Гісторыя і стэрэатыпы
Калі спытаць у чалавека, які не займаецца гісторыяй прафесійна, калі пачалася і калі скончылася вайна паміж Рэччу Паспалітай і Рускім царствам у пачатку XVII стагоддзя, ён, відавочна, адкажа прыкладна так: “Вайна пачалася ў 1604 годзе, калі Рэч Паспалітая падтрымала прэтэнзіі на маскоўскі трон Лжэдзімітрыя I. А скончылася ў 1612 годзе, калі Мінін і Пажарскі разбілі польска-літоўскае войска пад Масквой і ўвайшлі ў сталіцу”.
Як можна здагадацца, абедзве даты не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю. Пачнем з таго, што Лжэдзімітрыю даў войска і адправіў у Маскву не тагачасны кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт III Ваза. У гэтым канфлікце манарх дзейнічаў вельмі разумна — ён падтрымаў і блаславіў авантурыста, але ад сябе асабіста, а не ад імя дзяржавы. А адказнасць за паход, сродкі на яго здзяйсненне, а таксама ўсе клопаты па фармаванні войска на сябе ўзяў ваявода сандомірскі, вялікі каронны крайчы Ежы Мнішак і яго кліентэла. Такім чынам, першы перыяд вайны стаўся як бы “асабістай вайной” роду Мнішкаў супраць Масквы за інтарэсы, ізноў-такі, роду Мнішкаў. Тое, што гэтыя інтарэсы цалкам супадалі з імкненнем Жыгімонта максімальна аслабіць усходняга суседа, — “чыстая выпадковасць”. У выніку першыя 5 гадоў вайны Рэч Паспалітая старанна рабіла выгляд, што распачаты канфлікт яе не датычыць. Не забываючы аказваць усялякую матэрыяльную дапамогу Мнішкам.
Другая дата — 1612 год як год сканчэння вайны — таксама няправільная. Нягледзячы на тое, што ў лістападзе 1612 года апалчэнне Мініна і Пажарскага сапраўды перамагло польска-літоўскае войска Хадкевіча пад Масквой. Дарэчы, у Расіі сёння з гэтай нагоды святкуецца “Дзень народнага адзінства” — самае супярэчлівае свята, сэнсу якога не разумее большасць народа (і адзіны сэнс якога збольшага — хоць чым замяніць адменены Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі). Але праблема ў тым, што вайна вялася не за права трымаць гарнізон у Маскве. Таму ні тое, што апалчэнне заняло Маскву, ні выбары цара Міхаіла Раманава самі па сабе не маглі скончыць вайну.
Бітва пры Клушыне і яе наступствы
Насамрэч абставіны складваліся інакш. Рэч Паспалітая ўступіла ў вайну з Масквой толькі ў 1609 годзе. А скончылася гэтая вайна роўна 396 гадоў таму, 11 снежня 1618 года — у гэты дзень было падпісанае Дэвулінскае перамір’е. Паспрабуем распавесці пра гэта падрабязней.
Калі ў 1609 годзе Жыгімонт III афіцыйна вырашыў узяць удзел у канфлікце, сітуацыя для Рэчы Паспалітай складвалася найлепшым чынам. У Маскве працягвалася Смута, згоды не было, а войска не ведала, каму служыць і з кім ваяваць. З другога боку, войска ВКЛ і Польшчы было ў росквіце. Сімвалам яго, безумоўна, была крылатая гусарыя, рэарганізаваная Стэфанам Баторыем, найлепшая кавалерыя свету. Але сіла вояў Рэспублікі абодвух народаў была не толькі ў гусарыі — увогуле гэта была адна з найлепшых армій Еўропы, з добрай зброяй і тактыкай. Адразу пасля пачатку баявых дзеянняў у аблогу трапіла найважнейшая крэпасць Смаленск.
