Вось мы і апынуліся ў моманце, калі выраз «гэты год стаў цяжкім выпрабаваннем» у дачыненні да Беларусі пачаў успрымацца як сцёртае клішэ. Ужо трэці сезон запар справы для нас складаюцца не найлепшым чынам, і што самае дрэннае — падаць яшчэ ёсць куды. Гэтым разам да каронавіруса, сілавых рэпрэсій і санкцый дадаўся яшчэ і саўдзел у вайне ва Украіне з усімі яго наступствамі. Паціху пачала фарміравацца новая рэчаіснасць, якая штурхнула нас у часы новых 90-х — калі правілаў не існуе, усё трэба пачынаць спачатку, а вось адчування, што ўсё будзе добра, як у тым аднайменным постсавецкім фільме Дзмітрыя Астрахана, больш няма.
Пра вынікі года ў беларускім кіно піша на budzma.org кінакрытык Тарас Тарналіцкі.
Новыя выклікі паўсталі і перад беларускім кіно, кінабізнесам і нават простымі гледачамі. Вясной з экранаў кінатэатраў сышоў увесь кантэнт галівудскіх кінастудый, а ў канцы восені ціха вярнуўся ў «пірацкім» выглядзе. «Беларусьфільм» цалкам патрапіў пад уплыў сілавікоў з КДБ і ператварыўся ў інструмент па стварэнні кінапрапаганды, у якім кампрамісы не існуюць. Беларускія рэжысёры і арганізатары фестываляў, каб захаваць сябе, эмігравалі за мяжу, сышлі ў адкрытую партызаншчыну ці заняліся іншымі справамі. Павестка рэпрэсій у Беларусі на міжнародным узроўні перастала быць хоць камусьці цікавай, акрамя саміх беларусаў, мігрантаў ці экспатаў. Пры гэтым нізавыя ініцыятывы ад прадстаўнікоў кінасупольнасці даюць надзею, што не ўсё яшчэ страчана.
А зараз пра ўсё гэта больш дэталёва.
Падзея года — вайна ва Украіне
Сапраўды, культура наўпрост залежыць ад геапалітыкі. Як, у прынцыпе, і ўсе іншыя сферы жыцця грамадства. Калі вы пра гэта не ведалі, то вітаю вас у нашым новым дзіўным сусвеце! Калабарацыя ўладаў з Расіяй, якая адчула сябе пакрыўджанай на ўсіх імперыяй, разбурыла сталыя эканамічныя, культурныя, агульначалавечыя стасункі беларусаў з іншым цывілізаваным светам.
Калі разглядаць пытанне праз кіношнае вымярэнне, то на пералік усіх пераменаў не хопіць пальцаў абедзвюх рук.
З самага балючага — няўзноўлены ад пандэміі прыватны кінапракат краіны апынуўся пад пагрозай поўнага знішчэння (калі што, 80% грошай прыносіў паказ менавіта галівудскіх стужак, праваўладальнікі якіх сышлі з нашага рынку).
Незалежныя кінематаграфісты сутыкнуліся з, дзякуй богу, пакуль адзінкавымі праявамі кэнсіленгу ад заходніх культурных устаноў, а прадзяржаўным толькі і засталося, што рэалізоўваць прапагандысцкую замову. І праект «Беларусьфільма» «Мы адзіныя», прысвечаны нібы гаротнаму жыццю ў Заходняй Беларусі ў 1920-я — 1930-я гады пад «польскім прыгнётам», стаў яго сімвалам.
Зараз шмат што залежыць ад дынамікі баявых дзеянняў і ступені ўцягнутасці Беларусі ў гэты працэс. Калі ўдзел павялічыцца, то цалкам відавочна, што беларускае кіно не чакае нічога добрага.
