У міжнародную праграму X кінафестывалю «Паўночнае ззянне» увайшлі 15 фільмаў з краін Скандынавіі і Балтыі, якія можна будзе паглядзець online і offline з 4 па 21 лістапада. У іх рэжысёры і рэжысёркі па-свойму даследуюць культурныя, жанравыя і асабістыя вытокі, а таксама праз кіно разважаюць, што значыць заставацца верным сваім караням, калі свет навокал няспынна змяняецца.
«Песні Зямлі», 2023, Нарвегія
4, 9 лістапада — online з 00:00 да 23:59
4 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
Медытатыўны нарвежскі док неверагоднай прыгажосці адкрые кінафэст і зачаруе ўсіх аматараў National Geographic. У гэтую візуальную вандроўку глядач адпраўляецца разам з рэжысёркай Маргрэт Олін і яе 84-гадовым бацькам Ëргенам. Ф’ёрды, леднікі і вадаспады становяцца фонам для разважанняў аб нашых адносінах з прыродай, сувязях паміж бацькамі і дзецьмі і прыгажосці жыцця, а таксама для аповядаў Ëргена пра 55-гадовы шлюб з жонкай Магнхільд, іх агульныя радасці і філасофскае чаканне смерці. Фільм быў намінаваны на прэмію «Оскар-2024» ад Нарвегіі ды яшчэ і спрадусавалі яго рэжысёр Вім Вендэрс, а таксама актрыса і зорка фільмаў Інгмара Бергмана Ліў Ульман.
«Мара Герганы», 2024, Фінляндыя, Балгарыя
5 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Нон-фікшн драма пра жыццё аўтсайдара ад рэжысёра Таніслава Хрыстова. Геры — старшакласніца з маленькага балгарскага горада Враца, якая жыве ў дзіцячым доме і ўжо з малых гадоў даведалася, што такое самотнасць і жыццё без бацькоў. Яна марыць стаць сацыяльным педагогам, каб дапамагаць іншым дзецям, якія, як і яна, апынуліся на ўскрайку грамадства. Але перад тым, як адчыніць дзверы ў новае жыццё, Геры трэба здаць выпускныя экзамены і пераасэнсаваць складаныя ўспаміны аб хатнім гвалце і распадзе сям’і.
«Г — Гатсунда ў 21 дзеі», 2024, Швецыя, Данія
Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў
6 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Вяртанне ў родны горад не для ўсіх з’яўляецца натхняльным момантам. Для кагосьці, як для рэжысёра і галоўнага героя стужкі Лорана Баці, вяртанне да каранёў, гэта паездка ў самае небяспечнае месца Швецыі, горад Гатсунда. Там наркотыкі, гвалт і вулічныя банды — звыклая з’ява. Фільм уяўляе сабой асабісты, нефільтраваны погляд Баці на праблему жорсткасці бандаў у шведскіх прыгарадах, якая звычайна схавана ад старонніх вачэй за шырмай скандынаўскага дабрабыту. Балючы партрэт роднага месца, які ствараўся цягам пяці гадоў.
«Жыццё і іншыя праблемы», 2024, Данія, Швецыя, Вялікабрытанія
7 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Навукова-філасофскае разважанне пра сутнасць быцця. Стужка пачынаецца з забойства дацкай жырафы Марыуса ў капенгагенскім заапарку, гучнага інцыдэнту, які 10 гадоў таму абмяркоўваў увесь свет. Рэжысёр Макс Кестнер зачараваны пытаннем, што робіць чалавека настолькі ўсемагутным, што ён можа вырашаць лёсы жывёл. Дакументаліст праводзіць нас праз іранічнае даследаванне, у якім ён разам навукоўцамі шукае адказы на самыя глыбокія экзістэнцыяльныя пытанні.
«5 1⁄2 гісторый кахання ў адной вільнюскай кватэры», 2023, Літва, Ірландыя, Латвія
8 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Вуайерыстычны альманах пра каханне і расчараванні ў адной кватэры. Розныя па змесце, але аднолькава меланхалічныя гісторыі пра рамантычныя няўдачы і разбуральныя страсці аб’ядноўвае месца дзеяння — кватэра ў цэнтры Вільні, якая здаецца праз Airbnb. У фільме яна нібы асобны, маўклівы персанаж, што падглядвае за ўсімі, пасудзіна, якая літаральна трашчыць ад вылітых у яе чалавечых расчараванняў, якія ў канцы кожнай з навел спрабуе сцерці стомленая прыбіральшчыца Ёланта.
