Следам за гісторыяй беларускага часопіса «Полымя», які амаль без перапынкаў выходзіў цягам ста гадоў, прыгадваем таксама і аднайменнае літаратурнае аб’яднанне, якое ў свой час згуртавалася вакол яго.
Сябры літаратурнага аб’яднання «Полымя», 1928 г. Сядзяць: Якуб Колас, Цішка Гартны, Янка Купала, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі; стаяць: Алесь Ляжневіч, Міхайла Грамыка, Уладзіслаў Галубок, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Алесь Гурло. Крыніца: be.wikipedia.org
На пятыя ўгодкі стварэння часопіса «Полымя», у снежні 1927 года, з’явілася і літаратурнае аб’яднанне з такой самай назвай. Гэта быў надзвычай спрыяльны час, бо калялітаратурнае жыццё ў Савецкай Беларусі віравала: выходзілі газеты і часопісы, пісьменнікі і паэты аб’ядноўваліся і падзяляліся, з’яўляліся і знікалі літаратурныя суполкі.
Яшчэ ўвосень 1923 года быў заснаваны «Маладняк», які за некалькі гадоў разросся да сапраўднага літаратурнага аб’яднання з сотнямі сяброў. Філіі арганізацыі былі не толькі ва ўсіх буйных беларускіх гарадах і невялічкіх мястэчках, але нават за межамі Беларусі — у Маскве і Празе.
Літаратурнае аб’яднанне «Маладняк»
Маладнякоўцы выдавалі свае мясцовыя альманахі, дзе дэбютавалі многія пісьменнікі, якія з часам стануць прызнанымі класікамі, як Алесь Якімовіч ці Васіль Каваль. Але, як часам здараецца ў гісторыі, з ростам колькасці пачала губляцца якасць. Таму ў 1926 годзе ад «Маладняка», пратэстуючы супраць прымітывізацыі мастацтва, адколецца частка яго сябраў.
Уладзімір Дубоўка і Уладзімір Жылка
Ужо ў сталым веку адзін з тых «адкольнікаў», паэт Уладзімір Дубоўка, раскажа на старонках «Полымя» аб прычынах таго расколу:
«Гэта арганізацыя прымала ў свой склад усіх, хто мог збольшага рыфмаваць, хоць іх вершы былі далёкія ад мастацтва. Па характары сваёй дзейнасці «Маладняк» быў ператварыўся ў культурніцка-асветніцкую арганізацыю. А хлопцы падраслі. Задумаліся некаторыя аб тым, каб даць у літаратуры што-небудзь вартае нацыі і эпосе. Пасля папярэдніх гутарак і абмеркаванняў надумаліся стварыць адмысловае літаратурна-мастацкае згуртаванне, якому далі назву — “Узвышша”».
Літаратурнае аб’яднанне «Узвышша»
Сярод тых, хто стаяў ля аб’яднання з такой красамоўнай назвай, былі Адам Бабарэка, Кузьма Чорны, Язэп Пушча і Кандрат Крапіва. Следам за «ўзвышэнцамі» пакінулі шэрагі маладнякоўцаў Ян Скрыган і Паўлюк Шукайла — першага выключаць з арганізацыі, а другі выйдзе з яе сам. У 1927 годзе яны створаць футурыстычную «Літаратурна-мастацкую камуну», якая праіснуе да вясны 1928 года і нават выдасць два нумары ўласнага альманаха.
У той жа час у сваёй знакамітай «Гісторыі беларускае літаратуры» Максім Гарэцкі называе «найбольш прыкметным» пралетарскім пісьменнікам Змітра Жылуновіча, які яшчэ з «нашаніўскіх» часоў імкнуўся ў бок «калі і не чыста пралетарскай, дык у значнай меры пралетарскай ідэалогіі ў яе краёва-беларускім выглядзе». Паводле Гарэцкага, «другім выдатным аўтарам з сялянска-пралетарскай ідэалогіяй ёсць цяпер малады паэт Міхась Чарот».
