Наватарства і змены да лепшага — далёка не самыя відавочныя характарыстыкі, якімі можа пахваліцца беларускі кінематограф. Краіна амаль трыццаць гадоў прэе у цывілізацыйным вакууме, што непасрэдна адбіваецца на млявым развіцці культуры. Таму 2010-я, што акурат сыходзяць (усё ж гэты год каляндарна завяршае дэкаду дзесяцігоддзя), не ўнеслі ў айчынны кінапрацэс сур'ёзных зменаў: “Беларусьфільм”, які завяршыў рэканструкцыю, афіцыйна ўсё гэтак жа лічыцца адзінай апорай вытворчасці візуальнага мастацтва, за што атрымлівае ільвіную долю бюджэтных грошай ад Мінкульта. Магчымасцяў падтрымкі недзяржаўных студый і незалежных аўтараў па-ранейшаму не існуе. Як бачна, у параўнанні з нулявымі фармальна нічога не змянілася, акрамя адной важнай падзеі — з'яўлення новай генерацыі рэжысёраў, якія без падтрымкі дзяржавы рознымі спосабамі здымаюць асабістыя праекты, дамагаючыся адчувальнага поспеху: узнагарод на міжнародных фестывалях і невялічкіх перамог у камерцыйным пракаце. Што і казаць, раней такога ўсплёску прыватнай ініцыятывы ў беларускай кінаіндустрыі дакладна не здаралася.
У гэтым тэксце мы раскажам пра найбольш прыкметныя праекты і іх аўтараў, якія паўплывалі на вобраз будучыні айчыннай кінематаграфіі.
Рэж. Сяргей Лазніца
Наконт другой гульнявой стужкі ў кар’еры канцэптуальнага дакументаліста Сяргея Лазніцы, чый творчы шлях цесна звязаны з постсавецкай Беларуссю, Украінай і Расіяй, прынята жорстка спрачацца — ці з’яўляецца яна ўвогуле беларускай? Па правілах заходняй кінаіндустрыі — не, бо асноўныя грошы давалі прадзюсары з Германіі, Нідэрландаў, Латвіі і Расіі. Але змястоўна “У тумане” — стоадсоткавы нацыянальны твор, што абапіраецца на псіхалагічна дакладную ваенную прозу Васіля Быкава і стрыманую акторскую гульню Уладзіміра Свірскага. Барысаўчанін, які цяпер працуе ў Расіі, тут выконвае галоўную ролю пуцявога абходчыка Сушчэні, смерці якога прагнуць савецкія партызаны і нямецкія акупанты. Больш за тое, стужка здолела даказаць, што ва ўмелых руках “партызанфільм” можа быць цікавым фестывальным снобам: “У тумане” прэтэндаваў на галоўны прыз Канскага кінафестывалю, але пакуль нам не шанцуе.
Рэж. Мікіта Лаўрэцкі
Мінчука Мікіту Лаўрэцкага можна смела назваць сапраўдным чалавекам-аркестрам беларускага кіно. Хлопец не толькі ўласнаручна здымае стужкі з сваімі сябрамі і знаёмымі, дасылае на ўплывовыя фестывалі, але нават піша да іх тлумачальныя тэксты (гэта адбылося з яго альманахам “Драма”). Але галоўнай фішкай адэпта амерыканскага кінаандэграўнду, безумоўна, лічацца безбюджэтныя здымкі поўнаметражных стужак. Не тое каб у незалежным кінамастацтве тое было рэдкасцю, але Лаўрэцкі зрабіў гэты момант прынцыповым для сваёй творчасці, здабыўшы значны поспех. За пяць гадоў ён выпусціў фактычна тры вялікія карціны: рамантычную камедыю “Каханне і партнёрства”, хорар “Сашава пекла” і камедыйны трылер “Беларускі псіхапат”. Апошні, дзе гаворка ідзе пра цінэйджара, які хацеў пазбавіцца цнатлівасці на ўласным лецішчы, скарыў журы Нацыянальнага конкурсу “Лістапада” ў 2015 годзе і атрымаў узнагароду. Большай узнагароды стужкі Мікіты пакуль не атрымалі.
