ХХХІІ Міжнародны паэтычны лістапад

10.11.2009 Замежжа

akulin_poznan2

З 3 па 7 лістапада ў Польшчы адбыўся Міжнародны паэтычны фестываль “Познанскі Лістапад”. У фестывалі ўзялі ўдзел 52 паэты з ЗША, Іраку, Германіі, Чэхіі, Літвы, Украіны, Расіі, Індыі, Турцыі, В’етнаму.

Беларусь на прэстыжным форуме прадстаўляў намеснік старшыні СБП, паэт і бард Эдуард Акулін. Вось што паведаміў пра фестываль у Познані Эдуард Акулін: “Для мяне было вялікім гонарам узяць удзел у паэтычным форуме, які сёлета праходзіў у Познані ў 32 раз. Так атрымліваецца, што апошнім часам пачуваешся запатрабаваным творцам, на вялікі жаль, толькі за межамі Беларусі, дзе шануюць не толькі сваю літаратуру, а і літаратуру іншых народаў. У сувязі з гэтым варта сказаць, што ўрачыстае адкрыццё фестывалю адбывалася ў сценах знакамітага Познанскага універсітэта імя Адама Міцкевіча. А цырымонію адкрыцця сваёй прысутнасцю ўпрыгожыла найвышэйшае кіраўніцтва горада і універсітэта. Нашым бы чыноўнікам гэтаму павучыцца… Толькі дзе? У нас на Беларусі апошнім часам няма не тое што міжнародных, а нават фестываляў абласнога і раённага маштабу. А нядаўна паэтаў зусім пазбаўлялі магчымасці сустракацца з чытачамі. Дзякуй Богу, гэтыя “блізарукія” загады чыноўнікаў ад адукацыі канулі ў Лету, і не варта на іх нават азірацца. Трэба вучыцца ў нашых суседзяў – палякаў, літоўцаў, украінцаў, сербаў, славенцаў – ва ўсяго славянскага свету, – як шанаваць свае святыні. Я маю на ўвазе найперш роднае Слова і яго найвышэйшую іпастась – ПАЭЗІЮ, якая з часоў Францішка Скарыны была на ўзроўні царкоўнай малітвы. Нездарма ж смаргонскі паэт Алесь Жамойцін лекуе хворых людзей, чытаючы над імі прадмовы да біблій нашага першадрукара…

Другі і трэці фестывальныя дні былі прысвечаныя творчым прэзентацыям гасцей фестывалю. Адбыліся дзесяткі выступленняў у навучальных установах як самой Познані, так і яе ваколіцаў: Лешне, Коніне, Чэмпені, Буку, Пневе і інш.

akulin_poznan

Было вельмі прыемна, што арганізатары фестывалю Збігнеў Гордзей і Марыя Магдалена Пацгай запланавалі ў межах імпрэзы маю творчую вечарыну з бардаўскім канцэртам. Яна адбылася 5 лістапада пры поўным аншлагу ў Познанскім цэнтры адпачынку “Markietanka”. Дарэчы, на гэтай вечарыне адбылася і міжнародная прэзентацыя кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Госці “Познанскага Лістападу” з цікавасцю ўспрынялі інфармацыю аб гэтай незвычайнай для іх разумення акцыі, бо і палякі, і літоўцы, і чэхі, і нават в’етнамцы ўжо даўно ёсць. А мы, беларусы, яшчэ толькі збіраемся быць…

Па выніках форуму выйшла анталогія паэзіі “Як плынь ракі” з творамі ўдзельнікаў паэтычнага лістападу ў перакладзе на польскую мову”.

1. Познанскі універсітэт імя Адама Міцкевіча.
2. Эдуард Акулін са славутым польскім артыстам Войцехам Семенам.

Тэгі: