Этна-трыё «Троіца» ўпершыню ў Беларусі выставіць сваю ўнікальную калекцыю інструмэнтаў на адмысловай экспазыцыі ў гісторыка-культурным музэі Заслаўя. Будуць экспанавацца беларускія гусьлі, ліры, смыкі, афрыканскія чароткі, ракушкі з Малайзіі, нямецкія цытры і домры, турэцкі сас і барабан, баўгарская гайда ды шмат чаго іншага. На адкрыцьці выставы Іван Кірчук ажывіць інструмэнты падчас свайго мона-спэктаклю «Варажбіт. Працяг».
Іван Кірчук на “Вольным паветры” Калекцыю музычных інструмэнтаў Іван Кірчук заклаў яшчэ да заснаваньня «Троіцы», калі працаваў у менскай вучэльні мастацтваў і стварыў фальклёрны ансамбаль «Дзіва». З таго часу калекцыя разраслася да неверагодных памераў. Кожны раз музыкі з этна-трыё прывозяць нешта новае з вандровак. Прычым ня толькі зь беларускіх мястэчак і вёсак, але і з замежных гастроляў. Такім чынам, у іх зьявілся дзясяткі розных дудак, акарыны, гусьлі, ліры, смыкі і нават званы з разбураных касьцёлаў зь Беларусі, Малдовы, Славеніі, Расеі, Галяндыі, а таксама такія экзатычныя інструмэнты, як афрыканскія чароткі і бонгі, ракушкі з Малайзіі, нямецкія цытры і домры, турэцкі сас і барабан, баўгарская гайда ды шмат іншых. Прычым шмат якія зь іх «Троіца» выкарыстоўвае ў сваіх песьнях. «Нават ня браўся пералічыць нашу калекцыю», — прызнаецца Іван Кірчук.
Калекцыя «Троіцы» ўжо экспанавалася ў Эстоніі, Нямеччыне і Польшчы, а вось у Беларусі будзе паказаная ўпершыню.
Выстыва адкрыецца 21 жніўня ў 14:00 у гісторыка-культурным музэі-запаведніку «Заслаўе». У гэты дзень лідэр этна-трыё «Троіца» возьмецца ажывіць інструмэнты ў час мона-спэктаклю «Варажбіт. Працяг». Іван Кірчук называе сваю дзею спробай выйсьці за межы ўласнанацыянальнага і ў той жа час дакрануцца да вытокаў.
Выстава-канцэрт «Варажбіт. Працяг» пройдзе пры падтрымцы інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў». Уваход на адкрыцьцё будзе вольным.
Электрычкі да Заслаўя з чыгуначнага вакзалу Менску 21 жніўня: 11:20, 12:30, 12:40, 13:06, 13:37. Таксама з вакзалу ходзяць маршрутныя таксі.
Падрабязьней пра Заслаўе, яго каштоўнасьці — на сайце музэю «Заслаўе»
Выстава будзе працаваць да 30 верасьня.