Такую высокую ацэнку Жылуновіча паставіў пад сумнеў адзін з лідараў «узвышэнцаў» Адам Бабарэка. Ён не адмаўляў, што Зміцер Жылуновіч — выдатны дзеяч і неблагі публіцыст. Але разам з тым паэт Цішка Гартны на ягоную думку быў другарадным. А добрым пісьменнікам, паэтам і крытыкам Жылуновіч проста «сам сябе вызначыў». Палеміка была выклікана тым, што Жылуновіч крытыкаваў «узвышэнцаў», і разбіраючы іх творчасць, задаваўся пытаннем: «Ці сапраўды “Узвышша” ёсьць узвышша?». Так называўся ягоны артыкул, які пабачыў свет на старонках «Савецкай Беларусі», рэдагаванай Міхасём Чаротам.
Зміцер Жылуновіч з сям’ёй
Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што тыя, хто стаяў ля вытокаў «Маладняка» і застаўся ў самоце пасля ўсіх расколаў і развалаў — Міхась Чарот, Алесь Дудар, Анатоль Вольны і Андрэй Александровіч, пачнуць шукаць паразумення са старэйшым пакаленнем, каб у выніку і стварыць тое «Полымя». Пазней да іх далучацца і іншыя «маладнякоўцы».
Паводле статута, гэта арганізацыя сярод іншага ставіла сваёй задачай «аформленьне і замацаваньне ў беларускай мастацкай літаратуры пролетарскай ідэолёгіі, зьвязваючы гэта разьвіццём і ўдасканаленьнем нацыянальнай формы».
А ў адносінах «да іншых літаратурных організацый і паасобных пісьменнікаў літаратурнае аб’яднанне “Полымя” прагалашае найбліжэйшае супрацоўніцтва, калі гэта не будзе супярэчыць асноўным прынцыпам аб’яднаньня і яго організацыйным палажэньням, вызначаным у яго статуце. Адначасова аб’яднаньне будзе весці барацьбу са шкоднымі ўхіламі, якія могуць вынікнуць на шляху будаваньня беларускай пролетарскай літаратуры». Разам з тым сябра гэтага аб’яднання «адначасна ня можа належаць да іншых літаратурных групаванняў».
Цікава, што да гэтага шкоднай называлася дзейнасць «Узвышша». Пісаў аб гэтым і сам Зміцер Жылуновіч — адкрыта і хаваючыся за псеўданімам Сымон Друк. Падтрымліваў яго ў гэтай справе Алесь Дудар, які пісаў пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі. З абодвух бакоў атакі былі даволі жорсткімі, таму, як бачым, у калялітаратурных колах таго часу палалі самыя сапраўдныя жарсці.
Пад статутам «Полымя» падпісалася 10 чалавек: Міхась Чарот, Зміцер Жылуновіч, Янка Пятровіч, Міхаіл Піятуховіч, Якуб Колас, Андрэй Александровіч, Янка Купала, Алесь Гурло, Міхась Грамыка і Міхась Зарэцкі. Яны ж звярнуліся 28 снежня 1927 года ў Народны Камісарыят унутраных спраў БССР з просьбай зарэгістраваць сваё літаб’яднанне.
Янка Купала, Міхась Зарэцкі, Міхась Чарот, Цішка Гартны. Прага, 1927 г. Фота — zviazda.by
Рэгістрацыя была атрымана меней чым праз месяц — 16 студзеня 1928 года, а ўжо праз 10 дзён на сходзе было абрана і праўленне, куды ўвайшлі Якуб Колас, Зміцер Жылуновіч і Міхась Чарот. А кандыдатамі былі прапанаваныя Янка Нёманскі, Міхась Зарэцкі і Васіль Сташэўскі.
І калі «пралетарскасць» Цішкі Гартнага ці Міхася Чарота не выклікае ніякіх сумневаў, то з Якубам Коласам не ўсё так адназначна. Бо ён, мяркуючы па водгуках у прэсе, навучыўся рабіць «пралетарскую» літаратуру толькі… год таму. Справа ў тым, што ў канцы восені 1926 года пачалася публікацыя аповесці «На прасторах жыцця», якая была вельмі прыхільна сустрэта чытачамі. Крытыкі тады цешыліся, што класік адышоў ад ранейшых схемаў у літаратуры і нарэшце стаў пісаць творы на патрэбу часу.
З першасных планаў пісьменнікі намецілі «зрабіць паездкі па акругах з дакладамі аб стане беларускае літаратуры, наладзіць рад дыспутаў і выдаць альманах «Полымя», які з непартыйнага і рэвалюцыйнага часопіса ператвараўся цяпер у друкаваны орган аднайменнага літаратурнага аб’яднання.
