будзем ісці, што мы будзем рабіць, на каго мы будзем больш падобныя з гэтых чатырох герояў: змагацца за ўсё, проста забывацца на ўсё, ці весці на барыкады. Ці мы возьмем досвед папярэднікаў, ці, магчыма, зноў пачнем вынаходзіць ровар».
Што да «70% руціннага жыцця і нейкага фаталізму», то гэта, паводле Макара, тое, чым і жыве цяпер Беларусь: «Мне падаецца, цяпер вельмі складаная сітуацыя. З аднаго боку, нашмат больш стала людзей, якія размаўляюць па-беларуску, вядуць свае блогі па-беларуску, мая сябры ў Беларусі перыядычна кажуць, што вось зайшоў у кавярню у Менску, Лідзе, Горадні — а там па-беларуску размаўляюць. Прыемна, сапраўды гэтага становіцца больш. Але зноў жа ёсць вось гэтая палітычная тэма, якая не прамаўляецца цяпер у грамадстве ў Беларусі, бо забаронена прамаўляць. Гэта гнятлівая атмасфера — тое, што і пануе цяпер у Беларусі. Ці панавала на той момант, калі я там яшчэ жыў у 2021-2022 гадах. Я апісваў свае пачуцці, тое, што бачыў у тыя часы (...) Часткова гэта аўтабіяграфічная кніга».
Макар Валынкін не ўпэўнены, што напісаў бы гэты тэкст, застаўшыся ў Беларусі, бо «калі пісаў, то глядзеў ужо крыху збоку, аддалены ад падзей, а для літаратуры гэта вельмі важна — адысці трохі, каб нешта асэнсавалася ў галаве».
Макар прадстаўляе новае пакаленне беларускай літаратуры, Янушкевіч называе яго «голасам беларускай моладзі», але ці ёсць калегі, «ці ёсць, што чытаць ад сваіх равеснікаў»?
«Цяжка сказаць. Да галавы не прыходзяць нейкія імёны, хаця яны ёсць. Я ў 2023 годзе вучыўся ў Школе маладога пісьменніка, дарэчы, зараз там якраз ідзе набор. То тады там было вельмі шмат людзей, якія пісалі і прозу, і паэзію. Але я не бачу, каб нехта з іх нешта ўжо выдаў. Мне шкада, мне хацелася б пачытаць штосьці іншае, — распавядае Макар Валынкін.
— У мяне асабіста заўжды было такое ўражанне, што пісьменнікі/пісьменніцы — людзі вельмі дарослыя, бо гэтыя партрэты ў школьных падручніках, у класах — там такія ўжо дзядулі Купала і Колас. Можа быць, людзі майго ўзросту проста баяцца? Лічаць што не дасягнулі нейкага ўзроўню, што ім трэба яшчэ павучыцца ды падрасці. Няма ў мяне адказу, але на кожнай прэзентацыі кнігі ў кожным горадзе я казаў, што калі ў вас ёсць жаданне, то проста пішыце, выплюхвайце свае эмоцыі. Магчыма, з гэтага штосьці атрымаецца. Тым больш, нам трэба як мага больш пашыраць сваю беларускую культуру».
Але ці магчыма пісаць пра Беларусь, не жывучы там? Макар сумняецца.
«Цяжка сказаць. Вось 18 кастрычніка выйдзе мая другая кніга «Ніці» пра маладога настаўніка, які прыязджае ў беларускую вёску, у якой пасля абраду «Ніці» знікаюць нябожчыкі. Яна яшчэ пра Беларусь. Але я не змог бы напісаць «Апошняе пакаленне» сёння, бо я не ведаю, якім сёння ёсць Менск. Я не памятаю тых колераў нават, сябры мне называюць нумары аўтобусаў, а я не памятаю ўжо, куды едуць тыя нумары. Напэўна, каб я змог зараз прыехаць у Менск, разабраўся б з часам. Але далей літаратура, якую я буду пісаць, будзе звязаная з чымсьці, што адбываецца тут, па-за Беларуссю. Ці пра нейкі судотык паміж «там» і «тут». (...) Але ёсць жанры, дзе гэта магчыма — фантастыка, фэнтэзі, дэтэктывы, кнігі пра тыя гады, якія мы памятаем. То бок прастора для напісання кніг ёсць, неабавязкова замыкацца ў гэтай парадыгме 2020 года. Можна пісаць пра ўсю гісторыю Беларусі — і закідваць туды сваіх герояў», — разважае Макар Валынкін.
Між тым, як кажа Андрэй Янушкевіч, ёсць «вялікае запатрабаванне ў чытацкай аўдыторыі вось гэтага пераасэнсавання падзей 2020-га». «Людзям хочацца паглядзецца ў гэта літаратурнае люстэрка, каб зразумець дзе яны і як так адбылося. І як тады выйсці з гэтай пасткі — з аднаго боку, мы ў эміграцыі і не адчуваем наўпрост Беларусь, а тыя беларусы, якія застаюцца ў Беларусі, не пішуць тэкстаў, бо страх, атмасфера і безвыходнасць. Ці не азначае гэта, што на рэалістычнай прозе ў Беларусі можна паставіць крыж?» — пытаецца выдавец у Макара.
Аўтар «Апошняга пакалення» адказвае: «Ну вось выйшла кніга Клёка Штучнага «Забойства на вуліцы Макаёнка», я не ведаю, хто гэта, магчыма яму 18 ці 25, значыць, такія людзі ёсць і яны выдаюць свае кнігі пад псеўданімамі. Ёсць Каміла Цень. Магчыма, гэта людзі майго ўзросту, магчыма, яны ў Беларусі. Так, псеўданімы вяртаюць нас у гады Купалы і Коласа. Мне здаецца, у гэтым няма вялікай праблемы, пройдуць гэтыя часы, і можна будзе даведацца, хто гэтыя людзі, яны раскрыюць свае твары — і мы ўбачым шмат розных цікавых асобаў беларускай літаратуры. Але і шмат таленавітых людзей выехала, якія могуць пісаць, ствараць, проста трэба не баяцца. Проста трэба пачаць і рабіць».
Што да асэнсавання 2020 года і жыцця пасля яго, то, на думку Макара, можа, і ня варта так фіксавацца на тых падзеях: «Кожны чалавек вырашае, што важней для яго. Мы ведаем людзей, якія паклалі жыццё, я ведаю людзей, якія жывуць у Беларусі і займаюцца не палітычнымі пытаннямі, але вяртаюцца да грамадскай актыўнасці.
Мне падаецца, мы так заўсёды жылі, проста ў 2020 годзе да вось гэтай чарговай Плошчы, паўстання, далучылася больш людзей, чым у папярэднія разы. Таму казаць, што цяпер штосьці прама змянілася, я не лічу правільным. Мы як жылі, так і жывём. Выказвацца асабліва ніколі нельга было, дэманстрацыі — часам можна, часам не. Кожны чалавек вырашае сам для сябе: выказвацца ці не выказвацца, штосьці рабіць ці сядзець моўчкі.
Але, мне падаецца, трэба памятаць, што ў нас ёсць адно жыццё і што трэба сфакусавацца на ім. Зразумець, што для цябе самае галоўнае: пісаць кніжку, тусавацца, змагацца і так далей, і так далей. І кожны з гэтых шляхоў я лічу правільным».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org