Што трэба для таго, каб плённа правесці працоўны дзень ці выходны? Смачны і сытны сняданак! А калі яго яшчэ вельмі проста прыгатаваць, дык гэта сапраўдны скарб для вас і вашых блізкіх. Пышны амлет з ляснымі грыбамі, які вельмі любіла каралева Марысенька, жонка караля Яна ІІІ Сабескага, гатуецца хутка і надае энергіі на ўвесь дзень.
Любімы амлет каралевы-францужанкі
Амлеты — стравы з узбітых яек, вядомыя на нашых землях з часоў Яна III Сабескага, які быў каралём у другой палове XVII стагоддзя. Жонка Сабескага Мары Казіміра Луіза дэ Ла Гранж д’Арк’ен, ці проста каралева Марысенька, была францужанкай. Радзіма амлетаў — Францыя. Таму каралева вельмі любіла лёгкія далікатныя стравы, у прыватнасці амлеты, з розным начыненнем: салодкім, мясным, садавіной ці гароднінай. Асабліва Марысенька любіла амлет з ляснымі грыбамі.
Добра прыгатаваны амлет, нягледзячы на сваю немудрагелістасць, адносіцца да разраду страў, вартых самага патрабавальнага гурмана. Кароль і каралева вельмі любілі падарожнічаць, спыняліся на адпачынак у шляхецкіх сядзібах, вельмі часта Марысенька прасіла прыгатаваць ёй амлет. Яек на землях Рэчы Паспалітай заўсёды было ўдосталь, і каштавалі яны вельмі танна, таму новы рэцэпт ад каралевы вельмі хутка разыходзіўся па ўсіх кутках краіны. Хутка амлеты сталі вельмі папулярнымі не толькі сярод заможных людзей, але і сярод простага люду. А за гісторыю свайго існавання на нашых землях страва зазнала не адно змяненне рэцэптуры. У другой палове ХІХ стагоддзя, каб страва стала больш сытнай, у яе дадавалі крыху варанай бульбы.
Як прыгатаваць каралеўскі амлет з ляснымі грыбамі?
На адну порцыю амлета спатрэбіцца тры сярэдніх яйкі, іх трэба разбіць у місу, дадаць соль і перац на ваш густ, палову кубка малака і ўзбіць да аднароднай масы. Адвараныя лясныя грыбы парэзаць на кубікі, невялікую адвараную бульбіну — таксама на кубікі. Пакрышыць пучок зялёнай цыбулі.
Раней амлет гатавалі ў цяжкіх патэльнях, цяпер можна выкарыстоўваць формы для запякання з фальгі — у іх амлет не падгарае і атрымліваецца прыгожай формы. У яе трэба дадаць кавалак масла і разагрэць яго. Калі масла растане і прагрэецца — дадаем у форму грыбы, бульбу і цыбулю, заліваем начыненне ўзбітымі яйкамі і ставім у печ ці духавую шафу на 10 хвілін пры тэмпературы 200 градусаў. Увага, час прыгатавання можа адрознівацца, усё залежыць ад вашай духоўкі.
Пакуль амлет запякаецца, сыр нацерці на тарцы, каб потым ім пасыпаць амлет. Каралева Марысенька любіла швейцарскі сыр эмменталь, вядомы яшчэ з канца першай паловы ХVI стагоддзя, але выкарыстоўваць можна любы сыр, які добра плавіцца. Дастаць амлет праз 10 хвілін ад пачатку запякання, дадаць сыр, вярнуць у духавую шафу яшчэ на 5 хвілін. Як сырная шапка прыпячэцца — амлет каралевы Марысенькі з ляснымі грыбамі гатовы.
Смачна есці!
Нам спатрэбяцца:
Яйкі курыныя — 3 штукі
Грыбы лясныя — 70 грамаў
Бульба вараная — 100 грамаў
Малако — 100 мілілітраў
Сыр — 50 грамаў
Зялёная цыбуля — пучок
Соль і перац па смаку
АМ, Budzma.org