Найлепшы кінапраект года — дакументальны напрамак ютуб- і тэлеканалаў M*l*nka, «Настоящее время», «Б**с*т»
Дзяржаўныя СМІ часта называюць «Беларусьфільм» адзінай кінафабрыкай краіны, але гэта патаснае сцвярджэнне вельмі далёка разышлося з рэчаіснасцю. Зараз на нацыянальнай студыі засталася вельмі абмежаваная колькасць аўтараў, здольная рабіць хоць кімсьці акрамя чыноўнікаў запатрабаваны мастацкі прадукт. Усе больш-менш актыўныя стваральнікі дакументальнага і гульнявога кіно сышлі працаваць на «Б**с*т», які зараз выглядае фактычна другім «Беларусьфільмам» па канцэтрацыіі беларускіх кіношнікаў. Частка пачала па-партызанску здымаць рэпартажную тэледакументалістыку для праектаў «Жыве Беларусь» пражскага канала «Настоящее время» ці літоўскага ютуб-канала M*l*nka. Гэта гісторыя пра беларусаў, якія працягваюць жыць у такія няпростыя часы на радзіме, ці быт эмігрантаў, вопыт іх пражывання 2020 года. Канечне, большасць такога кантэнту па сваёй мастацкай форме пасуе для ютуба ці тэлебачання, не прэтендуючы на скарэнне кінафестываляў, але ў сітуацыі, калі трэба хаця б захаваць сябе і прафесію, такі кампраміс падаецца найлепшым з магчымых.
Фестываль года — усе беларускія кінафестывалі, якія змаглі адбыцца
У сітуацыі агульнаграмадскай псіхалагічнай траўмы, нанесенай нам рэпресіямі і вайной, кіно стала той хованкай, у якой змаглі хоць трохі выдыхнуць ад крыважэрнай інфапавесткі. Таму можна толькі падзякаваць усім арт-менеджарам, якія ў гэтым годзе не апусцілі рукі і працягнулі сваю няпростую справу. Непасрэдна ў Беларусі гэта рабіла сталая каманда «Нефільтраванага кіно», неафіты новага фестывалю «Глядач», арганізатары оўпэн-эйр фэсту нямых фільмаў «Кінемо». А за мяжой — «Бульбамуві» ў Польшчы, «Паўночнае ззянне» анлайн і афлайн з Літвы і Эстоніі, «1084. На мяжы» з ваюючай Украіны.
Кінатэатр года — усе прыватныя кінапракатчыкі
Праз вайну прыватным пракатчыкам стала вельмі цяжка працаваць у Беларусі. Але прайшоўшы праз мноства ахвяр, яны змаглі адаптавацца і да новых умоў, не зачыніўшыся. Атрымалася нават наадварот, з’явіліся новыя кропкі для кінапрагляду. Так, Silver Screen адчыніў новы мульціплекс у сталічным ГЗЦ Palazzo c залам IMAX (праз санкцыі паказвае кіно ў звычайным фармаце), а на рынку з’явіўся новы гулец — расійская кінасетка Skyline Cinema, якая запрацавала ў Мінску і Рэчыцы. Пры гэтым аўтакінатэатры, якія ратавалі гледачоў падчас пандэміі, цалкам зніклі. Кіназалы, якія знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы, працягнулі існаваць за бюджэтныя субсідыі.
Скандал года — здымкі альбо паказ гульнявога кіно пра пратэсты 2020 года
Калі ў 2019 годзе ўсіх скарыў брытана-амерыканскі серыял «Чарнобыль» шоўранера Крэйга Мэйзіна, было шмат размоў, чаму такі серыял не змаглі б стварыць беларускія кінематаграфісты. Пасля 2020 года адказ стаў зразумелы. Грамадству, якое перажыло моцны траўматычны вопыт, цяжка даецца ўспрыманне фактаў, што хтосьці можа стварыць гульнявую інтэрпрэтацыю гістарычных падзей, якая выходзіць за межы рэальнасці. Менавіта таму спачатку наганяй атрымаў Андрэй Курэйчык за свой серыял «Акрэсціна», які дагэтуль не трапіў на экраны, а потым усе пераключыліся на праклёны расійскага рэжысёра Барыса Гуца, які зняў атракцыён жахаў «Minsk», што адбыліся на cталічных вуліцах 9 жніўня.
