Вайна у ВКЛ у 1696–1702 гг. засталася ў гісторыі як “грамадзянская” і не выклікае ў большасці ніякіх асацыяцый. Хутчэй за ўсё, рэч у тым, што яе звычайна аб’ядноўваюць з пачатковым перыядам Паўночнай вайны, якая пачалася яшчэ падчас Хатняй, і не ўспамінаюць як “самастойны” канфлікт. Прыгледзімся ж да яе бліжэй.
Пасля Дэвулінскага перамір’я замежна- і ўнутрыпалітычнае становішча Рэчы Паспалітай і канкрэтна ВКЛ значна пагоршылася. Паўстанне Хмяльніцкага і фактычнае аддзяленне ўкраінскіх зямель, Трынаццацігадовая вайна з Рускім царствам, Шведскі патоп не спрыялі гарманічнаму развіццю і дабрабыту. Але нядрэнна спрыялі адноснаму павелічэнню магутнасці літоўскай і польскай магнатэрыі. Цэнтральная ўлада штогод рабілася слабейшай, і палітычны вакуум запаўнялі магнацкія рады, якіх у Польшчы і ВКЛ хапала. І раней ці пазней амаль кожны з іх заяўляў свае прэтэнзіі на вярхоўную ўладу у саслабелай дзяржаве.
Першую спробу праводзіць самастойную палітыку распачалі Радзівілы. Падчас Патопу вялікі гетман Літоўскі Ян Радзівіл рызыкнуў усім дзеля кароны – разарваўшы Люблінскую унію з Польшчай, ён у 1655 годзе заключыў так званую Кейданскую унію са Швецыяй – замест Рэчы Паспалітай на карце ледзь не ўзнікла новая дзяржава ад Транхейма да Гомеля (па аналогіі яе магчыма было б назваць па-шведскуRepubliken). Аднак маштабная здрада саюзніку не ўдалася. А для Радзівілаў гэта значыла выбухное падзенне палітычнага ўплыву – Нясвіж, свае жыцці і большасць багаццяў магнаты збераглі – але не ўладу.
Падчас заняпаду Радзівілаў узышла зорка Пацаў. У адрозненне ад “нясвіжскіх крулёў”, гэты дом сепаратысцкіх настрояў не выказваў. Але не менш за Радзівілаў імкнуўся да ўлады. Свой уплыў яны выкарыстоўвалі, у прыватнасці, каб пасадзіць на трон спачатку круля Міхала Вішнявецкага, адзіным плюсам якога было паходжанне – ён быў сынам вялікага Яромы Вішнявецкага, найлепшага ваяра Рэчы Паспалітай. Пасля яго смерці Пацы паспрабавалі захаваць свой уплыў, падтрымаўшы французскую партыю на выбарах круля. Аднак жонка галоўнага саперніка французаў Яна Сабескага Марысінка нездарма насіла дзявочую фамілію дэ Ла Гранж д’Арк’ен. З землякамі яна здолела дамовіцца быстра і рашуча, і на выбарах 1674 года французы сталі галоўнымі лабістамі і спонсарамі вялікага гетмана польскага. Ян Сабескі стаў апошнім вялікім крулём Польшчы. І, атрымаўшы трон, не забыў, хто інтрыгаваў супраць яго. Пацам прыйшоў час “збіраць валізкі”.
Зразумела, проста ўзяць і пакінуць найвышэйшыя дзяржаўныя пасады магнаты не спяшаліся. Тым больш што ў Рэчы Паспалітай, дзе ўлада манарха, была, мякка кажучы, далёкая ад абсалютнай. Таму, каб скасаваць уплыў апальнага роду, Сабескаму давялося… так, скарыстаць паслугі другога роду. Так пачаўся небывалы ўзлёт Сапегаў.
