Аднойчы беларус атрымаў 1500 долараў толькі за тое, што ведаў пра паліндром. Гэта такія словы і спалучэнні словаў, якія чытаюцца аднолькава як у адзін бок, так і задам наперад. Напрыклад, «атака ката» або «тыповы вопыт».

Тут — класічнае слова-паліндром. Выява згенеравана з дапамогай ChatGPT
Hrodna.life прапануе здабываць веды, каб быць напагатове, калі гісторыя зноў будзе раздаваць прыемныя прызы.
Гэта паліндром аўтарства паэткі Веры Бурлак.
У 2003 годзе беларускі журналіст Віталь Цыганкоў дзякуючы паліндромам трапіў у тэлешоў «Слабое звено». І выйграў 1500 долараў. Вось вам і кругаварот ведаў у валюту.
Калі вы аматары квізаў, то гэты тэкст можа папоўніць ваш гаманец. Як кажа паліндром Віктара Жыбуля: «Маг замілаваны, цар! Працы навалі мазгам!» — таму чытайма далей.

Воблака беларускіх словаў-паліндромаў са штодзённага ўжытку
Паліндром — гэта слова, сказ, або цэлы верш, які чытаецца аднолькава справа налева і злева направа. Само слова паходзіць ад грэчаскага слова «palindromos» і азначае «той, хто вяртаецца назад». Часам сэнс застаецца тым самым. Паліндром «глядзіць» у люстэрка і застаецца сабой. Але бывае, што адлюстраванне нясе зусім іншы сэнс і гэта здзіўляе яшчэ больш.
У беларускай мове паліндромы існуюць, нават калі ніхто адмыслова іх не прыдумляе. Яны проста «ўбудаваны» ў мову. Напрыклад: пуп, тут, зараз, тамат. Хаця б адно з іх вы сёння дакладна ўжо прамаўлялі.
Паліндромамі бываюць імёны. Вось, скажам, Ала, як паэтка Ала Нікіпорчык, якая шмат гадоў працавала ў Гродне.
Яшчэ адно імя-паліндром звязана з Гродненшчынай — Натан. Так звалі дзеда прэм’ер-міністра Ізраіля Беньяміна Нетаньяху. Гэты Натан першыя дзесяць год пражыў у Крэве, што ў Гродзенскай вобласці.
Сустракаюцца прозвішчы-паліндромы. Можа і сярод вашых знаёмых ёсць Анісіна, Анікіна, Казак, Сыс?
Паліндромы селяцца і на мапах. Адзін такіх тапонімаў — Лепель.
Мовазнаўца і журналіст Вінцук Вячорка заўважае, што паліндромы не толькі цікавыя як гульня, але вучаць нас захапляцца мовай і бачыць яе па-новаму:
«Паліндромы ўзбагачаюць навучаньне мовам і служаць творчымі моўнымі забавамі. Можна таксама ўявіць сытуацыю, калі надпіс на шкле мусіць чытацца аднолькава па абодва бакі — як імя ПІЛІП. Гэта паказвае, што нават у звычайных славазлучэннях мажна заўважыць моўныя цуды: адна банда, атака ката, дзедаў ад’езд. Звычайныя фразы, але і на тым баку «люстры» іх добра зразумеюць. Мова стварае маленькія цуды без нашай дапамогі. Таму, калі паклікаць яе ў суаўтаркі, чарадзейства заззяе напоўніцу».
Ёсць жарт, быццам першыя словы, што прагучалі на Зямлі, былі паліндромным сказам: «Madam, I‘m Adam». Кажуць, што менавіта так Адам пачаў размову з Евай. Гэты міф вельмі дакладны па сутнасці: паліндромы сапраўды з’явіліся амаль адначасова з пісьмом.
У Старажытнай Грэцыі паліндромы гравіравалі на кубках і вазах. Іх можна было круціць у розных накірунках, а сказ усё роўна чытаўся аднолькава.
