У часы савецкай улады ў Беларусі змянілася шмат кіраўнікоў. Іх імёны вывучаюць школьнікі на ўроках гісторыі, а імёны некаторых застаюцца напаўзабытымі. Адным з іх з’яўляецца ідэйны камуніст Канстанцін Гей, які кіраваў Беларуссю толькі некалькі гадоў, але пры ім адбылося і раскулачванне і найбуйнейшы сфальсіфікаваны палітычны працэс супраць беларускіх дзеячаў.
PALATNO расказвае пра Канстанціна Гея.
Канстанцін Гей нарадзіўся ў сям’і нямецкага эмігранта і рускай настаўніцы ў 1896 годзе. Вядома, што ў Канстанціна быў брат Георгій, які стаў медыкам, а ў першыя месяцы нападу нацысцкай Германіі на СССР знік без звестак.
Канстанцін рос у Пскоўскай губерні, з юнацтва захапіўся рэвалюцыйнымі ідэямі. Канстанцін вучыўся на медыцынскім факультэце ў Харкаўскім універсітэце. Падчас вучобы далучыўся да партыі бальшавікоў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі вярнуўся дадому, у Пскоў. Там ён, па паведамленнях сучаснікаў, «цалкам аддаўся рэвалюцыйнай працы». Яго лічаць адным са стваральнікаў пскоўскай бальшавісцкай арганізацыі.
У час Кастрычніцкага перавароту стаў сакратаром Пскоўскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэту. У той жа час быў адным з удзельнікаў затрымання войскаў Керанскага-Краснага на пскоўскім вакзале.
У снежні 1917 года Канстанціна Гея прызначылі старшынёй Пскоўскага губвыканкама, адначасова ён быў рэдактарам газеты «Пскоўскі Набат». У той час яшчэ працягвалася Першая сусветная вайна, таму ён як член штаба абароны Пскова фарміраваў вайсковыя атрады для абароны Пецярбурга ад нямецкіх войск.
Канстанцін Гей
У 1922 годзе ён пайшоў на павышэнне ў Паўночна-Заходняе бюро ЦК РКП(б). У наступным годзе яго прызначылі сакратаром Свярдлоўскага губвыканкама. У 1925 годзе Гей стаў загадчыкам арганізацыйнага аддзела ЦК ВКП(б).
Дзейнасць Канстанціна Гея на пасадах і яго зацятасць і адданасць справе адзначалася высока. Ён уваходзіў у блізкае атачэнне Іосіфа Сталіна, аднак надоўга застацца яго сябрам і таварышам не атрымалася.
У студзені 1930 года Канстанцін Гей стаў першым сакратаром камуністычнай партыі Беларусі. Падчас яго кіравання адбывалася масавая калектывізацыя і пры ім прайшоў буйны сфальсфікаваны працэс па справе «Саюза вызвалення Беларусі».
СПРАВА «САЮЗА ВЫЗВАЛЕННЯ БЕЛАРУСІ»
Сфальсіфікаваная крымінальная справа пад кіраўніцтвам Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення ў адносінах да беларускіх дзеячаў культуры. Больш за сотню беларускіх дзеячаў арыштавалі і абвінавачвалі ў спробе дзяржаўнага перавароту. Справу перагледжвалі некалькі разоў у 1930-1950-я гады: яшчэ жывых нібыта ўдзельнікаў «Саюза» змянялі тэрміны зняволення на расстрэл, а непасрэдных удзельнікаў рэпрэсій арыштоўвалі і таксама забівалі.
Працэс калектывізацыі прынёс цяжкія наступствы для беларускай вёскі. Большасць сялян страціла права на ўласнасць на зямлю, іх гаспадаркі аб’ядналі ў калгасы, што суправаджалася прымусам і рэпрэсіямі. Асабліва пацярпелі заможныя сяляне — так званыя «кулакі». Падчас калектывізацыі назіраўся недахоп харчавання і пагаршэнне ўмоў жыцця, што прывяло да галодных гадоў, асабліва ў 1932–1933 гадах. Многія сем’і пацярпелі ад голаду, а некаторыя сяляне пакідалі вёскі ў пошуках лепшых умоў жыцця ў гарадах або за межамі БССР. І гэта толькі частка ад таго, што калектывізацыя «падаравала» беларускаму сялянству.
Савецкі прапагандысцкі плакат
На пасадзе сакратара беларускай кампартыі Гей пратрымаўся да студзеня 1932 года. Яго змяніў украінец Мікалай Гікала, які працягнуў палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, а ў 1938 годзе яго самога расстралялі за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі.
Пасля працы ў Беларусі перабраўся ў Маскву. У 1934 годзе кар’ера Гея спынілася: яго панізілі на пасадзе ў ЦК. Некаторы час працаваў ва Узбекістане, а потым у Горкаўскай вобласці.
У 1938 годзе Канстанціна Гея адхілілі ад працы і ў хуткасці арыштавалі. Яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі і шпіянажы. У наступным годзе, усяго праз некалькі месяцаў пасля арышту, Вярхоўны суд СССР прыгаварыў яго да расстрэлу. Канстанціна Гея расстралялі ў той жа дзень, як і вынеслі яму прысуд.
Вядома, што падчас пераследу арыштавалі і жонку Гея. Яе разам з двума сынамі адправілі ў ссылку.
Гей быў рэабілітаваны толькі пасля смерці Сталіна, у 1956 годзе.