«Хто галоўны дармаед?». Як пяць гадоў таму беларусы выйшлі на «Марш абураных беларусаў»

Роўна пяць гадоў таму, 17 лютага 2017 года, у Мінску адбыўся «Марш абураных беларусаў». Тады ў цэнтры горада на Кастрычніцкай плошчы сабралася больш за 1000 чалавек, якія прайшлі маршам да плошчы Незалежнасці. Пазней падобныя акцыі адбыліся па ўсёй краіне. Budzma.org узгадвае падзеі пяцігадовай даўніны, што стала прычынай маршу і якія вынікі гэта дало.


65.jpg

З чаго ўсё пачалося

У красавіку 2015 года быў падпісаны дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрымання», больш вядомы ў народзе як «Дэкрэт № 3». Да 2017 года белаусы дасканала не ведалі, што прадугледжвае гэты дэкрэт. Бо яго абмеркаванне адбывалася ў вузкіх колах.

Пасля таго, як жыхары Беларусі пачалі атрымоўваць з падатковай так званыя «лісты шчасця», у грамадстве з’явілася незадаволенасць. З людзей патрабавалі выплаціць падатак на «дармаедства» сумай 20 базавых велічынь (на той момант каля €230 — заўв. Budzma.org), альбо патлумачыць, на якіх падставах чалавек мае права не плаціць. 20 лютага 2017 года сканчаўся апошні тэрмін аплаты гэтага збору. Да таго моманту лісты з падатковай атрымалі 470 тысяч чалавек. Аплату здзейснілі толькі 54 тысячы.

Дэкларавалася, што дэкрэт павінен быў закрануць «пару тысяч чалавек». Але насамрэч выплату падатка патрабавалі ад 470 тысяч беларусаў. Большасць з іх з-за скарачэнняў на працы не маглі знайсці дастатковы заробак у Беларусі.

Марш абураных беларусаў ад Кастрычніцкай плошчы да Плошчы Незалежнасці

На Кастрычніцкай плошчы ў Мінску вечарам 17 лютага сабралася больш за 1000 чалавек. Арганізатарамі акцыі выступілі Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў. Таксама ў акцыі ўзялі ўдзел Зміцер Дашкевіч, Павел Севярынец, Максім Вінярскі. Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю, у якой патрабавалі адмяніць Дэкрэт № 3, спыніць зніжэнне даходаў насельніцтва, а таксама вярнуць свабодныя выбары.

64.jpg
Падчас акцыі пратэсту супраць Дэкрэта № 3 на Кастрычніцкай плошчы. Крыніца: www.dw.com

Пасля гэтага ўдзельнікі акцыі рушылі маршам у бок Плошчы Незалежнасці, каб перадаць рэзалюцыю ў Міністэрства па падатках і зборах. Каля будынка міністэрства людзі палілі «лісты шчасця» ў рондалі, а арганізатары дэкларавалі выкананне патрабаванняў да 25 сакавіка 2017 года.

Пратэсты перакінуліся на ўсю краіну

Пасля мінскага маршу пратэсты супраць Дэкрэта № 3 перакінуліся на іншыя гарады. 19 лютага мітынгі адбыліся ў Гомелі, Брэсце, Магілёве, Гродне і Віцебску. Яшчэ праз тыдзень, 26 лютага, акцыі прайшлі ў Баранавічах і Бабруйску. На працягу месяца мітынгі правялі ў Пінску, Барысаве, Мазыры, Светлагорску, Кобрыне, Лунінцы, Рагачове. На працягу 2017 года акцыі адбываліся ў розных гарадах да кастрычніка.

63.jpg
Падчас акцыі пратэсту супраць Дэкрэта № 3. Крыніца: www.dw.com

Дэкрэт не адмянілі, але пайшлі на саступкі

Шматлікіх актывістаў і арганізатараў пратэстаў у розных гарадах пакаралі штрафамі, а таксама арыштамі на суткі. Але пасля хвалі пратэстаў і мітынгаў Аляксандр Лукашэнка спачатку падпісаў закон, паводле якога гэты збор можна было часова не плаціць. А 25 студзеня 2018 года ён падпісаў новы Дэкрэт № 1.

Новы дэкрэт называўся «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Ён скасаваў дзейнасць папярэдняга. Паводле гэтага дакумента, працаздольныя жыхары Беларусі, не занятыя ў эканоміцы, то-бок так званыя «дармаеды», з 1 студзеня 2019 года павінны аплочваць паслугі, якія субсідуюцца дзяржавай, па іх поўным кошце, у тым ліку аплочваць поўныя тарыфы камунальнай платы.

Таксама дэкрэт павінен быў актывізаваць працу органаў улады па садзейнічанні грамадзянам у працаўладкаванні і стымуляванні працоўнай занятасці насельніцтва краіны. А асобы, якія раней былі прызнаныя плацельшчыкамі збору, былі вызвалены ад яго выплаты. Тым, хто ўжо заплаціў збор, павінны былі вярнуць грошы.

АШ, budzma.org