4 ліпеня 1610 года сямітысячнае войска Рэчы Паспалітай, што збольшага складалася з гусарыі, перажыла адзін з галоўных трыумфаў у сваёй гісторыі. Ваяры вялікага кароннага гетмана Станіслава Жалкеўскага ўшчэнт разбілі ў пяць разоў большае маскоўска-шведскае войска на чале з Дзмітрыем Шуйскім і Якабам Дэлагардзі пад Клушынам. Нягледзячы на тое, што ў складзе маскоўскага войска білася мноства наймітаў з Англіі, Францыі, Нямеччыны, гусарыя знішчыла ўсіх. Абараняць Маскву пасля такой паразы не было каму. Ужо 27 жніўня 1610 года дэпутацыя ад Сямібаяршчыны (алігархічнага ўрада з найбольш шляхетных баяр, які ўзяў на сабе кіраванне Рускім царствам у той час) падпісала пагадненне, згодна з якім сын Жыгімонта каралевіч Уладзіслаў стаў спадчыннікам рускага трону, а армія Рэчы Паспалітай без перашкод увайшла ў Маскву. Не дачакаўшыся дапамогі ад Шуйскага і Дэлагардзі, у 1611 годзе здаўся Смаленск.
“Владислав Первый, царь и великий князь всея Руси”?
Так ці інакш, у 1611 годзе становішча ліцвінаў і палякаў можна было ахарактарызаваць як бліскучае. За два гады былі дасягнутыя ўсе запланаваныя мэты. Заставалася самае цяжкае — утрымаць захопленае.
Але на гэтым шэраг поспехаў перапыніўся. Параза Хадкевіча пад Масквой закрыла шлях у сталіцу каралевічу Уладзіславу, які ўжо ехаў туды каранавацца. Царом у 1613 годзе стаў Міхаіл Раманаў, а зорка “царя и великого князя всея Руси Владислава Первого” тады не ўзышла.
Каб захаваць справядлівасць, адзначым, што нават пераход у праваслаўе і каранацыя Уладзіслава наўрад ці прывялі б да поўнага падпарадкавання Масквы Варшаве і Вільні. Рускі цар, якім намагаўся стаць каралевіч, абавязаны быў дзейнічаць улічваючы інтарэсы сваіх падданых, а не суседняй дзяржавы. У свой час так памыліўся кароль Францыі Людовік XIV: зрабіўшы каралём Іспаніі свайго ўнука Філіпа V, кароль наіўна вырашыў, што зараз Іспанская імперыя будзе цалкам падпарадкоўвацца Версалю. Праз некаторы час стала відавочна, што Філіп ажыццяўляе тую ж палітыку, што і другія іспанскія незалежныя манархі. Гэтак жа памыліўся і вялікі Напалеон: прызначыўшы каралём Галандыі брата Луі Банапарта, праз невялікі час імператар французаў убачыў, што брат уводзіць мытныя тарыфы, мэта якіх — падтрымка галандскай прамысловасці і гандлю і якія цалкам супярэчаць інтарэсам Францыі.
Таму калі вы пажадаеце пасадзіць блізкага сваяка на трон суседняй дзяржавы — не чакайце многага. Вас папярэджвалі.
Ад выбрання Раманава да сканчэння канфлікту
Але вернемся да вайны. Выбранне на трон Раманава не зрабіла ніякага ўплыву на баяздольнасць рускай арміі. Калі яна паспрабавала вярнуць Смаленск, усё скончылася чатырма гадамі стаяння пад сценамі горада. Літоўскія лёгкія вершнікі Аляксандра Юзафа Лісоўскага здзейснілі ў 1615 годзе вялікі рэйд па землях Маскоўскай дзяржавы, знішчылі некалькі атрадаў, спалілі Таржок, нападалі на Пскоў, Арол, Бранск, Угліч. Пасля гэтага рэйду нават з’явіўся тэрмін “лісоўчыкі”, які азначае вельмі баяздольную лёгкую конніцу, што ў баях і рабаўніцтве праяўлялі нечалавечую жорсткасць. Зрэшты, на той вайне гуманізмам не славіўся ні адзін бок.
Тым часам Рэч Паспалітая сабрала яшчэ адно войска для другога паходу на Маскву, каб скінуць з трона Міхаіла Раманава і каранаваць Уладзіслава, які і стаў на чале арміі. Сямібаяршчыны, што ў свой час згадзілася на кандыдатуру каралевіча, даўно ўжо не было, але абяцанне засталося. І яго трэба было выконваць — асабліва калі пра гэта ветліва просіць вялікае войска.