Рэж. Андрэй Курэйчык
Асоба Андрэя Курэйчыка перш за ўсё асацыюецца з расійскім папулярным, але не заўжды якасным кіно, для якога драматург вельмі актыўна піша сцэнары. Набіўшы руку на чужым рынку, ён вырашыў прыстасаваць схему вытворчасці камерцыйнага кіно да беларускіх рэалій, актыўна выкарыстоўваючы краўдфандынг, маркетынг, медыя- і прадакт-плэйсмент (згадванне брэнда ў кіно). Дзякуючы яго актыўнасці паўсталі іранічныя камедыі “Гараш” і “Party-zan фільм”, трылер “Унутры сябе”, хорар “Вупыры”. Не тое каб гэтыя стужкі аказаліся вартымі ўвагі вялікай аўдыторыі, але метад працы Курэйчыка паказаў эфектыўнасць. Аказалася, што без дзяржаўных грошай у Беларусі таксама можна здымаць кіно. А ў выпадку “Гараша”, бюджэт якога акупіўся тройчы, — нават і нешта зарабляць.
Рэж. Андрэй Кудзіненка
Піянерам беларускага незалежнага кіно прынята лічыць Андрэя Кудзіненку, які ў 2003 годзе зрабіў грунтоўнае аўтарскае пераасэнсаванне ваеннага кіно ў драме “Акупацыя. Містэрыі”, чым нарабіў шмат шуму. У сярэдзіне 2010-х рэжысёр працягнуў эксперыменты з кіно, стварыўшы “Хранатоп” — калектыўны праект аб міфалогіі сучаснага беларуса, рытуалах і абрадах нашага часу. Па задуме аўтара, які выбраў сабе ролю куратара і выкладчыка, удзельнікі павінны былі атрымаць навыкі здымак і стварыць кароткаметражную стужку, адразу выклаўшы яе ў сеціва. Але Кудзіненка пралічыўся з эгаістычнай чалавечай натурай — маладым аўтарам карцела паўдзельнічаць у фестывалях са сваімі стужкамі, што канфліктавала з дэмакратычнымі мэтамі праекта. У выніку “Хранатоп” праіснаваў усяго чатыры гады і закрыўся леташняй вясной. Так яшчэ адна кінаўтопія сышла на нішто.
Рэж. Анастасія Мірашнічэнка
“Дэбют” — другая поўнаметражная стужка ў творчасці дакументалісткі Анастасіі Мірашнічэнка, якая працуе на тэлеканале “Мір”, і апынулася яна ў гэтым спісе адразу з трох прычын. Па-першае, гэтае кіно — яркая праява ўсё мацнейшага трэнду на жаночы погляд на свет жанчыны. “Дэбют” прысвечаны лёсам беларусак, што трапілі за краты, і зроблена гэта вельмі змястоўна і кранальна. Па-другое, на першай “Нацыянальнай кінапрэміі” фільм атрымаў узнагароду як найлепшы негульнявы праект, што стала першай выразнай праявай лагоднасці дзяржкіно да незалежных аўтараў. Па-трэцяе, “Дэбют” быў прапанаваны для вылучэння на “Оскар” адразу ў дзвюх намінацыях — “Найлепшае кіно на замежнай мове” і “Найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм” — і нават трапіў у лонг-ліст амерыканскай прэміі. Неблагі вынік для стужкі, якую рэжысёрка зняла нейкім цудам.
Рэж. Юлія Шатун
Дэбютную эксперыментальную стужку Юліі Шатун, у якім зняліся яе бацькі, нельга назваць ні дакументальным фільмам, ні гульнявой карцінай. Твор зроблены на сапраўдным памежжы жанраў — “постдоку”, які прыдумала расійская кінадаследчыца Зара Абдулаева, — калі асабісты вопыт, інтымныя дэталі, жывая прастора правінцыйнага беларускага горада робяцца інструментамі для аўтарскага самавыяўлення. У постпраўду “Заўтра” можна не верыць, але больш шчырага фільма пра жыццё ў Беларусі ў 2010-х знайсці будзе цяжка. Сама аўтарка пакуль працягвае пошук уласнай кінамовы і нічога настолькі ж моцнага пакуль не зняла.