З паездкамі атрымліваецца яшчэ цікавей, бо другая палова 1920-х — гэта надзвычай плённы час з вялікай колькасцю магчымасцей. З рознай перыядычнасцю і ў розным складзе сябры «Полымя» выступаюць на разнастайных літаратурных імпрэзах у Мінску і рэгіёнах. Але беларускіх літаратараў ведалі тады не толькі ў БССР, як можна было б падумаць, але і далёка за яе межамі.
Пра беларускую літаратуру пісалі тады не толькі ў славянскіх краінах — Чэхаславакіі і Югаславіі, але таксама ў Францыі, Італіі і Нямеччыне. Галоўным чынам камуністы, або іншыя левыя, якія глядзелі са спадзевам у бок новапаўсталай краіны, дзе рэй вядуць рабочыя і сяляне. Гэтым карысталіся ўлады — праз літаратуру яны імкнуліся наладзіць супрацу з тымі беларусамі, якія аказаліся ў выгнанні, ды і агулам паказаць дасягненні спачуваючым Саветам. Таму беларускія пісьменнікі ў той час рэгулярна выбіраліся ў паездкі, часам нават даволі працяглыя, бывала што і адразу па некалькіх краінах. Было нават створана адмысловае таварыства.
Часта згадваюць знакамітую паездку Жылуновіча ў Берлін у 1922 годзе, калі ён наладзіў там друк беларускіх кніжак. Але забываюцца на тое, што выязджаў ён не раз і не два і пасля таго, у тым ліку разам з будучымі «палымянцамі». Увосень таго ж 1927 года Зміцер Жылуновіч, Міхась Чарот і Міхась Зарэцкі наведалі Латвію, Германію, Чэхаславакію і Францыю. Падчас вандроўкі па Чэхаславакіі троіца сустрэлася тады з Янкам Купалам, які прыехаў у Прагу асобна.
Свае ўражанні ад паездкі і сустрэчы з беларускай эміграцыяй Жылуновіч пасля даволі падрабязна апісаў у больш чым трох дзясятках травелогаў, якія друкаваліся ў канцы 1927 — пачатку 1928 года на старонках «Савецкай Беларусі».
А ўжо ў сакавіку 1928 года Янка Купала, Якуб Колас, Зміцер Жылуновіч, Міхась Чарот і Міхась Зарэцкі наведваюць Украіну. Выступаюць на радыё, бяруць удзел у літаратурных вечарах, сустракаюцца з тамтэйшымі літаратарамі ў Харкаве і Кіеве.
Дзіву даешся актыўнасці «палымянцаў», бо кожны з іх акрамя «літаратурнага» жыцця меў яшчэ і іншыя справы. Яны не вялі багемны лад жыцця на ўзор тагачасных еўрапейскіх пісьменнікаў, якія не вылазілі з кавярняў і рэстарацый. Нашым удавалася ўдала спалучаць творчасць з працай: не толькі пісаць, але яшчэ і ездзіць, выступаць, выкладаць, працаваць у рэдакцыях газет і нават ЦВК. І на ўсё хапала часу!
Канец «Полымя» мала чым адрозніваўся ад фіналу іншых літаратурных аб’яднанняў таго часу. Яно было ліквідавана пасля знакамітай пастановы ЦК ВКП (б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» ад 23 красавіка 1932 года. Гэта была кульмінацыя ўніфікацыі літаратурнага жыцця — шматлікія гурткі, суполкі і літаб’яднанні па ўсім Саюзе болей былі непатрэбныя, бо не адпавядалі паноўнай ідэалогіі. Правадніком яе меўся стаць адзіны пісьменніцкі саюз, сяброўства ў якім было б абавязковым для ўсіх літаратараў.
І тым не менш у гісторыі беларускай літаратуры аб’яднанне «Полымя» застанецца як прыклад удалай супрацы аўтараў рознага веку, калі тыя змаглі паразумецца і знайсці агульную мову. Такое рэдка здараецца ў калялітаратурных справах, бо звычайна кожнае новае пакаленне творцаў імкнецца скінуць з «парахода сучаснасці» сваіх папярэднікаў.
Л. Г., budzma.org