Страва для сарматаў — хатні паштэт з курынай печані. Гатуем разам з «Будзьма!»

Добры сняданак — добры пачатак дня. Калі звыклыя канапкі надакучылі, скарыстайцеся рэцэптам ад «Будзьма!». Грэнка з хатнім паштэтам пад філіжанку кавы ці чаю на сняданак прыдасць добрага настрою, бадзёрасці і энергіі на ўвесь дзень. Такі паштэт можа доўга захоўвацца, і такім чынам у вас будзе гатовы смачны сняданак прынамсі на некалькі дзён.


Гісторыя стравы сягае ў часы Старажытнага Рыма, тады рабілі нешта накшталт паштэту. Прычым было два спосабы прыгатаваня стравы. Першы — танны, у ім амаль не было нармальнага мяса і печані, яго гатавалі з рэшткаў тушы жывёлы, таму такі паштэт каштаваў нядорага і яго елі людзі не заможныя.

Чытайце яшчэ: Курыныя сэрцайкі з фасоляю — страва супраць зла ад Святога Патрыка. Гатуем з «Будзьма!»

Другі варыянт стравы быў далікатэсам, і гатавалі яго са свінога мяса з даданнем экзатычных кампанентаў, такіх, як птушыныя язычкі. Гэта быў рэцэпт для патрыцыяў — заможнага саслоўя Рыма. Па легендах, гэтую страву вельмі любілі есці сарматы — ваяўнічы старажытны народ. Шляхта ж у XVII стагоддзі вельмі захаплялася сармацтвам, лічыла сябе нашчадкам таго народа, адсюль і на нашых землях пачалі гатаваць паштэты — страву для сарматаў.


Як і ў Старажытным Рыме, на нашых землях сапраўдны паштэт быў даступны толькі заможным людзям, гатавалі яго да пышных прыёмаў, калі на стол падавалі шмат птушкі, а з птушыных субпрадуктаў рабілі закускі. Сапраўдным далікатэсам быў паштэт з гусінай пячонкі, але больш просты і распаўсюджаны варыянт — паштэт з пячонкі курыцы.

Як прыгатаваць паштэт з курынай пячонкі?

Вазьміце курыную пячонку, добра прамыйце яе, дайце сцячы вадзе. Нарэжце пячонку напалову або драбней, адразаючы жоўцевыя пратокі і жылкі.

Здрабніце цыбулю і моркву на дробнай тарцы. Злёгку абсмажце на разагрэтай патэльні з алеем пячонку і дадайце гародніну. Пратушыце да гатоўнасці каля 8 хвілін. Пячонку саліце заўсёды напрыканцы, такім чынам яна атрымаецца мяккая.

Перакладзіце пячонку з гароднінай у міску і астудзіце да цёплага стану. Астуджаныя інгрэдыенты патаўчыце да аднароднай масы ці прабіце здрабняльнікам. З прынадаў пасуюць каляндра і перац, іх трэба патаўчы ў ступе і дадаць падчас замешвання будучага паштэту. Калі маса вельмі шчыльная, то дадайце крыху курынага булёну.

Паштэт зверху заліце таплёным маслам і дайце маслу застынуць. Страву лепш за ўсё падаваць на лустах белага хлеба, абсмажанага на масле да хрумсткай скарыначкі, і з лісткамі пятрушкі. Такую грэнку з паштэтам смачна есці ўпрыкуску са свежым агурком.

Таксама паштэт можна закручваць як начынку ў бліны.

Чытайце яшчэ: Гатуем з «Будзьма»! Смачны сняданак для вашай сям’і — бліны з мачанкай

Смачна есці!

Нам спатрэбяцца на 500 грамаў паштэту:

Курыная печань — 500 грамаў

Цыбуля — 120 грамаў

Морква — 150 грамаў

Масла — 50 грамаў

Алей — 30 мілілітраў

Соль, перац і каляндра — па смаку