Разам з літоўскімі і польскімі кантынгентамі на Маскву ішлі і казакі. На чале іх быў самы, напэўна, вядомы пасля Багдана Хмяльніцкага гетман Запарожскай Сечы — Пятро Сагайдачны. Казакі пачалі вельмі бадзёра — былі захопленыя Ліўны, Данкаў і моцная крэпасць Ялец. Адначасова лісоўчыкі, якія падышлі на дапамогу Смаленску, здолелі пазбавіць горад ад аблогі. Пад Мажайскам армія Рэчы Паспалітай разбіла маскоўскае войска. Але перамога ўжо не была трыумфам узроўню клушынскага — войска Уладзіслава было знясіленае і панесла вялікія страты. Літоўскія і польскія ваяры здолелі ўзяць Маскву ў аблогу, але шанцы на поспех былі невялікія — гарнізон горада амаль не саступаў арміі Уладзіслава ў колькасці жаўнераў, а армія Рэспублікі знаходзілася пасярод абрабаванай і варожай краіны. Быў шанец захапіць горад штурмам, але здзейсніць гэта не атрымалася. Войска вымушанае было адступіць.
Доўгачаканае перамір’е
Пасля паходу Уладзіслава і Сагайдачнага маскоўскія землі нагадвалі калі не пекла, то прынамсі чысцец. Людскія і матэрыяльныя страты былі катастрафічнымі, сотні вёсак уяўлялі сабой выпаленую зямлю. Асабліва дрэнна прыйшлося мястэчкам, праз якія прайшлі казакі Сагайдачнага: пра “цывілізаваную вайну” гэтыя хлопцы калісьці нешта чулі, але забыліся. Таму, нягледзячы на няўдачу маскоўскай “экспедыцыі”, весці перамовы з пазіцыі пераможцаў рускія відавочна не маглі. Але і Рэчы Паспалітай працягваць вайну сэнсу не было — амаль усіх мэтаў, накшталт захопу Смаленска, ужо здолелі дасягнуць. Галоўнай мэты — падпарадкаваць Рускае царства і зрабіць царом Уладзіслава — сілай дасягнуць не атрымлівалася. Таму абодва бакі з ахвотай пайшлі на перамовы. Апошнія пачаліся ў вёсцы Дэвуліна, каля Троіца-Сергіева манастыра.
Польска-літоўскі бок прадстаўлялі найвышэйшыя саноўнікі Рэчы Паспалітай. Ад Літвы быў адзін з найбольш знакамітых дзеячаў ВКЛ усіх часоў, вялікі канцлер літоўскі Леў Сапега, аўтар Статута 1588 года.
Прысутнічалі рэфендар літоўскі Аляксандр Гансеўскі (менавіта яго войскі два гады стаялі ў Маскве), кашталян сахачэўскі Канстанцін Пліхта і камянецкі біскуп Адам Навадворскі.
Рускі бок прадстаўлялі баяры Фёдар Шарамецьеў і Данііл Мезяцкой, дзякі Іван Сомаў і Іван Балотнікаў, а таксама акольнічы Арцемій Ізмайлаў.
Прадстаўнікі абодвух бакоў хацелі ад ворагаў шмат, вельмі шмат. Рэч Паспалітая патрабавала прызнаць Уладзіслава рускім царом, а таксама аддаць Ноўгарад, Пскоў і Цвер. Маскоўская дэлегацыя таксама размахнулася — патрабавала вярнуць усе захопленыя землі і рускіх палонных і вывесці войскі Княства і Кароны за межы Рускай дзяржавы. Пасмяяўшыся з патрабаванняў адзін аднаго, бакі пачалі сапраўдны гандаль.
Паводле новых умоваў Руская дзяржава жадала перамір’я на 20 гадоў, за гэта яна пагаджалася аддаць Рослаўль і — галоўнае — Смаленск. Гэты горад са стратэгічнага пункту погляду быў і ўсходняй брамай на Захад, і заходняй брамай на Усход. Таму спрэчка за яго цягнулася стагоддзямі, з часоў Альгерда, Вітаўта і Дзмітрыя Данскога.
