Летам 1913 года на першай паласе «Нашай Нівы» з’явіўся артыкул пад назвай «Сплачывайця доўг», пасля апублікавання якога распачалася першая шырокая дыскусія ў гісторыі беларускай літаратуры. Аўтар артыкула, Вацлаў Ластоўскі, заклікаў перастаць аплакваць занядбаны край і ўрэшце перайсці да стварэння пазітыўнага вобраза нашай краіны.
Натхнёны гэтай публіцыстыкай, Максім Багдановіч напіша потым свой геніяльны «Апокрыф».
Але ці ўсё было сапраўды так кепска?
Беларуская літаратура «нашаніўскага» перыяду і праўда з’яўлялася надта «плаксівай», калі можна так сказаць. Грашылі гэтым і будучыя класікі — Янка Купала ды Якуб Колас, ну а аўтары меншага калібру і пагатоў. Трэба думаць, трымалі генеральную лінію, якая была закладзена яшчэ Францішкам Багушэвічам. Бо менавіта яго называюць бацькам найноўшай беларускай літаратуры.
Карацей, нічога вясёлага.
Але і ў гэтае царства нэндзы прарываліся промні сонца. Бо былі людзі, якія нягледзячы ні на што з аптымізмам глядзелі наперад і бачылі абрысы будучыні.
Так, годам раней, у сакавіку 1912 года, на старонках «Нашай Нівы» з’яўляецца маляўнічы абразок «Перад раніцаю», які распавядае нам пра цяжкае жыццё сялянаў. Напісаны ён па тых часах вельмі сучасна, гаворка вядзецца ад першай асобы:
«...Устала перад вачамі маімі адна раніца...»
А далей усім вядомы сюжэт: сяляне, коні, ралля. Звыклы беларускі матыў.
Выбіваецца з яго хіба што канцоўка, якая не ўпісваецца ў канон:
«...Скора, скора настане твой дзень шчасьця, родны браце! Усе маладыя сілы — дзеці беларускага народа дружнаю хеўраю панясуць табе свет навукі і жыццёвую практыку; пабяжыць тады адусюль цемень, і год за годам будуць расці твае сілы цела і душы, і здаровы ўжо каняка ўздыме тваю зямлю дзеля ўрадлівага збожжа...»
І подпіс — Назар Бываеўскі.
Крыху болей чым праз месяц, у сярэдзіне траўня 1912-га, на старонках той самай «Нашай Нівы» з’явіцца кранальны верш Бываеўскага:
Вечар ясны, ціхі;
Спіць у тумане поле,
На блакітным небе
Блішчыць агню мора...
Захаднога сонца
Золатам багата
Зверху і данізу
Ўся заліта хата...
І за краем поля,
Дзе ляжыць дарога,
Вярхі чырванеюць
Лясістага лога.
Дык хто ж гэты загадкавы аўтар «першай беларускай газэты з рысункамі»?
Пад псеўданімам Назар Бываеўскі хаваўся ўраджэнец Слуцка Восіп Лявонавіч Дыла, больш вядомы, як Язэп Дыла. Дзеяч сапраўды нацыянальнага маштабу, унёсак якога ў беларускую справу ўсё яшчэ як след не ацэнены.
Партрэт Язэпа Дылы, 1926 год. Аўтар – Валянцін Волкаў
З маладых гадоў Дыла цікавіўся палітыкай і захапляўся левымі сацыялістычнымі ідэямі. Магчыма, праз тое, што вучыўся ў раннія гады ў Альгерда Абуховіча — удзельніка паўстання 1863–1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Пасля сканчэння Слуцкай гімназіі ён паступае ў Ветэрынарны інстытут горада Юр’еў (цяпер Тарту, Эстонія), які, аднак, скончыць не здолее. І тым не менш лёс падрыхтаваў яму досыць цікавае і насычанае жыццё, нягледзячы на адсутнасць дыплому аб вышэйшай адукацыі.
Дыла, як і ягоны сябар Зміцер Жылуновіч, парадаксальным чынам бачыў абрысы будучыні і хуткую эпоху пераменаў. Жылуновіч, які дэбютаваў на старонках «Нашай Нівы» ў 1909 годзе, таксама глядзеў на рэчаіснасць больш пазітыўна, чым сярэднестатыстычны беларускі аўтар той пары.
У часе паміж дзвюма рэвалюцыямі 1917 года Язэп Дыла з галавой акунаецца ў вірлівае палітычнае жыццё. У пэўны час ён нават разам са Змітром Жылуновічам і Фабіянам Шантыром паспее пабыць адным з лідараў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Нягледзячы на свае марксісцкія пагляды, ён не забывае і пра нацыянальнае. І гэта можна лічыць крэдам усяго ягонага жыцця.
Вялікая беларуская рада, 1917 год. Язэп Дыла сядзіць у самым цэнтры
Калі ў 1919 годзе была абвешчана ССРБ на чале са Змітром Жылуновічам, Язэп Дыла заняў у часовым урадзе пасаду наркама працы. А ўжо праз месяц ён будзе ў ліку тых трох «міністраў», каго арыштуюць свае ж — бальшавікі.
1920-я гады былі больш спагадлівымі для яго. У першай палове «вірлівага» дзесяцігоддзя ён займае самыя розныя пасады, працуе ў Інбелкульце. Гэта менавіта яго дбаннямі была адшуканая магіла Максіма Багдановіча ў Ялце, а таксама атрыманы архіў паэта. Трапіў Дыла і на старонкі мастацкай літаратуры. Францішак Аляхновіч у сваёй знакамітай аповесці «У капцюрох ГПУ», апісваючы Беларускі Дзяржаўны Тэатр узору 1927 года, адным сказам фіксуе — «За дырэктара тэатру быў Дыла».
Супрацоўнікі Інбелкульта ў 1922 годзе. Язэп Дыла стаіць крайні справа
У тым жа 1927 годзе Язэп Дыла выступае ў якасці кансультанта на здымках гістарычнага фільма «Кастусь Каліноўскі», які выйдзе на шырокія экраны ў наступным годзе. Кажуць, што менавіта яму належыць ідэя пабудаваць тэатр на Траецкай гары...
Але ў 1930 годзе фартуна ад яго адварочваецца. Яго арыштоўваюць па сфабрыкаванай справе Саюза вызвалення Беларусі. Высылаюць спачатку ў Кунгур, а потым дазваляюць перабрацца ў Саратаў. Там ён будзе падтрымліваць сяброўскія стасункі з Вацлавам Ластоўскім. Паўторна Дылу арыштуюць у 1938 годзе, але ў 1939-м выпусцяць.
На радзіму ён так ніколі болей і не вернецца.
Але разам з тым ніколі не будзе забываць пра родную старонку. Дыла будзе пісаць і дасылаць у Беларусь свае творы. А малады даследчык Адам Мальдзіс выправіцца да яго ў 1968 годзе, каб сустрэцца з апошнім жывым народным камісарам першага ўраду Савецкай Беларусі.
Язэп Дыла памрэ ў 1973 годзе ва ўзросце 93 гадоў. А ў 1981 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйдзе невялічкі томік з ягонымі творамі: проза, паэзія, драматургія, успаміны, публіцыстыка. Пры іншым збегу абставін ён бы мог быць у разы большым, але як ёсць.
І тым не менш цікавым застаецца той факт, як дакладна спраграмаваў будучыню Назар Бываеўскі ў 1912 годзе.
Канстанцін Касяк, budzma.org