Палітычныя рэпрэсіі і дзяржаўная цэнзура пачынаючы з 2020 года амаль цалкам зруйнавалі незалежныя медыя, а з імі следам — інстытут беларускай кінакрытыкі. Чытачоў цяпер справядліва цікавяць больш надзённыя пытанні: палітыка, рост коштаў і верагоднасць паўнавартаснага ўдзелу Беларусі ў вайне. Культурныя жыццё, якое і так перажывае не лепшыя часы, зноў несправядліва апынулася на ўзбочыне грамадскага інтарэсу.
Каб выправіць гэту несправядлівасць хаця б у дачыненні да кіно, «Будзьма беларусамі» і журналіст Тарас Тарналіцкі распачалі сумесны праект «Беларускае кіно на зломе эпох». Цягам наступных месяцаў з’явіцца 30 тэкстаў-рэцэнзій, прысвечаных найбольш уплывовым і вартым увагі, па суб’ектыўным меркаванні аўтара, айчынным фільмам, якія выйшлі за апошнія чатыры гады. Сярод іх будуць працы пра вайну ва Украіне, пратэсты 2020 года, сілавы тэрор з боку ўладаў, піяр дзяржаўнай ідэалогіі, праявы цэнзуры і шмат што яшчэ.
Тарас Тарналіцкі
Першая рэцэнзія — пра аўтарскі серыял Андрэя Кудзіненкі «10 жыццяў Мядзведзя», які ўвосень 2022 года па загадзе Мінкульта знялі з праграмы кінафестывалю «Лістапад» і камерцыйнага пракату.
«Дзесяць жыццяў Мядзведзя». Гульня ў настальгію
Школьніца Мая, яе прыкаваны да інваліднага вазка аднакласнік Гера і пранырлівы спартовы журналіст Ленкін ненаўмысна становяцца закладнікамі эксперыментальнай відэагульні, пабудаванай на біяграфіі алімпійскага барца Аляксандра Мядзведзя. Спартоўца ўсе добра ведаюць: Мая — яго ўнучка, Ленкін напісаў біяграфію чэмпіёна, а Гера распрацаваў на яе аснове саму відэагульню. Каб выбрацца з віртуальнага палону, героям прыйдзецца прайсці ўсе ўзроўні і ўратаваць Мядзведзя ад смерці, якая ідзе па слядах алімпійца.
Кадр з фільма "10 жыццяў Мядзведзя"
Кіно, можа, і не кавалак хлеба, але таксама хуткапсавальны прадукт. Ён застаецца актуальным толькі пару год пасля стварэння. Доўгае выпрабаванне часам, калі толькі гэта не неўміручая класіка тыпу «Праверкі на дарогах» Германа ці «Зямля» Даўжэнкі, яно звычайна перажыць не ў стане.
Таму аўтарскі серыял Андрэя Кудзіненкі «Дзесяць жыццяў Мядзведзя», які паўтара гады таму стаў ахвярай палітычнай цэнзуры, чакае, хутчэй за ўсё, незайздросны лёс. Незалежна ад таго, як хутка ён праб’ецца на экраны.
Справа ў тым, што праект ствараўся на хвалі зацікаўленасці дзяржавы да калабарацыі з прыватнымі кінастудыямі. Ім у канцы 2010-х улада давала грошы пад цікавыя жанравыя праекты, мэтай якіх было прасоўванне пазітыўнага вобразу савецкага мінулага. Менавіта такім атрымаўся крымінальны трылер «Забароненая зона» Мітрыя Сямёнава-Алейнікава і таксама трохі пацярпелы ад цэнзуры біяграфічны серыял «За паўгадзіны да вясны» пра «Песняроў» і Мулявіна. Апошні, як і праект Кудзіненкі, таксама стварыла «Першая Кінавідэакампанія».
Вось толькі каму ва ўмовах посткаланіяльнага характару вайны ва Украіне патрэбны серыял, які рамантызуе СССР, не вельмі зразумела. Але гэта палова бяды. Нават калі заплюшчыць вочы на ідэалагічны вайб, пахваліцца аўтарам «Дзесяці жыццяў» асабліва няма чым.
І гэта здзіўляе, бо на паперы праект выглядаў вельмі амбіцыйна. Толькі ўявіце — прыгодніцкі раман сталення пра падлеткаў, якія праз выпрабаванні ў віртуальным свеце пачынаюць цаніць сапраўднае жыццё. І паралельна даведваюцца пра вехі з жыцця савецкага чэмпіёна. Сярод аб’ектаў для натхнення ў аўтараў былі галівудская франшыза «Джуманджы» і бойкая экранізацыя комікса «Скот Пілігрым супраць усіх», але фінальны вынік атрымаўся вельмі далёкім па якасці ад сваіх амерыканскіх аналагаў.