“Заданне” Сапегі выканалі – Пацы страцілі ўладу. Здавалася, палітыка круля, якая выкарыстоўвала старажытны рымскі прынцып “divide et impera” (падзяляй і ўладар), сталася паспяховай. Але хутка стала не вельмі ясна, хто каго divide і хто будзе ў краіне impera. Магутнасць Сапегаў, забяспечаных падтрымкай Яна Сабескага, перасягнула ўсе магчымыя межы. Такім чынам, спроба вырашыць праблему непадуладнасці магнатаў каралю шляхам узвышэння другіх магнатаў цалкам правалілася. З Сапегамі патрэбна было нешта рабіць, але гэта было няпроста.
Найбольш выбітнымі прадстаўнікамі роду Сапегаў на той час былі вялікі гетман літоўскі Казімір Ян Сапега і падскарбі вялікі літоўскі Бенедыкт Павел Сапега, празваны “літоўскім Макіявелі”. Дарэчы, першы з іх атрымаў вядомасць ужо ў ХХІ стагоддзі – менавіта яго партрэт выкарыстоўваецца як выява вядомага героя беларускамоўных мемаў “Зуфалы літвін”.
Пры падтрымцы караля браты Сапегі авалодалі асноўнымі чыннікамі дзяржаўнасці ВКЛ – войскам і фінансамі. Паўнапраўным вялікім князем ніводзін з іх не быў, але дэ-факта ў пачатку 1690-х паслы Саксоніі, Брандэнбургу, Аўстрыі, Францыі лічылі менавіта Бенедыкта Паўла кіраўніком ВКЛ і зносіліся з ім наўпрост, без удзелу Сабескага. У 1687 годзе Бенедыкт нават вырашыў, што кароль Ян падаецца залішне самастойным (той актыўна спрабаваў захаваць трон за сваёй сям’ёй пасля смерці) і стварыў разам з вялікім маршалкам каронным Станіславам Любамірскім канфедэрацыю з мэтай аддаць трон больш прывабнаму для магнатэрыі брандэнбургскаму курфюрсту Фрыдрыху Вільгельму. Спроба аказалася няўдалай, але апошні вялікі кароль, які здолеў у 1683 годзе ратаваць Еўропу ад турэцкай навалы, не здолеў кантраляваць адзін магнацкі род.
Разумеючы немагчымасць зваліць магнатэрыю наўпрост, кароль вырашыў дзейнічаць больш тонка. Якім бы магутным ні быў магнат, у прававой сістэме Рэчы Паспалітай ён знаходзіўся не вышэй за беззямельнага шляхціца. І Сабескі, пачаўшы антысапегаўскую кампанію, ужо не абапіраўся на адзін моцны род (“гэта мы ўжо спрабавалі, не працуе”), а абвінаваціў “каролікаў літоўскіх” – так ужо называлі ў Варшаве Казіміра і Бенедыкта – у парушэнні залатых шляхецкіх вольнасцяў. Наўрад ці яны сапраўды рухаліся да абсалютызму, але шляхце такая пастаноўка пытання спадабалася. Бо ад яе моцна пахла прывілеямі, грошамі і магчымасцю ўзмацніцца за чужы кошт. Пачалося фармаванне так званай рэспубліканскай партыі, якая павінная была ўраўнаважыць сапегаўскую. Для канфлікту ўсё была гатова, і ён пачаўся.
