У летнюю спёку не хочацца ні працаваць, ні есці? Мы дапаможам справіцца з гэтымі праблемамі. Узбадзёрыць старадаўняя страва нашых продкаў — халаднік. Правільна зроблены халодны суп надасць сілаў і парадуе вас і вашых блізкіх смакавай палітрай. А галоўнае — усе прадукты можна ўзяць са свайго агарода ці купіць на бліжэйшым рынку ці ў краме.
Халадніку знайшлося месца ў паэме «Пан Тадэвуш»
Дакладна невядома, калі з’явіліся халодныя супы з бацьвіння, буракоў ці шчаўя, але ў кухні нашых продкаў такія стравы былі вельмі папулярныя ўлетку, калі актыўна пачыналі расці зеляніна і гародніна. Як правіла, такія супы першапачаткова былі сялянскай стравай, якую ўжывалі ў спёку, калі асабліва нічога іншага і не хочацца, а яшчэ і няма часу вольнага нешта гатаваць. Трэба актыўна працаваць на зямлі!
Халаднік абавязкова забельвалі смятанай, кіслым малаком ці прастаквашай. У асноўным гатавалі с агуркоў, радзісу, зялёнай цыбулі, кропу, яшчэ дадавалі буракі і яйка — каб страва была больш сытнай. Калі ж халаднік пачала актыўна ўжываць шляхта, то ў суп дадавалі кавалкі варанага ці печанага мяса, рыбы ці нават ракаў! А багацеі маглі сабе дазволіць і лёду туды дадаць, калі ў іх быў склеп-ляднік.
Месца халадніку знайшлося і на старонках паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, дзе ён пісаў пра шляхецкае застолле:
Мужчыны выпілі гарэлкі, і ўсе селі, І халаднік забелены маўкліва елі. Пасля падалі ракаў, куранят, шпарагі, Наставілі венгерскіх вінаў і малагі, — смачна апісваў вячэру паэт.
Рэцэпт халадніка быў зафіксаваны ўпершыню ў 1854 годзе ў кулінарнай кнізе Вінцэнты Завадскай «Кухарка літоўская», дзе халаднік гатавалі з буракамі і на кефіры. Пазней халодны суп падавалі часта ў прыкуску з бульбай, каб наесціся «ад пуза». Беларускі халаднік не адзінокі, у свеце ёсць іншыя халодныя супы: іспанскае гаспачо, балгарскі таратор і руская акрошка, але мы прапануем прыгатаваць «літоўскі халаднік».
Як прыгатаваць «літоўскі халаднік»?
Спачатку варта паставіць варыцца буракі, яны варацца доўга (больш за 2 гадзіны), таму лепш гэта зрабіць загадзя. Пакуль буракі варацца — зоймемся гароднінай. Парэзаць агурок і радзіс. Некаторыя таркуюць гародніну на сярэдняй тарцы, але тады агурок губляе шмат соку, а халаднік не мае агурковай ноткі ў смаку. Кроп і зялёную цыбулю пакрышыць, можна не надта дробна. Звараны астыглы бурак чысцім ад лушпінаў і таркуем на сярэднюю тарку. Усе інгрэдыенты кладзем у міску і солім па смаку, пры жаданні можна дадаць і змолатага перцу. Для пікантнасці і лёгкай кіслінкі дадаць лыжку воцату. «Белім» кефірам і дадаем трохі вады. Запраўляць халодны суп можна смятанай, прастаквашай ці пахтой, вадой разбаўляць таксама па смаку. Любіце больш вадкі суп — больш вады, хочаце страву бліжэй да салату — менш. Перамяшаць халаднік і абавязкова даць яму пастаяць у халодным месцы, каб запраўка набрала водару і смаку ад інгрэдыентаў. Дзвюх гадзін у лядоўні будзе дастаткова.
Пакуль халаднік настойваецца, варта зварыць яйкі «ўкрутую» і прыгатаваць гарнір з бульбы да супа. Канечне, бульбу можна папросту зварыць ці пасмажыць, але смачней за ўсё — запячы. Калі маеце маладую бульбу, то чысціць яе не абавязкова, варта добра прамыць ад пяску, з лушпінамі печаная бульба толькі смачней! Бульбу парэзаць лустачкамі, пасыпаць соллю і перцам, перамяшаць і выкласці на протвень, пры жаданні можна дадаць алею. Звычайна 30 хвілін пры тэмпературы ў 180 градусаў дастаткова, каб бульба прыгатавалася і атрымала апетытную хрумсткую скарыначку, але час запякання можа быць крыху большы ці меншы ў залежнасці ад таго, як працуе менавіта ваша духоўка.
Бульба запяклася, халаднік настаяўся — варта сядаць абедаць. Яйка разрэжце на палавінкі, або як вам больш падабаецца, упрыгожце ім халодны суп, а ў дадатак да халадніка падайце печаную бульбу. Такім абедам падсілкавацца зможа нават волат!
Нам спатрэбяцца для адной вялікай порцыі:
Агурок — 100 грамаў
Бульба — 200 грамаў
Радзіс — 100 грамаў
Кефір — 150 мілілітраў
Вада — 50 мілілітраў
Пук зеляніны
Адно яйка
Сталовая лыжка воцату
Соль і перац па смаку
Больш рэцэптаў серыі «Гатуем з "Будзьма"»
Глядзіце яшчэ:
Амлет з грыбамі ад каралевы Марысенькі. Гатуем разам з «Будзьма!» смачны сняданак
АМ, Budzma.org