Пазней «чароўныя» радкі падхапілі рымляне. Адзін з самых знакамітых паліндромаў: Sator Arepo tenet opera rotas. Яго пісалі квадратам, бо кожнае слова мае пяць літар і іх роўна ставілі адно пад адным. Самы старажытны запіс гэтай фразы знойдзены на сцяне дома ў Пампеях. Пераклад радка прыблізна такі: «Сейбіт Арэпа ў працы трымае колы». Чым менш зразумела, тым больш адчуванне містычнага.
Квадрат Sator перажыў Пампеі і перайшоў на сярэднявечныя дамы ў Заходняй Еўропе. Яго таксама лічылі абярэгам, пісалі на амулетах.
Разам з хрысціянствам «магічны» паліндром дайшоў да нашых земляў. Знахаркі з тэрыторыі сучаснай Беларусі ў XVIII — XIX стагоддзях прамаўлялі чарадзейны радок як заклён ад шаленства пасля таго, як чалавека ўкусіў сабака. Паліндром ператварыўся ў магічны інструмент ад усялякага ліха.
Паліндром Sator працягвае сваё жыццё і ў наш час. Зараз ужо ў Расіі вырабляюць свечы з «магічным» квадратам і прадаюць у тым ліку ў Беларусі. Амаль за 65 рублёў можна праверыць, ці засталіся ад старажытных сіл хоць бы маленькія агеньчыкі. Sator Arepo tenet opera rotas магический квадрат

Сучасны варыянт «магічнага» квадрата
У даўнія часы паліндром быў звязаны з рытуалам, а не з літаратурай. Выключэннем была творчасьць рымскага паэта Парфірыя Аптацыяна. Ён у IV ст. складаў доўгія хвалебныя гімны, якія можна было чытаць і ў прамым, і ў адваротным парадку. Таму як літаратурны жанр у сусветнай літаратуры паліндром вынайшаў Парфірый Аптацыян.
Сімяон Полацкі першы з нашых землякоў пачаў працаваць з паліндромам не ў магіі, а ў літаратуры. Ён напісаў верш да Багародзіцы на польскай мове, дзе словы пры вымаўленні амаль аднолькава гучаць пры чытанні ў прамым і адваротным парадку:
Co mi ey Maria oto ay ramie y moc
Co wo ney, ow pokoy y okop wojen owoc.
Гэта не класічны паліндром «па літарках», а гукавы. Калі чытаць наадварот і ў голас, гучанне застаецца тым жа, хоць некаторыя літары не супадаюць. У перакладзе верш мае такі сэнс:
Што мне Марыя? — гэта і апора, і моц.
Што ў ёй? — і мір, і бою плод (г.зн. слава).
Наступны зварот да паліндромаў на нашых землях адбыўся праз некалькі стагоддзяў. І праявіўся ён у псеўданімах. Аўтары пісалі свае ўласныя імёны наадварот і такім чынам з’яўляліся новыя непаўторныя словы. Першым так пачаў рабіць у XIX стагоддзі пісьменнік з Гродзенскай губерні Плацыд Янкоўскі. Пад сваімі творамы ён ставіў подпіс John Dycalp ці John of Dycalp. Dycalp — гэта адваротнае напісанне яго імя Placyd.
У пачатку XX стагоддзя стварэнне псеўданімаў шляхам пераварочванне імёнаў і прозвішчаў стала распаўсюджанай з’явай. Алесь Гародня нарадзіўся у Пермі, але часта наведваў маёнтак дзеда ў Гродзенскай губерні, таму цікавіўся беларускай мовай. «Гародня» — гэта ўжо прозвішча-псеўданім, але літаратар пайшоў далей і выкруціў яго на новы лад: Ян Дораг.