Толькі фільм «У жывым эфіры» Мары Тамковіч, прысвечаны стрыму з марша памяці Рамана Бандарэнкі, на фестывалі «Бульбамуві» гледачы ўспрынялі больш спакойна. Хоць у журналісткі Дар’і Чульцовай, якая здымала гэты стрым, ён выклікаў супярэчлівыя пачуцці. Дзяўчына тлумачыла, што ёй цяжка ўспрымаць тое, што яна пабачала на экране, паколькі добра памятае, як ўсё было на самой справе. Вось і невядома, калі настане той час, калі беларускія гледачы спакойна паставяцца да гульнявога кіно па нашай найноўшай гісторыі.
Учынак года — калектыўныя дзеянні кінасупольнасці
Пакуль улады былі занятыя рэпрэсіямі і падтрымкай ваеннай агрэсіі Расіі, простыя беларусы маглі разлічваць толькі адно на аднаго. Сімвалам гэтага канструктыўнага працэсу датычна кіно можна лічыць і стварэнне публічнага ліста беларускай кінасупольнасці супраць вайны і ў падтрымку Украіны, і ўзнагароджанне лаўрэатаў незалежнай прэміі кінапрэсы «Чырвоны верас», і збор сродкаў на дапамогу ўкраінскім дакументалістам на працу ва ўмовах вайны і г. д. Адбылося шмат якасных падзей, якія сведчаць, што беларусы ў цяжкія часы могуць гуртавацца і падтрымліваць адно аднаго.
Найлепшы поўнаметражны гульнявы фільм — «Дзіцячы фільм» Мікіты Лаўрэцкага
Вайна і рэпрэсіі затармазілі, але не спынілі мастацкі працэс у краіне. Нават у поўнаметражным гульнявым кіно было што паглядзець: «Лекі для Веры» Андрэя Лескіна, «Мішэнь» Аляксандры Бутар, «Шчыра вітаем у сям’і» Уладзіміра Зінкевіча, «Аліўе» Андрэя Нікіфарава і Ігара Чатверыкава і г. д. Але ўсе яны прайшлі, што называецца, міма касы, не змаглі дапамагчы адрэфлексаваць тое, што зараз з намі адбываецца.
Мікіта Лаўрэцкі. Фота: doclisboa.org
А ў Мікіты Лаўрэцкага, сапраўднага ўладара фестывальнага андэграўнду, гэта атрымалася. У сваёй новай эксперыментальнай працы «Дзіцячы фільм» ён сочыць за самотным бытам маладой дзяўчыны (у галоўнай ролі Вольга Кавалёва, муза і дзяўчына Мікіты). Яна гуляецца з коткай, гатуе ежу, мастурбуе, слухае музыку, займаецца аэробікай — і пры гэтым не можа адарвацца ад прагляду відэа з пратэстамі. А яшчэ дзяўчына перыядычна перапранаецца ў анімэшны касцюм і з вялікім нажом кудысьці сыходзіць з кватэры, у якую праз некалькі дзён урываюцца монстры ў міліцэйскай форме. Безумоўна, Мікіта рэагуе на тое, што беларусы перажываюць ужо два гады — страх перад гвалтам і жаданне адпомсціць усім вінным у ім. І калі гэта набывае форму файцінгу дзяўчын-анімэшніц супраць нягеглых монстраў — хто я такі, каб такое кіно крытыкаваць. Кожны сам шукае свой шлях лекавання ўнутранай траўмы. І метад Лаўрэцкага, безумоўна, працуе.
Найлепшы кароткаметражны гульнявы фільм — «Смеццевая галава» Юрыя Сямашкі
Маленькі шэдэўр режысёра і аніматара Юрыя Сямашкі, кінематаграфіста-аматара, які нават не мае мастацкай адукацыі. Гісторыя пра няўдачлівага акцёра, які знаходзіць у смеццевым кантэйнеры жывую галаву з пап’е-машэ, якая можа не толькі размаўляць, але і выканаць адно жаданне свайго новага гаспадара, але з непрыемнымі наступствамі.