Першым “шарам”, які Сабескія (кароль і яго жонка Марысінка) пусцілі ў Сапегаў, стаў віленскі біскуп Казімір Бжастоўскі. Магнацкае войска, якое кватаравала у Віленскай дыяцэзіі, паводзіла сябе не як захопнікі, але і дабрачыннасцю не вылучалася – звычайнай справай стаў гвалт над жыхарамі і нават святарамі, быў закрыты касцёл, а на скаргі Сапегі рэагаваць не спяшаліся. Таму Бжастоўскі пры поўнай падтрымцы каралеўскага двара і Марычінкі асобна (каралеве не падабаліся заляцанні Сапегаў з венскім дваром) у 1694 годзе… адлучыў Казіміра Яна і яго сваякоў ад царквы. У XVII стагоддзі гэта было не так страшна, як у ХІ, калі германскаму імператару давялося тры дні стаяць босым на снезе каб пазбавіцца адлучэння. Але і прыемнасцяў у жыцці не дадавала. Таму Сапега апратэставаў адлучэнне ў Духоўным Трыбунале. Гетман давіў на пытанні “а хто, уласна кажучы, такі Бжастоўскі, і па якім праве ён біскуп” і “віленскі біскуп сваімі ўчынкамі не садзейнічае стварэнню антытурэцкай кааліцыі для абароны хрысціянства, бо цяпер нам усім трэба быць разам”. Улічваючы тое, якімі прыхільнікамі ўсеагульнага аб’яднання былі Сапегі, якія не падпарадкоўваліся свайму каралю, такая дэмагогія ў стылі “сам дурань” выглядае не вельмі пераканаўчай. Але дэмагогія была падтрыманая ўсёй моцай валадароў ВКЛ – таму яе нельга было не ўспрымаць усур’ёз. Канфлікт цягнуўся да 1697 года і скончыўся фактычнай перамогай Сапегаў – прымас Радзіеўскі зняў адлучэнне з роду, бакі часова прымірыліся. Падзеі 1694-97 гг. увайшлі ў гісторыю як “касцельная вайна”.
Адначасова з касцельнай вайной працягвалася супрацьстаянне і на іншым фронце. Як мы ўжо казалі, Ян Сабескі спрабаваў стварыць усеагульнае аб’яднанне шляхты пад сцягам абароны залатых вольнасцяў супраць Сапегаў. Канкрэтна гэта вылілася у так званую “каэквацыю” – доўгачаканае параўнанне ў правах літоўскай шляхты, якая станавілася роўнай шляхце Кароны. Зразумела, да інтарэсаў шляхты, асабліва дробнай, каралю справы не было, але яна была сілай, якую шкада было не выкарыстаць. Так здарылася, што на практыцы каэквацыю пачаў праводзіць ужо пераемнік Сабескага, саксонскі курфюрст Аўгуст Вецін, больш вядомы як Аўгуст II Моцны. Характэрна, што яго асноўным сапернікам на выбарах быў французскі прынц Канці – то бок палякаў і літвінаў сярод значных кандыдатаў на трон Рэчы Праспалітай не было ўвогуле (быў сын Яна Сабескага Якуб, але супраць яго інтрыгавала нават родная маці Марыя Казіміра, якая падтрымлівала нязначную кандыдатуру баварскага курфюрста Максіміліяна-Эмануіла). За Канці стаялі Сапегі, і Аўгусту трэба было абяцаць вельмі шмат. Умовамі каэквацыі стала:
1) пазбаўленне літоўскага падскарбія правоў збіраць падаткі на войска і пераход гэтых правоў у рукі асоб (“паборцаў”), якіх выбіраюць павятовыя сеймікі;
2) магчымасць прыцягваць вялікага гетмана да судовай адказнасці;
3) скасаванне звычаю, згодна з якім кожны дэкрэт Трыбуналу выконваўся толькі пасля зацвярджэння канцлерам ВКЛ.
Няцяжка зразумець, што ніякіх рэальных станоўчых наступстваў для шляхты каэквацыя не мела (павятовыя сеймікі складаліся са шляхціцаў, большая частка якіх была кліентамі таго ці іншага магната). Але яна мела найрэальнейшыя наступствы для клана Сапегаў. Згодна п.1 Бенедыкт Сапега страчваў вялізныя грошы, якія дагэтуль меў права збіраць і карыстацца па сваім жаданні. А п.2 пазбаўляў Казіміра Яна яго “дэпутацкай недатыкальнасці”. Але візуальна здавалася, што правы магнатаў уразаюцца на карысць шляхце. Урэшце крок з каэквацыяй стаў апошняй кропляй, якая перацягнула шалі вагаў на бок Аўгуста Моцнага. Канці здаўся, каралём стаў саксонец, прыйшоў час разбірацца з Сапегамі па-даросламу.