«Прамень», 2023, Данія
8 лістапада, 19:00, Варшава, к/т ’Kinoteka’ — квіткі на паказ ужо даступныя
10 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Дынамічны дакументальны фільм, які распавядае пра мала вядомы за межамі Даніі, але гучны арт-скандал вакол інсталяцыі мастачкі Элле-Мі Эйдруп Хансэн «Скульптура міру». Яна ўяўляла сабой лазерны прамень даўжынёй 532 кіламетры, які злучаў 6000 існуючых ваенных бункераў, пабудаваных дацкімі рабочымі для нацыстаў. Праект імкнуўся падкрэсліць трывожную дваістасць у калектыўнай памяці, гэткую гістарычную амнезію. Разадраўшы такім чынам гістарычныя раны, мастачка стала ахвярай сэксісцкага палявання на ведзьмаў з боку ветэранаў, СМІ і ўладаў, што амаль зруйнавала яе кар’еру на наступныя 20 гадоў.
«Лёд, які нас яшчэ трымае», 2023, Эстонія, Фінляндыя, Літва, Чэхія
11 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Іранічная і меланхалічная байка пра нястрымны бег часу і метафарычны лёд, які апошнім часам занадта тонкі, каб утрымаць нас усіх разам. У жыхароў паўночнага ўзбярэжжа Эстоніі ёсць шматвяковая традыцыя, якая ўзнікала з неабходнасці зэканоміць дзесяткі кіламетраў дарогі паміж гарадамі Хаапсалу і Ноароотсі. Яе сэнс у тым, што трэба праехаць некалькі кіламетраў па замерзлай вадзе праз Балтыйскае мора. З часам гэтая ледзяная дарога набыла асаблівае культурнае значэнне: на ёй праводзяцца этна-фестывалі і спаборніцтвы па драг-рэйсінгу. Шлях адкрываецца кожны год, але дарога — як прывід, бо ніхто не ведае дакладна, дзе і калі яна з’явіцца. Каб стварыць гэты фільм дакументаліст-эксперыментатар Арка Ок на працягу васьмі гадоў назіраў за мясцовымі карыстальнікамі дарогі.
«Balomania», 2024, Данія, Іспанія
Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў
12 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Дакументальны баявік пра пошукі свабоды самавыяўлення на прыкладзе гісторыі таемнай субкультуры бразільскіх стваральнікаў паветраных шароў. Суровыя, татуіраваныя лацінаамерыканскія мужчыны могуць гадамі склейваць лісты паперы і марнаваць дзясяткі тысяч даляраў, каб пабудаваць паветраны шар памерам з шматпавярховік, які затым узнясецца ў неба, расфарбоўваючы яго яркімі колерамі і партрэтамі Тупака, Пеле ці Рокі Бальбоа. Між тым незвычайнае хобі ў Бразіліі строга караецца законам — за запускі паветраных шароў можна атрымаць да шасці гадоў турмы. Таму неад’емная частка культуры «балуэйру» — гэта пастаянныя гульні ў каты-мышы з паліцыяй.
«Soviet Barbara: Гісторыя Рагнара К’яртансана ў Маскве», 2023, Ісландыя
13 лістапада — online з 00:00 да 23:59
У свеце мастацтва мноства невідавочных ідэй. Вось, напрыклад, ісландскі метамадэрніст Рагнар К’яртансан вырашыў: а чаму б не паставіць 100 першых серый амерыканскай мыльнай оперы «Санта-Барбара» у выглядзе тэатральнай пастаноўкі? А чаму б гэта не зрабіць за 100 дзён ды яшчэ і ў Маскве з мясцовымі акторамі? Прыдумана — амаль зроблена. «Амаль», таму што надыходзіць люты 2022 года, і ў аўтара перфомансу ўзнікаюць этычныя дылемы датычна далейшай рэалізацыі. Рэжысёр Гёйкур Ульфарсан у сваім фільме фіксуе, як арт-перфоманс ператвараецца ў палітычны трылер.
«Браты Андэрсан», 2024, Швецыя
Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў
14, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Кранальная дакументальная сямейная драма пра чатырох упартых братоў: Роя, Чэла, Лейфа і Роні. Рэжысёрка-дэбютантка Юхана Бернхардсан з’яўляецца дачкой аднаго з братоў, і пачынае здымаць фільм з надзеяй аб’яднаць іх хаця б дзеля адной сустрэчы, бо ўжо мінула 10 гадоў, як мужчыны не бачыліся. Беручы інтэрв’ю і чаргуючы іх з архіўнымі кадрамі, Юхана стварае далікатны і натхняльны партрэт сям’і, члены якой пайшлі зусім рознымі шляхамі, нягледзячы на агульнае мінулае. І не апошнюю ролю ў іх раз’яднанні сыграў алкаголь. Гэта гісторыя пра спадчыну, мары і пра тое, як цяжка бывае аднавіць перарваную сувязь. Дадатковай матывацыяй да прагляду можа паслужыць той факт, што адзін з братоў — вядомы шведскі рэжысёр Рой Андэрсан.
