Як забіць вялізнага Цмока, які з’еў сонца? Што стала з разбойнікамі, якія прымерылі воўчыя шкуры? Чаму не варта абражаць таямнічага чараўніка Пацейку, які запрагаў у воз вялізнага жука?.. Усе адказы — у зборніку казак, які выйшаў у выдавецтве Gutenberg.
Аўтар казак ды ілюстрацый — Мечыслаў Ян Супрон. Гэта не «народная творчасць», як мы звыкліся. Але і тут не ўсё проста, бо сюжэты паходзяць з сям’і. Так, так, ажно да канца ХХ ст. сярод вясковых людзей на спрэс каталіцкай Лідчыне памяталі старыя паданні і забабоны!
«...Мая бабуля Юзэфа была ўпэўненая ў тым, што яе суседка па хутары наводзіць чары і крадзе ў кароў малако. А бабуля Галя пераконвала, што рапуха, якая забралася ў хату, — праяўленне нячыстай сілы, і каб адвесці няшчасце, трэба яе спаліць у печы», — піша аўтар у прадмове.
Тамсама чытаем пра сонечнае зацьменне, якое вяскоўцы разумелі адназначна: сонца з’еў Цмок. Прабабуля аўтара згадвала што на Месяцы можна разгледзець двух братоў, які пасварыліся між сабой (гэты сюжэт вядомы даследчыкам этнаастраноміі).
Мечыслаў Ян Супрон перапрацаваў пачутае ў дзяцінстве ды — склаў зборнік аўтарскіх казак.
Каго сустракаем на старонках кнігі? Вечнага балбатуна Паплю, які не карыстаецца шанцамі, якія дае яму лёс. Купца Каспара, які скраў у добрых людзей куфар, а пасля — расплочваецца за злачынства. Пана Салагуба і засцянковага шляхціца Забелу-Залескага, качку з залатой дзюбай і вядзьмарку Грагу... Урэшце, Шэрага ката, які любіць «вадзіцу піць ды рыбку лавіць».
Гэта цёплыя пастаральныя гісторыі для дзетак, акурат на шэрыя зімовыя вечары. З простай мараллю: рабі добрае і Свет да цябе будзе добры. А кожнае злачынства мае наступствы.
Прычым, скрадзены купцом Каспарам куфар мае свой рэальны прататып: куфар прабабулі аўтара Разаліі Аліферовіч з Козелаў, які з 1886 года перадаваўся ў сям’і як пасаг ад маці да дачкі.
Асабліва каштоўнымі падаюцца аўтарскія ілюстрацыі. Мечыслаў Ян Супрон вядомы як рэканструктар гістарычнай забудовы. Таму чытач пазнае на малюнках абрысы старога Менска, Горадні, Нясвіжа ці — маёнтка Панятоўскага Станіславова, дзе аўтар пасяліў пана Салагуба. Беларускія казкі ў нас асацыююцца з вясковым ландшафтам, а тут — гарадскія «дэкарацыі» з касцёламі, ратушамі і палацамі часоў ВКЛ.
Некаторыя сюжэты я б назваў нават вусцішнымі. Напрыклад, гісторыя пра разбойнікаў, якія апранулі воўчыя шкуры ды... так і не змаглі іх зняць. Або — пра спаленую жыўцом ведзьму, якая перакінулася жабай: «...з коміну вылецеў касмыль чорнага смярдзючага дыму, падобны да вядзьмаркі на мятле. Падзьмуў вецер, дзіўны абрыс развеяўся і знік». Але мяккасць і пазітыўная атмасфера расповеду ад гэтага не губляецца.
Адзінае пытанне, якое застаецца пасля прачытання: ці дзеці ўсё зразумеюць? Гаворка пра побыт, звыклы для нашых прабабуляў, але зусім нязвыклы для нас: «...трэба араць, баранаваць, сеяць, касіць, грэбці, вазіць сена, жаць жыта, вазіць снапы, ставіць копы, малаціць, веяць». Як тыя копы выглядаюць ды што там малаціць, а пасля веяць — сёння разумее не кожны 30-гадовы дарослы.
Зрэшты, магчыма, усё гэта — частка магіі і таго казачнага свету, які стварае аўтар. Далёкага і недасяжнага.
Прыдбаць зборнік «Залатое зерне» можна на сайце выдавецтва Gutenberg
Таксама — у беларускіх кнігарнях у Польшчы ці на сайце Allegro.
Фота Юліі Рай
Кніжку прачытаў Алесь Кіркевіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ: Альгерд Бахарэвіч: У топ найлепшых кніг беларусам варта дадаць слоўнік, пажадана этымалагічны