Беларусь прыдумаў Ленін. Беларускай мовы ніколі не было... А вось і не! Культурна-асветніцкі партал «Будзьма беларусамі» ў супрацы з «Купалаўцамі» ламае беларусафобныя стэрэатыпы ў новым відэапраекце «Хрусь і папалам». Дапамогуць у гэтай справе блогер «daroha» Валера Руселік і ганаровы чалец «ЧынЧынЧэнэл» Сяргей Мікалаевіч (Міхась Зуй).
Нацыянальныя стэрэатыпы бываюць розныя. Вось што мы, беларусы, можам сказаць пра сябе? Працавітыя, добрыя, талерантныя — бадай, першае, што прыходзіць да галавы, праўда?
Сёння, калі ў Беларусі практычна адсутнічае нацыянальная адукацыя, калі беларуская гісторыя шальмуецца, а нашыя нацыянальныя героі выстаўляюцца чужынцамі і ледзве не ворагамі беларускага народа, на месца вынішчанай беларушчыны няўмольна паўзе гэтак званы «русский мир».
І цягне за сабою зусім іншыя ўяўленні пра беларусаў, культываваныя ўсходнім суседам і навязваныя нам цягам стагоддзяў. І мовы беларускай нібы ніколі не было, і Беларусь — усяго толькі фантазія, і нічога нам не трэба акрамя чаркі ды шкваркі — лапці, адным словам, а не народ!
Культурна-асветніцкі партал «Будзьма беларусамі» ў супрацы з «Купалаўцамі» прапаноўвае ўсім нам адставіць у бок тэлевізар і падумаць уласнай галавою, абапіраючыся не на прапаганду, а на цалкам канкрэтныя факты — і разам ламаць стэрэатыпы пра беларусаў, якія нам, беларусам, убіваюць у галовы.
Блогер «daroha» Валера Руселік і ганаровы чалец «ЧынЧынЧэнэл» Сяргей Мікалаевіч (Міхась Зуй) прапаноўваюць вашай увазе нізку відэаперадач, кожная з якіх прысвечана аднаму беларусафобскаму стэрэатыпу.
У першым выпуску «Хрусь і папалам» Сяргей Мікалаевіч намагаецца пераканаць усіх у тым, што насамрэч Беларусі ніколі не існавала, пакуль яе не...прыдумаў Ленін! Штопраўда, навошта яму гэта было і няўжо больш не было чым заняцца правадыру ўсясветнага пралетарыяту, чыноўнік не патлумачыў. Ну што ж, давайце абмяркуем і гэты стэрэатып, які, мы пэўныя, не вытрывае націску здаровай логікі і канкрэтнх фактаў.
Ну што, хрусь і папалам?