Ці меў Ягайла патаемны мір з Ордэнам? Чаму палачане не хацелі прымаць як князя брата Ягайлы — Скіргайлу? Ці ведаў Кейстут пра патаемную змову пляменніка з крыжакамі? Якім чынам была зламаная сістэма дуумвірату ў ВКЛ? Як Ягайла страціў вялікакняжацкую пасаду? Адказы дае гісторык Алесь Краўцэвіч.
Усё ішло звыклай хадой, прынамсі знешне. У Кейстута з Ордэнам дамова пра мір на частцы прымежных земляў ад 1379 г., але на іншых віравала вайна. У лютым 1381 г. крыжакі з двух бакоў — Прусаў і Інфлянтаў — атакавалі землі Кейстута не ахопленыя мірам. У чэрвені Кейстут правёў паход у адказ. Ягайла меў патаемны мір з Ордэнам — дзядзьку не дапамагаць, а толькі рабіць выгляд.
Адначасова працягваў умацоўваць сваю ўладу у краіне і ў жніўні 1381 г. выслаў брата і вернага паплечніка Скіргайлу з войскам заняць Полацк. Палачане жылі без князя пасля выгнання Андрэя Альгердавіча зімой 1377/78 г., а прымаць Скіргайлу не жадалі. Той узяў горад у аблогу і тут, што называецца, шыла вылезла з мяшка — на дапамогу яму прыйшлі аддзелы Інфлянцкага ордэна (пра гэта інфармуюць некалькі незалежных крыніц), і змова Ягайлы з крыжакамі перастала быць таямніцай.
Палачане бараніліся больш за два месяцы, пакуль сітуацыя ў ВКЛ кардынальна не перамянілася і Скіргайлу стала не да Полацка. Кейстут атрымаў інфармацыю пра змову Ягайлы з крыжакамі.
Да гэтага часу гісторыкі дакладна не вызначылі, калі гэта адбылося і ад каго дакладна князь атрымаў звесткі пра здраду Ягайлы. Вядома было, што інфарматарам быў высокі ордэнскі чын. У гістарыяграфіі пераважае меркаванне пра Гюнтэра фон Хохэнштайна комтура Аструды, а потым Брандэнбурга. Ён быў кумам Кейстута — хрысціў ягоную дачку, калі тая бралася шлюбам з мазавецкім князем, вось нібыта і папярэдзіў кума па-сваяцку. Але ёсць адна дзіўная акалічнасць — Гюнтэр фон Хохэнштайн памёр 22 ліпеня 1380 г., а Кейстут выступіў супраць Ягайлы ў восень 1381 г. выходзіць, чакаў зручнага моманту больш года, што зусім не адпавядала ягонаму характару.
Аднак польскі гісторык 19 ст. Станіслаў Смолька звярнуў увагу, што ў Хроніцы Быхаўца названае іншае імя інфарматара Кейстута — комтур Лебестын сугучнае з прозвішчам рэальнага ордэнскага рыцара, які падчас аблогі Скіргайлам Полацка быў комтурам у Аструдзе — Куна фон Лібэнштайн, аструдскі комтур ад 21 студзеня 1380 г. да 17 траўня 1383 г. Гісторык вывеў, што менавіта ён паінфармаваў Кейстута і акцэнтаваў яшчэ адну дэталь, менавіта службовае павышэнне Лібэнштайна праз два гады, той у траўні 1383 г. заняў пасаду вялікага комтура. Праз гэты факт даследчык вывеў, што пераказ Кейстуту сакрэтнай інфармацыі пра хаўрус Ягайлы з Ордэнам быў інспіраваны ордэнскім кіраўніцтвам ці, прынамсі, не выклікаў ягонае незадавальненне.
Сам момант, як і асоба інфарманта, былі падабраныя ўдала, Кейстут паверыў Лібэнштайну. Як бы там ні было, восенню 1381 г. канфлікт паміж ліцвінскімі дуумвірамі перайшоў у адкрытую фазу. Сістэма ліцвінскага дуумвірату была канчаткова зламаная.
Кейстут скарыстаўся адсутнасцю асноўнага войска, каля 1 лістапада 1381 г. увайшоў у Вільню, схапіў Ягайлу з маці і братамі і знайшоў дамовы вялікага князя з крыжакамі. Аперацыя прайшла хутка і паспяхова, падобна як ў 1345 г. пры звяржэнні Яўнута. Паводле летапісаў, Кейстут папярэдне адаслаў Вітаўта ў Драгічын, а пасля заняцця сталіцы, выклікаў таго ўжо з Гародні.
Заняўшы Вільню, Кейстут выслаў ганцоў з гэтай весткай да Полацка, які трымалі ў аблозе войскі пад камандай Скіргайлы. Летапіс паведамляе, што адзін ганец быў пасланы ў горад, другі да войска. Аблога была знятая: «И полочане возрадовалися, кликнули на рать, и люди ратьн(ы)и отступили от [князя] Скиригаила и пошли к Вил(ь)ни к великому князю Кестутию. А князь Скиригаило пошел у Немьци у Лифянты с малыми слугами».
Гэта было важна — прызнала войска. Ягайла быў зведзены з вялікакняскай пасады, прынёс прысягу вернасці Кейстуту (якой не збіраўся трымацца) і разам з маці і малодшымі братамі пад экскортам высланы ў Крэва, потым пераведзены ў Віцебск удзельным князем.