Справа тут не столькі ў грашах, якіх у аўтараў «Дзесяці жыццяў» насамрэч было няшмат, колькі ў агульнай халтурнасці падыходу да стварэння праекта. Праз гэта серыял, пачынаючы літаральна ад самага пачатку, невыносна глядзець.
Тут амаль адсутнічае экспазіцыя гісторыі, якая павінна пазнаёміць нас са зместам канфлікту і законамі існавання ў прасторы віртуальнай рэчаіснасці. Аўтары адразу кідаюць гледача з месца ў кар’ер, не турбуючыся аб неабходнасці губляць час на нейкія тлумачэнні. Матывацыя і асаблівасці герояў таксама ідуць пад нож, іх характары ў сцэнары прапісаны пункцірна, на ўзроўні тыпажу. Дзяўчынка Мая — капрызная і эмацыйная, хлопчык Гера — нудны нерд, журналіст Ленкін — тыповы трыксцер, схільны да лудаманіі.
Кадр з фільма "10 жыццяў Мядзведзя"
Бліжэй да фіналу характары герояў набываюць трохі большую складанасць, а іх прыгоды — пэўны сэнс, але каб датрываць да гэтага моманту, трэба набрацца цярплівасці. Што, падазраю, далёка не ва ўсіх атрымаецца. Большую ж частку фільма зразумець, што адбываецца на экране і навошта героі робяць тое, што робяць, даволі складана.
Спрэчна рэалізавана і канцэпцыя, калі кожная серыя — гэта новы ўзровень гульні, прысвечаны розным момантам з біяграфіі Мядзведзя. Тут згадваюцца гістарычныя падзеі (алімпіяды ў Мюнхене і ў Мехіка, дзе сапраўды ўдзельнічаў барэц) і аповеды з прыватнага жыцця, калі спартовец толькі нарадзіўся, сустрэўся з немцами і пазнаёміўся з жонкай. Але зразумець, дзе тут факты, а што аўтары проста нафантазавалі, немагчыма. З кавалкаў гэтага наратыўнага пазла не складваецца цэльная мазаіка вобразу Мядзведзя. Яго біяграфія па выніку так і застаецца цалкам хаатычнай і незразумелай, без дадатковага вывучэння «Вікіпедыі» тут не абысціся.
Пры гэтым няма дакладнага адказу, чаму відавочнае фіяска напаткала такога дасведчанага пастаноўшчыка як Кудзіненка. У аўтара за плячыма багаты вопыт у рэжысуры вялікай колькасці студыйных і незалежных праектаў, сярод якіх былі і падлеткавыя драмы — рэмейк «Розыгрышу» і праца над серыялам «Кадэцтва».
Магчыма, сваю ролю адыграла тое, што рэжысёр гэтым разам самастойна пісаў сцэнар з дапамогай пачынаючай кінематаграфісткі Ксеніі Вальчынскай-Крыжаноўскай, чаго раней не рабіў. А можа, са свайго боку праваліў працу прадзюсар праекта Віктар Лабковіч, якога пасля пачатку здымак арыштвалі і адпусцілі на волю толькі праз год, калі серыял, хутчэй за ўсё, быў на фінальнай стадыі стварэння.
Кадр з фільма "10 жыццяў Мядзведзя"
Як бы там ні было, разуменне, што і ў які момант у «Дзесяці жыццяў» пайшло не так, не дадае матывацыі да яго прагляду. У праекта не так шмат шанцаў выстаяць у канкурэнтнай барацьбе з іншым забаўляльным і больш уцямна зробленым кантэнтам, замежным ці мясцовым. Не дадае плюсаў і «беларускасць» серыяла, якая тут мае альбо размыты, альбо настальгічна-савецкі характар.
Адзіная стоадсоткавая адметнасць — гэта выпадак з цэнзураваннем, дзякуючы якому серыял атрымаў квіток у вечнасць як аб’ект культурных рэпрэсій пасля 2020 года. Але ў плане мастацтва ці якаснага атракцыёну тут асабліва няма чаго лавіць.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org
Чытаць яшчэ:
Рэжысёр Аляксей Палуян пра кіно і прадчуванне будучыні Беларусі