Польскі пісьменнік Ігнацы Карповіч прэзентаваў свой новы раман “Balladyny i romance” ў кнігарні “ЛогвінаЎ”. Сустрэча з літаратарам адбылася ў межах Месяца польскай літаратуры, які стартаваў у Мінску 31 сакавіка.
Галоўны герой рамана “Balladyny i romance” — Ісус Хрыстос, які хіпуе на небе разам з багіняй Нікай. Апроч егіпецкіх, антычных ды іншых багоў героямі твора з’яўляюцца звычайныя людзі, а таксама кітайская пячэнька, час, прастора, прычынна-выніковая сувязь і іншыя нежывыя персанажы.
“Кніга выйшла ў кракаўскім літаратурным выдавецтве, — кажа Ігнацы Карповіч, — на дадзены момант прададзена 12 тысяч асобнікаў. З пяці маіх кніг яна найлепшая па продажах. Цяпер заключаныя дамовы на выданне гэтай кнігі на венгерскай, нямецкай і ангельскай мовах”.
Марыя Мартысевіч і Ігнацы Карповіч
Падчас сустрэчы пісьменнік зачытаў для публікі ўрыўкі са свайго рамана, а перакладчыца Марыя Мартысевіч — іх пераклад на беларускую мову.
“Калі я перакладала, напрыклад, урывак пра Ісуса, — кажа Марыя Мартысевіч, — то свядома дадала больш слэнгу, чым ёсць у арыгінале, каб такім чынам падкрэсліць адлюстраваны ў творы бунтарскі дух галоўнага героя”.
Паводле словаў Марыі Мартысевіч, пакуль на беларускую мову перакладзена толькі невялічкая частка рамана, але ёсць ідэя зрабіць поўны пераклад твора Карповіча:
— Мы будзем спрабаваць знайсці сродкі для таго, каб выдаць кніжку. Канечне, перакласці кніжку я магу, але ж гэта пытанне не толькі творчасці, але і выдавецкага рынку.
паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч
Пры канцы літаратурнай вечарыны ўсе ахвотныя змаглі задаць пытанні Ігнацыю Карповічу, а вядоўца імпрэзы, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч падзяліўся з budzma.org сваімі ўражаннямі ад твора:
— Мне падабаецца, што кніжка тоўстая, бо аўтару сапраўды ёсць што сказаць чытачам. Да таго ж, Ігнацы Карповіч умее добра балансаваць паміж бульварнай і сур’ёзнай літаратурай. То бок, ён пашырае інтэлектуальны далягляд чытача, але чытач гэтага нават не заўважае, бо яму здаецца, што яго забаўляюць.
На імпрэзе прысутнічаў дырэктар Польскага Інстытута ў Мінску Пётр Казакевіч, які расказаў budzma.org пра творчасць свайго земляка:
— Карповіч мне цікавы тым, што ён вельмі інтэлектуальны і іранічны пісьменнік. Ён рухаецца праз літаратурную прастору, не акрэсліваючы сябе ў ёй адназначна. Да таго ж, на маю думку, у яго творах прысутнічае рамантызм, хоць і правакацыйны.