Яшчэ да канчатковага вырашэння каралеўскага пытання ў Берасці была створаная так званая Берасцейская вайсковая канфедэрацыя, якая мела яскравую антысапегаўскую накіраванасць. Узначаліў войска вялікі харунжы літоўскі Рыгор Антоні Агінскі, дапамагаў яму падканцлер берасцейскі Людовік Пацей. Вайна, якую потым назавуць хатняй, пачалася.
Як і большасць грамадзянскіх войнаў, канфлікт не пачынаўся з вялікіх бітваў, гэта будзе пазней. Агінскага і Пацея Казімір Ян Сапега здолеў перамагчы без бойкі – узяўшы Берасце ў аблогу, гетман прыгразіў харунжаму апублікаваць кампрамат на яго (быццам Канфедэрацыя створаная на грошы і дзейнічае у інтарэсах каралевы Марыі Казіміры). Той, не жадаючы выглядаць у вачах паплечнікаў карупцыянерам, капітуляваў. Першы раунд застаўся за Сапегамі. Але сілы былі ўжо роўныя – на баку клану засталася значная меншасць шляхты і гетманскае войска, супраць, у стане “рэспубліканцаў” – Агінскія, Пацеі, Коцелы, Радзівілы, Пацы… Амаль у кожнага вялікага роду знайшліся прычыны ненавідзець Сапегаў.
Парадаксальнай была і сітуацыя, пры якой “рэспубліканцы” атрымлівалі дапамогу… ад Расіі (вы разумееце, якія моцныя дэмакратычныя і рэспубліканскія тэндэнцыі панавалі там за маладым Пятру Першым). На выпадак перамогі прынца Канці недалёка ад межаў ВКЛ стаяў 60-тысячны кантынгент баярына Рамаданаўскага. Аднак Аўгуст Другі перамог, і інтэрвенцыя не адбылася.
Яшчэ больш парадаксальным было тое, што кароль, намінальны кіраўнік рэспубліканскай партыі, не жадаў не толькі пашырэння правоў шляхты, але і ўвогуле не імкнуўся да аніякай шляхецкай дэмакратыі. Рэальны палітык, Аўгуст жадаў стаць валадаром краіны, якой бы ён кіраваў на прынцыпах absolutumdominium – абсалютнай манархіі, якую б ён пакінуў сваім нашчадкам. І плацдармам для ўсталявання такога рэжыму хутчэй магло стаць ВКЛ, чым Польша – з дзясяткам магнацкіх родаў значна прасцей знайсці агульную мову, чым з тысячамі шляхціцаў, у кожнага з якіх свой погляд на мір.
Пазіцыя Сапегаў была больш яснай. З каралём і Польшчай ім было не па дарозе ні ў якім выпадку. Па-першае, absolutumdominium Аўгуста для клана, які прэтэндаваў на найвышэйшую ўладу у княстве, была непрымальная: хто пагодзіцца зрабіцца з гаспадара слугой? Па-другое, прынцыпы каэквацыі былі Сапегам як костка ў горле, бо былі накіраваныя, ізноў жа, на іх уладу.