«Экскурсія», 2023, Боснія і Герцагавіна, Харватыя, Сербія, Францыя, Нарвегія, Катар
Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў
15, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Эмацыйна зараджаная падлеткавая драма аб сацыяльных масках і задушлівым абсурдзе патрыярхальнага грамадства. Па сюжэце: звыклая для падлеткаў гульня «Праўда ці дзеянне» прыводзіць да, здавалася б, нявіннай хлусні, якая ператвараецца ў бурны скандал і пагружае галоўную гераіню Іман у выцверажальную рэальнасць кансерватыўнага баснійскага атачэння.
«Бананавая лодка», 2024, Латвія
Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў
16 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Прыгодніцкая трагікамедыя, якая здымалася чатыры гады ў прыродных лакацыях паўночнага захаду Латвіі. Стужка, заснаваная на асабістай гісторыі рэжысёра Крыстапса Брызе, апавядае пра 35-гадовага Ральфа, які ў спробе пасябраваць з сынам-падлеткам сваёй новай каханай, адпраўляецца з ім у сплаў па латвійскіх рэках. Аднак у гэтым падарожжы шмат што ідзе не так як планавалася.
«Мой дзіўны незнаёмец», 2024, Нарвегія, Францыя, Швецыя
Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў
17 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Ёхана Пююкё у сваім рэжысёрскім дэбюце даследуе класавыя адрозненні, аутсайдарства і яго гвалтоўны патэнцыял праз нетрывіяльную сувязь паміж двума людзьмі. 18-гадовая адзіночка Эба падпрацоўвае ў службе клінінгу, перыядычна п’е віно, крадзе дарагія дробязі ў багатых кліентаў, пры гэтым марыць аб больш высокім сацыяльным статусе. Калі аднойчы яна знаходзіць на зямлі маладога чалавека, які нічога не памятае, то называецца яму яго дзяўчынай. Ну і што можа пайсці не так?!
«Палаючы рай», 2023, Швецыя, Данія, Фінляндыя, Італія
Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў
20 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Авантурная і элегічная ода сястрынству ва ўсіх яго праявах. Тры сястры жывуць самастойна, пакінутыя самі сабе, крадуць прадукты і ўрываюцца ў чужыя дамы. Але іх свабоднае жыццё пад пагрозай, калі сацыяльныя службы паведамляюць пра візіт, і старэйшая Лаура шукае, хто б сыграў ролю іх маці.
«Нябачны бой», 2023, Эстонія, Латвія, Грэцыя, Фінляндыя
21 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Кічавая хэві-метал кунг-фу камедыя ў дэкарацыях савецкага манастыра ад трыумфатара кінафестывалю «Лістапад» Райнера Сарнета. Фільм must-see на думку аднаго з праграмераў «Паўночнага ззяння».
Другі год запар «Паўночнае ззянне» праводзіць міжнародны конкурс дэбютных фільмаў. Сёлета ў ім удзельнічаюць сем стужак, якія зняты ў розных фарматах — ад гонза-дакументалістыкі да падлеткавай драмеды. Большасць фільмаў, прадстаўленых у конкурсе, адзначаны ўзнагародамі і намінацыямі на найбуйнейшых фестывалях: Венецыянскі кінафестываль, Лакарна, CPH:DOX, кінафестываль у Гётэборгу. Іх будзе адглядаць і ацэньваць міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі Саша Кулак, Ілья Стэнберг, Марта Гольба-Наўман. Па-за конкурсам прадстаўлены яшчэ восем карцін.
Падрабязней з міжнароднай праграмай X кінафестывалю «Паўночнае ззянне» можна азнаёміцца па спасылцы.
Кінафестываль «Паўночнае ззянне» імкнецца паказваць разнастайнае кіно, якое стане для гледачоў не проста кінасеансам, а сінематаграфічным экспірыенсам. Але фестывалю патрэбна ваша падтрымка! Зрабіце свой унёсак, каб «Ззянне» працягвала ззяць.
Сачыць за навінамі фэсту можаце ў сацыяльных сетках праекта FB, Instagram, Telegram.