У 1920-х гадах паліндром выкарыстоўваўся у асноўным як гульня. У зборніку «Камсамольскія вячоркі» сярод іншых была такая загадка, у якой паліндромнай з’яўляецца адгадка. Дакладней адгадка антыпаліндромная, бо мяняе сэнс, калі чытаць наадварот.
Я — сіла.
Перавярнеце мяне —
І я жывёліна,
Хто я?
Адгадка: Ток, кот.
Так паліндромы з магіі перайшлі ў літаратуру.
Сёння паліндромы знаходзяць сваё месца не толькі ў літаратуры, але і ў прафесійнай працы з мовай. Вінцук Вячорка адзначае:
«Яны карысныя найперш выхаваўцам і пэдагогам, але таксама ўсім прафэсійна зьвязаным з вуснай і пісьмовай мовай — літаратарам, журналістам, рэкламістам».
Практычны бок гэтага працэсу ўзгадвае і выкладчыца беларускай мовы для дарослых Кацярына (імя зменена):
«Для вывучэння беларускай мовы стварэнне ўласных паліндромаў можа быць як практыкаванне ў слоўнай эквілібрыстыцы. Далёка не кожны чалавек можа стварыць сказ, верш ці паэму ў жанры паліндрома — такія здольнасці захапляюць!»

Чалавек, які зрабіў з паліндромаў беларускую паэзію — Рыгор Крушына. Яго сапраўднае прозвішча Казак, што само па сабе паліндром. Сімвалічна, нібыта ён нарадзіўся з адмысловай місіяй.
Па-беларуску складаць паліндромы складаней, чым па-руску, адзначае мавазнаўца Вінцук Вячорка, бо ў нашай мове гукі больш адпавядаюць пісьму:
«Як правіла, наша «Ў» бывае толькі пасля галосных (рас. возов — бел. вазоў), у слове не можа быць дзвюх літараў О (рас. ротор, але бел. ротар), дзеканне/цеканне таксама абмяжоўвае «абяртанне» слова (рас. дед, Тит, але бел. дзед, Ціт). Таму перад аўтарамі беларускіх паліндромаў стаяць няпростыя задачы, і тым больш вартыя павагі вынікі».
У 1968 годзе выйшла кніга Рыгора Крушыны «Хвіліна роздуму», у якой з’явіўся першы беларускі паліндромны верш «Я і лаза і азалія». Кожны радок у ім змяшчае адну думку, якая чытаецца з любога бока.
Горад. Там шмат дарог.
Гонар. Атара ног.
Маса. А сам
Я аматар. Трата мая —
Сачу час.
І марамі
Я сунуся:
Я — і лаза і азалія.
Пазней, у зборніку «Сны і мара» Рыгор змясціў яшчэ адзін верш «Паліндром». Ён больш дынамічны. У ім таксама паліндромам з’яўляецца кожны радок:
Я — сіла. Маліся!
Міла палім
Тонкі кнот...
Толам умалот.
Я — сіла. Маліся!
На гару — гураган.
Ура! Зару —
На барабан.
Даведка Hrodna.life
Кнот — стужка або шнурок для гарэння ў газавай лямпе або свечцы; тол — выбухоўка; умалот — колькасць абмалочанага зерн; гураган — магутны віхор.
Пасля Крушыны паліндром перастаў быць толькі фокусам. Ён стаў літаратурай. Але яго форма зноў знікае на некалькі дзесяцігоддзеў.

У 1990-х паліндром вяртаецца, калі беларуская літаратура пачынае шукаць новыя формы і голас. Адна з галоўных постацей гэтага «другога дыхання» — Серж Мінскевіч.
Спачатку Серж нават не ведаў, што стаў паслядоўнікам Рыгора Крушыны. Аднойчы ён прыдумаў паліндромны радок: «Горад — там шмат дарог» і вельмі гэтым ганарыўся, пакуль не даведаўся, што гэта ўжо напісана да яго.