Смеццевая галава. Фота bulbamovie.wordpress.com
Іранічная і трохі змрочная эскапісцкая прытча сумяшчае цацачную анімацыю з гульнявым кіно. «Смеццевая галава» ў стане не толькі прынесці задавальненне ад прагляду, але і нагадаць гледачу жыццёвую ісціну пра тое, што здзяйснення ўласных мар трэба баяцца.
Найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм — «Мара» Сашы Кулак
Фільмаў пра пратэсты 2020 года у малой і вялікай форме выйшла ўжо шмат, і яшчэ больш з’явіцца ў будучыні. Да гэтай пераломнай для ўсяго грамадства падзеі яшчэ не раз непазбежна звернуцца кінематаграфісты. Але што бы яшчэ не выйшла, стужка «Мара» рэжысёркі Сашы Кулак дакладна не згубіцца на агульным фоне.
Эксперыментальная фантасмагорыя пра багіню Мару — Чырвоную каралеву — якая трапляе ў сапраўдны пратэсны Мінск 2020 года, каб нібы дапамагчы яго жыхарам атрымаць свабоду, апынецца звычайнай спалоханай дзяўчынай з бумажнай каронай на галаве і белай маскай на твары. А фільм пра надзею ў лепшае — у змрочную казку з дрэнным канцом. Кулак зняла кіно не проста пра контррэвалюцыю, падаўленне мірных пратэстаў грубай сілай, а агулам пра сталенне беларускага грамадства. Бо толькі пасля страты наіўнасці і ілюзій мы з дзяцінства пераносімся ў дарослае жыццё, якое працуе больш складана, чым нам падавалася раней.
Найлепшы кароткаметражны дакументальны фильм — «І зноў Беларусь» Івана Фёдарава
За гэтыя тры гады беларусы перажылі вельмі шмат драматычных падзей, якіх жыхарам больш эканамічна і палітычна стабільных краін хапіла б на дзесяць ці дваццаць гадоў. Зараз у нас інфапавестка запоўнена навінамі пра вайну, што замінае талкова адрэфлексаваць нядаўную мінуўшчыну, якая амаль сцерлася з памяці.
«І зноў Беларусь» прысвечаны такой, амаль ужо забытай, але вельмі важнай падзеі — эмігранцкаму крызісу на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза, штучна створанага беларускімі ўладамі для шантажу Еўрасаюза. Але кіно не пра палітыку — гэта падарожжа за марай, сучасная Адысея чатырох маладых курдаў, якія імкнуцца трапіць ў Германію. Ананімны аўтар (Іван Фёдараў — гэта псеўданім) ва ўмовах рэпрэсій супраць журналістаў і дакументалістаў зняў вельмі інтымную і па-чалавечы зразумелую гісторыю аб пошуках лепшага жыцця. Ва ўмовах няспыннай эміграцыі з Беларусі, Украіны і Расіі гэта кіно падаецца звышактуальным.
Найлепшы анімацыйны фільм — «Занадта вялікі малюнак» Генадзя Бута
Сыходзячы год атрымаўся неўраджайным на анімацыйныя працы. Штосьці выпускалі незалежныя аўтары, выходзілі працы і ў штатных супрацоўнікаў анімацыйнай студыі «Беларусьфільм». Але зачапіў, як не дзіўна, дакументальны перформанс «Занадта вялікі малюнак» мастака з Гарадзеншчыны Генадзя Бута, які стала жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу. Ен даўно займаецца эксперыментальнай анімацыяй, якая мае зусім розныя формы: ад класічнага і трохмернага малюнкаў, відэакалажаў да нават дакументальнага перформанса.