Таму з’езд, які “рэспубліканцы” сабралі ў Ашмянах у 1698 годзе, скончыўся фактычна нічым. Шляхта патрабавала рэпрэсіяў для магнатаў, у першую чаргу для Сапегаў, жадала рэальнага ажыццяўлення роўных правоў, марыла аб “конным сейме”, які дазволіў бы у патрэбны час мець пад рукою моцнае войска. Аўгуст віртуозна лавіраваў, не жадаючы ўзмацнення ніводнага з двух бакоў. Сапегі жадалі для сябе вялікакняжацкага пасаду і абапіраліся ў сваіх намаганнях на Берлін і Вену. Гульня тронаў…
Згаданы ўжо Рыгор Агінскі быў раз’юшаны невыразнай пазіцыяй Аўгуста Моцнага, ізноў сабраў войска і пачаў сваю вайну. Аднак паміж Нявяжай і Нёманам войска Ежы Сапегі здолела акружыць ворага, і Глінскі, ізноў жа, без бою, распусціў жаўнераў і шляхту і пакінуў вайсковую маёмасць. Але харунжы быў не з тых, хто лёгка здаецца – хутка ён дамогся абрання старастам Жамойцкім. Шчыра кажучы, выбары былі не вельмі легітымнымі, і Сапегі традыцыйна заявілі пратэст каралю. Аднак харунжы пайшоў да канца – растлумачыў манарху, што яго, манарха, улада трымаецца толькі на такіх, як Рыгор Агінскі. І адмова ў прызнанні новай пасады азначае пачатак пошукаў новага гаспадара. Прэтэндэнтаў вакол было шмат, і Аўгуст на ўсё згадзіўся.
Баявыя дзеянні працягваліся, пераважна у Жамойці – пад Коўнам, Жыжмарамі, Юрбаркам, дзе Агінскі быў ізноў разбіты. Нарэшце канфедэраты зразумелі, што вайсковыя таленты харунжага вельмі, мякка кажучы, небясспрэчныя, і абралі ваенным лідэрам кашталяна віцебскага Міхала Коцела. Ён, у адрозненне ад няўдахі-папярэдніка, не стаў склікаць асабістае войска, а абвясціў 14 жніўня 1698 года паспалітае рушэнне супраць Сапегаў – фактычна, усеагульную шляхецкую мабілізацыю. Праз невялікі час Коцел здолеў сабраць пад Пузавічамі каля 15 000 ваяроў. Зразумела, па якасці гэтае войска не вытрымлівала параўнання з рэгулярным гетманскім, але праблему вырашылі хутка – Аўгуст II накіраваў пад Гародню саксонскі кантынгент у падтрымку сваіх паплечнікаў. Намінальна кароль жадаў захаваць мір паміж бакамі, фактычна – быў цалкам на баку антысапегаўскай кааліцыі.
Казімір Ян Сапега быў у першы раз вымушаны прызнаць, што вораг супраць яго стаіць мацнейшы – колькасць паспалітага рушэння і моц саксонскіх кантынгентаў былі пераканаўчым аргументам для 8-тысячнага гетманскага войска.
У снежні 1698 года бакі заключылі дамову, згодна з якой Казімір Ян Сапега пагаджаўся на каэквацыю правоў шляхты, а войска ВКЛ, згодна з дамовай, значна скарачалася. Планавалася, што зараз абарону Айчыны возьме на сябе ў асноўным паспалітае рушэнне. Усе разумелі, што на сучасным узроўні ваеннага майстэрства гэта немагчыма, але пагадненне было ратыфікаванае.
Апошні і найбольш крывавы акт супрацьстаяння пачаўся у 1700 годзе. Казімір Ян Сапега ехаў у карэце, калі раздаўся стрэл. Страляў шляхціц Мінскага ваяводства Себасцьян Цадроўскі. Зразумела, прыхільнікі клана не маглі пакінуць здарэнне без увагі. Хутка злачынцы абстралялі карэту, дзе, на думку Сапегаў, знаходзіўся іх галоўны вораг Міхал Коцел. Апошняга там не было, затое былі браты Міхал і Януш Вішнявецкія, якія і былі параненыя. Антысапегаўская кааліцыя папоўнілася магутным кланам Вішнявецкіх… Абодва бакі пачалі збіраць войскі, ужо традыцыйным ладам – Коцел абвясціў паспалітае рушэнне, Сапегі павялі ў бой свой скарочаны да 3000 рэгімент. Казімір Ян спрабаваў склікаць сваё рушэнне і перашкодзіць скліканню варожага – для гэтага частка жаўнераў на чале з Бенедыктам Сапегам пайшла на Ашмяны. Аднак сутычкі з мясцовай шляхтай “мабілізацыі” канфедэратаў не супынілі.