Замест таго, каб расчаравацца, Мінскевіч пераасэнсаваў думку і стварыў свой паліндромны варыянт: «Горад — тут пуп дарог». І вакол яго збудаваў свой верш.
Горад — тут пуп дарог,
Аблок, бы рыб колба,
А гром — шабаш морга.
Асобам узор ісці розума боса.
Горад — пуп тут дарог!
У пачатку 2000-х самым прызнаным майстрам паліндромаў у беларускай паэзіі быў Віктар Жыбуль. У ягоных тэкстах адлюстраванне радкоў ператвараецца не ў гульню, а ў паэтычнае бачанне свету. Віктар стварыў шмат разнастайных паліндромных літаратурных форм ад аднарадковых выказванняў да паэмы. Кароткія аднарадковікі:
А мяне няма.
Я асоба босая.
У раба — хата хабару.
Мала кашы шакалам.
А гора падала да парога.
Нам сіла — талісман.
Віктар ператварае паліндром у метафару, якая жыве ўжо не ў форме, а ў вобразе:
А шпалы — бы лапша.
Выкладчыца беларускай мовы для дарослых Кацярына (імя зменена) адзначае:
«Калі шчыра, паліндромы — гэта не простыя вершы для завучвання напамяць, бо часта для тэхнічнай адпаведнасці аўтары ахвяруюць здаровым сэнсам і лагічным парадкам словаў у сказе. Але хаця б адзін я б рэкамендавала вывучыць, каб у спрэчцы заўжды мець аргумент, што і ў нас існуюць свае паліндромы. Мой улюбёны: «А мара ліпы — піларама».
Яшчэ адзін твор «Пра раку Нёман» сам аўтар назваў паліндраманам. У ім паліндромам з’яўляецца ўвесь верш цалкам, а не асобныя радкі. То бок чытаць яго можна адразу з канца тэкста ў адваротным парадку.
О, Нёман! Сага снам ён!
Нёмана мутны смак,
А сам —
У крамяны рышток рамонкавы ліся,
І нам дары, тытан,
І лад, і лёс, і арку марам,
Хаду цуда-хмарам
У краі сёл і далін.
А ты... ты рад:
Манія сілы, вакно маркот, шырыня мар!
Кум асакам,
Сын туманам ён, Нёман, —
Сага снам ён.
О!
Кацярына падкрэслівае:
«Безумоўна, гэта гонар, што ў нас існуюць не проста паліндромы, а цэлыя паэмы-паліндромы! Віктар Жыбуль напісаў аж тры паэмы: «Рогі гор», «Кацёл клёцак», «Палігон ног і лап»».
Самая вядомая з іх — паліндромная паэма «Рогі гор». Аўтар яе складаў каля васьмі месяцаў і першапачаткова вельмі цмяна ўяўляў, што з гэтага атрымаецца.
«Проста збіраў словы, выразы і кароткія сказы, якія чытаюцца аднолькава злева направа і справа налева. Калі іх заўважна паболела, яны ў мяне пачалі складацца ў асобныя паэтычныя мініяцюркі, а тыя потым нарэшце — у паэму».
У дар ураду —
Замак, КАМаз,
ЗАЗ,
а дар урада —
шалаш...
А нам — масам — мана,
нам — зман...
Усё?.. Лёсу,
Марам —
Канец!? (Са зману нам — засценак)
Енк? He!
Цыц!!!
«Рогі гор» напісана ў 1997 годзе. Гэты твор не толькі тэхнічна паліндромны, бо кожны радок можна чытаць у адлюстраваным выглядзе. Паэма адлюстроўвае сутнасць закансерваванай беларускай рэчаіснасці, якая за столькі год ніяк не змянілася.
Паліндром як метафара Беларусі: калі жыццё закальцована, заўсёды ёсць спосаб павярнуць радок так, каб у ім з’явіўся новы сэнс. Пакуль дом для краіны — шалаш, не заўсёды атрымаеш прыз за смеласць, але заўсёды за кемлівасць.