Баскетбольны клуб “Цмокі-Мінск” пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” падвёў вынікі конкурсу “Мой найлепшы сябар цмок” – вызначыў найлепшых маленькіх мастакоў, якія намалявалі галоўную беларускую фантастычную істоту.
“Вельмі прыемна ўсведамляць, што сёлета мы атрымалі на парадак болей працаў, чым у мінулым годзе, –кажа дырэктар па маркетынгу баскетбольнага клуба “Цмокі-Мінск” Аляксандр Куль. – Цяпер мы чакаем маленькіх мастакоў разам з бацькамі ў якасці заўзятараў на стадыёнах”.
Прайсці міма такога конкурсу кампанія “Будзьма беларусамі!” не магла і ўзнагародзіла пераможцаў стылёвымі саколкамі.
“Мы лічым, што Беларусь цалкам можна назваць краінай цмокаў, і нам надзвычай прыемна, што гэтая фантастычная істота набывае новых прыхільнікаў, – кажа прадстаўнік кампаніі. – Да таго ж мы не маглі не далучыцца да конкурсу, які ладзяць нашыя сябры з клуба “Цмокі-Мінск”. Шануйце цмокаў і сябруйце з імі”.
Вынікі конкурсу былі падведзеныя падчас урачыстага закрыцця баскетбольнага сезона – з дэфіле маладых каманд, а таксама выступамі былых гульцоў NBA.