“Казкі і показкі Лысай Гары” ад Аксаны Спрынчан

05.12.2008 Культура


Прэзентацыя новай кнігі Аксаны Спрынчан “ЖываЯ” адбудзецца ў пятніцу 19 снежня ў бібліятэцы імя Цёткі. Як і ўсе вечарыны, што ладзіць гэтая маладая ды цікавая паэтка, прэзентацыя будзе праходзіць пад брэндам “Паэтычны тэатр “Арт.С”. Але на гэты раз вечарына будзе прасякнута мітамі ды легендамі, звязанымі са славутай Лысай Гарой – апірышчам творчага духу і парэшткаў ранейшай літаратурнай багемы.

На прэзентацыі выступяць “старажылы” Лысай Гары Максім Клімковіч, Сяргей Вераціла, Уладзіслаў Ахроменка, а таксама іншыя “лысагорцы”: Ірына Клімковіч, Яраш Малішэўскі, Галіна Дубянецкая ды Сяржук Сыс.

Да іх далучацца госьці ды шчырыя прыхільнікі гэтага сьвятога месца Серж Мінскевіч, Зьміцер Сідаровіч, Валянцін Акудовіч, Алесь Анціпенка, Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Мікола Кандратаў і Рэгіна Багамолава.

Плануецца, што ўдзел ў тэатральна-паэтычнай дзеі таксама прыме “група падтрымкі” з радзімы паэткі – Лунінца, якую ўзначаліць Вадзім Жылко. Казачніца Алена Масла абяцае спраўдзіць назву вечарыны – “Казкі і показкі Лысай Гары”, а ЖывыЯ партрэты выступоўцаў паспрабуе стварыць мастак Валер Юркевіч.

Пачатак а 18 гадзіне. Уваход вольны.

Фота з сайта litaratar.narod.ru