Рэж. Дар'я Жук
Апошнія некалькі гадоў званне аватара паспяховага беларускага кіно на постсавецкай прасторы ўтрымлівае гульнявая трагікамедыя “Крышталь”, знятая беларускай амерыканкай Дар'яй Жук. Падстаў так лічыць дастаткова: прэм'ера ў Карлавых Варах, прызы на Адэскім і Выбаргскім кінафестывалях, урэшце, скандальная намінацыя на "Оскар" ад Беларусі ў 2018 годзе. Стужка сапраўды па-майстэрску зробленая, прыгожа знятая і добра сыграная. Для айчыннага гульнявога кіно, якое часта немагчыма глядзець не скрыгочучы зубамі, гэта і праўда прарыў. І нават фільм-сенсацыя, як дзёрзка характарызуюць яго кінапракатчыкі. Усё гэта важныя словы, пакліканыя агітаваць іншых беларускіх рэжысёраў імкнуцца да супастаўнага выніку. Гэта складаецца ў вялікую моц, накладаючы на рэжысёрку вялікую адказнасць. Ці апраўдае Дар'я крэдыт даверу ў будучыні? Ну, яшчэ паглядзім.
Рэж. Улада Сянькова
Пра рэжысёрку з Віцебска Уладу Сянькову загаварылі чатыры гады таму, пасля выхаду знятага ўсяго за 4 тысячы даляраў “Графа ў апельсінах” — падлеткавай драмы пра сталенне маладых мінчукоў, што трапілі ў прыгоды пасярод беларускай правінцыі. У “II” Улада выконвае падобную звышзадачу — пераадольвае межы сацыяльнага заказу UNESCO, ствараючы сапраўднае кіно пра будні пакалення — школьнікаў правінцыйнага беларускага гарадка, — якое мусіць аказацца лепшым за сваіх бацькоў. Такога шчырага, дзёрзкага і духоўна вольнага кіно беларускі экран яшчэ ніколі не бачыў.
Рэж. Андрэй Куціла
Дакументаліст Андрэй Куціла і раней спрабаваў дакапацца да глыбіннай сутнасці сучаснай Беларусі, спрабуючы зразумець яе праз гісторыі маладых людзей (фільм “25”, 2016 год). У стужцы “Стрыптыз і вайна”, якая выйшла ў мінулым годзе і спачатку трапіла ў цэнзурнае сіта Мінкульта, аналіз нашага менталітэту падыходзіць да свайго бліскучага завяршэння. Аўтар дэманструе на прыкладзе адной сям'і — адстаўнога вайскоўца і яго ўнука, што танчыць стрыптыз, — універсальную дыхатамію суіснавання старога і новага, веры ў чужую звышідэю і ўласныя мары. Калі вы хочаце зразумець, што ў беларусаў у галаве, без прагляду гэтай стужкі не абысціся.
Рэж. Уладзімір Янкоўскі
У фокус увагі дзяржаўных кінематаграфістаў фігура класіка нашай літаратуры Янкі Купалы трапіла невыпадкова. Будучы фільм па сцэнары Алены Калюновай павінен стаць сімвалам ідэалагічнай барацьбы з Расіяй, адносіны якой ці то праз палітычную, ці то праз эканамічную інтэграцыі апошні год складваюцца не вельмі добра. Дзеля гэтага расійскі кліпмейкер Уладзімір Янкоўскі здымаў стужку на беларускай мове, чаго на “Беларусьфільме” не было амаль з савецкіх часоў.
“Купала” задуманы як размашысты баёпік, у якім жыццё песняра Беларусі прасочаць ад самага дзяцінства і да таямнічай гібелі ў гасцініцы “Масква”. Адпаведна, граць паэта ў розныя гады будуць розныя акторы. Што з усяго гэтага атрымаецца, пакуль прадбачыць складана: хоць здымкі і скончаныя, гатовы вынік бачылі толькі чыноўнікі і прэзідэнт, якому даслалі адмысловую копію стужкі. Хто ведае, можа, беларускае мова і прыжывецца ў гульнявой нацыянальнай студыі.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!