Супраць “каролікаў літоўскіх” выступіла амаль усё княства – Коцела падтрымалі Аршанскі, Ашмянскі, Брацлаўскі, Брэст-Літоўскі, Ваўкавыскі, Віцебскі, Гродненскі, Лідскі, Мінскі, Мсціслаўскі, Навагрудскі, Полацкі, Слонімскі, Троцкі і Упіцкі паветы, частка Жамойці. За Сапег былі толькі Вільня, Коўна, Вількамір, Мазыр і Рэчыца.
Арміі сустрэліся каля мястэчка Алькенікі. Шляхта пераўзыходзіла гетманскае войска не менш як у 3-4 разы – 10-12 000 супраць 3000 (мабыць, больш, але не нашмат). Але якасна сапегаўскае войска было на галаву вышэйшая – гэта быў сучасны кантынгент з артылерыяй, добрай пяхотай, рэйтарскай і татарскай конніцай. Пра апанентаў вядома, што акрамя паспалітага рушэння яны выставілі валашскіх вершнікаў. На чале гетманскіх загонаў стаялі Казімір Ян і яго сын Міхал Сапега. Канфедэратаў узначальвалі вельмі злы на сапернікаў Міхал Вішнявецкі і не раз біты Сапегамі Рыгор Агінскі. Але пазіцыю для бою яны выбралі неблагую – яна дазваляла хаваць за лесам буйныя масы войскаў і такім чынам рэалізаваць колькасную перавагу.
Алькенікская бітва пачалася з сутыкнення пешых ваяроў у цэнтры поля. А Агінскі амаль з пачатку бою пачаў са сваім загонам рух у тыл сапегаўскага войска.
Паспяхова атачыць ворага ў Агінскага хутчэй за ўсё не атрымалася. Але пагроза атачэння вымусіла большасць кіраўнікоў арміі збегчы з поля бою. У выніку большасць жаўнераў Сапегі вырашыла, што паміраць за такіх “айцоў-камандзіраў” няма дурных, і пабегла. На полі застаўся толькі малады сын Казіміра Яна, канюшы ВКЛ Міхал Францішак Сапега. Спачатку ворагі ацанілі яго мужнасць – узялі ў палон і з гонарам адправілі ў Бернардынскую абіцель. Потым перадумалі – на наступны дзень палонны разам з сябрамі быў забіты шляхтай.
Час Сапегаў скончыўся. 24 лістапада 1700 года ў Алькеніках быў ратыфікаваны дакумент, згодна з якім клан страчваў усе правы і прывілеі, яго прадстаўнікі станавіліся “ворагамі Бацькаўшчыны” і вымушаныя былі збегчы ў Прусію. Уладу і маёмасць падзялілі пераможцы – над войскам стаў Міхал Вішнявецкі, падаткі пачалі збіраць Агінскі і Коцел.
Дзесьці ў гэты час кароль Аўгуст II вырашыў, што шляхта зрабіла для яго ўжо досыць, і ад яе паслуг трэба адмовіцца. Хутка была падпісаная так званая “Віленская пастанова”. Згодна з ёй ВКЛ аб’яўлялася спадчыннай манархіяй на чале з вялікім князем Аўгустам Вецінам. Здавалася, што гісторыя княства пойдзе па іншым шляху – саксонца падтрымалі ўсе лідары канфедэрацыі – але гісторыя вырашыла інакш. Малады кароль Швецыі Карл XII разбіў ушчэнт войска Пятра I, асноўнага саюзніка Аўгуста. І ўсё вярнулася на сваё месца. “Віленская пастанова” так і не пачала дзейнічаць, absolutumdominium Аўгуста II Веціна і незалежнасць ВКЛ як асобнай дзяржавы так і засталіся ў яго марах. А Грамадзянская вайна перацякла ў Паўночную – і Сапегі, якія лагічна сталі на бок шведаў, сустрэлі ў ліку саюзнікаў нямала тых, з кім насмерць біліся колькі гадоў…
Дзяніс Буркоўскі