Польскія і літоўскія паслы, у сваю чаргу, гарантавалі, што Уладзіслаў адмовіцца ад рускага трону, але за гэта патрабавалі Пскоў і землі, якія ВКЛ страціла ў XVI—XVI стст., а таксама вялікую кантрыбуцыю. Згадзіцца на такое было амаль немагчыма.
Праблема польска-літоўскага боку была ў тым, што абгрунтаванасць іх прэтэнзій была прама прапарцыйная памеру арміі, якая стаяла непадалёку. У снежні ў ваколіцах Масквы звычайна настае зіма, прычым досыць лютая. І гэтая зіма абяцала паменшыць войска Рэспублікі абодвух народаў да таго памеру, калі патрабаваць можна будзе вельмі мала. З іншага боку, спрабуючы палепшыць свой матэрыяльны стан і проста пракарміцца, лісоўчыкі і казакі рабавалі вакол усё, што можна было абрабаваць. Такім чынам, і рускія, і літоўцы, і палякі былі вельмі зацікаўленыя ў тым, каб перамовы ішлі хутка. 11 снежня 1618 года Дэвулінскае перамір’е было нарэшце падпісанае.
Умовы Дэвулінскага перамір’я
Варта падкрэсліць, што Дэвулінскае перамір’е названае так невыпадкова — гэта не паўнавартасны мір, як, напрыклад, Вечны мір Яна Сабескага, а часовае перамір’е з канкрэтным тэрмінам дзеяння — 14 гадоў 6 месяцаў.
Згодна з Дэвулінскай дамовай, Маскоўская дзяржава саступала Рэчы Паспалітай дзесяць гарадоў, сярод якіх былі Смаленск, Дарагабуж, Рослаўль, Пуціўль, Чарнігаў і Ноўгарад-Северскі. Разам з тым польскія і літоўскія войскі сыходзілі з Казельска і Вязьмы. За гэтыя важныя гарады Руская дзяржава саступала Жыгімонту яшчэ пяць гарадоў — Краснае, Пачэп, Старадуб, Паповая Гара і Себеж. Кожны горад перадаваўся з усім насельніцтвам, акрамя шляхты, святароў і купцоў. Тытул рускага цара скарачаўся на словы “правитель ливонский, смоленский и черниговский”, што значыла адмову ад гэтых мясцін назаўсёды. У сваю чаргу Уладзіслаў Ваза дэ-факта адмаўляўся ад рускага трону, але дэ-юрэ захоўваў права называцца рускім царом у афіцыйных паперах. Казакі Сагайдачнага атрымалі ад Жыгімонта III вялізную ўзнагароду за дапамогу.
Падвядзем вынікі. Дэвулінскае перамір’е — вяршыня славы Рэчы Паспалітай, яе росквіту і магутнасці. Большых поспехаў Польшча і ВКЛ не дасягалі ні ў 1410 годзе пасля Грунвальда, ні ў 1583, калі перамаглі ў Лівонскай вайне, ні праз стагоддзе, у 1683 годзе, калі гусарыя выратавала Еўропу ад асманскай навалы. Рэспубліка панавала над найбольшай тэрыторыяй у сваёй гісторыі — амаль мільён квадратных кіламетраў, знаходзілася ў росквіце сілы і багацця. Да таго ж каралевіч Уладзіслаў захоўваў юрыдычнае права на рускі трон.
На жаль, ні Жыгімонт III, ні яго нашчадкі не здолелі працягнуць шэраг перамог і дыпламатычных поспехаў. Эфемерная ўлада Уладзіслава над маскоўскімі землямі так і засталася эфемернай. Ужо ў 1632 годзе пачалася новая вайна з Рускай дзяржавай, а ў 1667 годзе Рэч Паспалітая пагадзілася аддаць ёй Смаленск, Кіеў і іншыя гарады. Але ўсё гэта будзе значна пазней.
А нам з вамі застаецца толькі добра памятаць славутыя старонкі гісторыі…
Дзяніс Буркоўскі