«Занадта вялікі малюнак» — гэта менавіта дакументальны перформанс пра прыгоды алоўка мастака па розных мясцінах, прыродных пейзажах і краінах. А яшчэ гэта вельмі простая і пры гэтым моцная метафара пра сутнасць творчасці і яе межаў, ролю і магчымасці мастака ў ёй. Сэнсаў тут можна адшукаць настолькі шмат, што нават і не дзіўна, чаму гэта праца паўдзельнічала ў мностве міжнародных фестываляў эксперыментальнага кіно.
Найлепшы прадзюсар — Віктар Бойка
Гэта крыху чыцерская намінацыя, але, як мне падаецца, незвычайныя часы патрабуюць незвычайных учынкаў. У канцы жніўня за краты трапіў акцёр, кастынг-дырэктар, прадзюсар, а зараз палітвязень Віктар Бойка. Яго нібы распазналі на адным з вулічных маршаў 2020 года і завялі крымінальную справу па артыкуле № 342 («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Зараз арыштамі і крымінальнымі справамі нікога ўжо не здзівіш, яны ператварыліся ў арганічную частку беларускага жыцця. Але гэта ненармальна, так быць не павінна, і пра тое неабходна пастаяннна ўзгадваць.
Калі вы з гэтым згодныя, падтрымайце Віктара лістом ці дашліце святочную паштоўку па адрасе: горад Мінск, СІЗА-1, вуліца Валадарскага, 2.
Найлепшы рэжысёр — Руслан Фядотаў
У гэтым годзе шмат беларускіх рэжысёраў атрымалі ўзнагароды на міжнародных кінафестывалях. Немагчыма нават усіх пералічыць. Але на агульным фоне трэба вызначыць Руслана Фядотава, які ўжо два гады запар скарае ўплывовы кінафорум дакументальнага кіно IDFA, які месціцца ў Амстэрдаме.
Фота з асабістага архіву Руслана Фядотава
Гэтым разам дакументаліст з Магілёва атрымаў прыз у намінацыі «Лепшы кароткаметражны фільм» за фільм «Прэч» пра двух украінскіх падлеткаў-уцекачоў, якія жывуць у Будапешце. А мінулым разам былі дзве ўзнагароды («Лепшы поўнаметражны дэбют», «Лепшая аператарская праца») за фільм «Куды мы ідзем», іранічнае даследаванне жыцця маўскоўскага метро, якое аўтар здымаў цягам года. Што тут скажаш, беларуская дакументалістыка пакуль што застаецца галоўным напрамкам кінамастацтва, якім мы можам ганарыцца.
Чытайце па тэме: Рэжысёр Руслан Фядотаў: «Калі ты не чуеш людзей, ты сам у сябе адымаеш будучыню»
Найлепшы блакбастар у пракаце — «Анчартад: На мапах не значыўся»
Як было напісана вышэй, камерцыйны пракат у Беларусі фактычна ператварыўся ў гарбуз пасля 24 лютага. І большасць вялікіх міжнародных прэм’ер беларускія гледачы пабачылі ўжо анлайн: у легальным ці пірацкім выглядзе. Але нават пры адсутнасці новага цікавага кантэнту, пустэчу ў сетцы паказаў патрэбна было нечым запаўняць, і лепш за ўсё з гэтай задачай справіўся прыгодніцкі фільм «Анчартад» Рубена Фляйшэра, экранізацыя аднайменнай серыі відэагульняў пра прафесійнага паляўнічага на скарбы Нейтана Дрэйка.
Стужка выйшла ў пракат 10 лютага і засталася на экранах аж да канца лета, то-бок была ў пракаце добрыя паўгады. Не сказаць, што ў гэтым ёсць заслуга аўтараў фільма, які атрымаў даволі змяшаныя водгукі і ад гледачоў, і ад крытыкаў. Проста на фоне жудасных навін нават дрэнная гісторыя пра маладога паслядоўцу справы Індыяны Джонса, якога сыграў брытанскі акцёр Том Холанд («Чалавек-павук» ад Marvel), апынулася лепшым варыянтам пабегу ў экзатычны свет, дзе хоць нешта сканчваецца добра.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org