Беларуская мастачка і музыка Анастасія Рыдлеўская выпусціла ў Польшчы кліп на песню Dance on my own. Здымкі праходзілі ў асабняку пад Варшавай. Каб увасобіць ідэю, камандзе спатрэбілася амаль паўгода. MOST паразмаўляў з адной са стваральніц кліпа пра тое, як беларусы ў эміграцыі ствараюць музычную індустрыю.
На съёмках клипа. Фото из архива организаторов
Анастасія Рыдлеўская нарадзілася ў Беларусі, але ва ўзросце двух гадоў разам з бацькамі пераехала ў Амерыку. Пражыўшы там пяць гадоў, сям’я вярнулася ў Беларусь. На радзіме дзяўчына скончыла школу і паступіла на філфак БДУ, а паралельна займалася творчасцю: малявала, шыла і пісала песні. Вымушана пакінуўшы Беларусь, Анастасія апынулася ў Гданьску. У Польшчы ў яе прайшло ўжо некалькі выстаў, а на пачатку чэрвеня яна выступіла на музычным фестывалі Belarus Outside Sound System.
Песню Dance on my own Анастасія напісала за два дні, у ёй перамяжоўваюцца фрагменты на англійскай мове (яна для выканаўцы першая) і беларускай. Здымкі кліпа занялі 12 гадзін. Але праца над праектам — ад распрацоўкі ідэі да яе прэзентацыі — ішла амаль паўгода.
Праект рэалізаваны сумесна з камандай «КЛІК» — медыяпраекта пра беларускую музыку. Адначасова «КЛІК» запусціў Youtube-канал, на якім і выйшаў кліп.
Аўтэнтычны асабняк пад Варшавай пакарыў сэрцы каманды
Планавалася, што здымаць кліп будуць у снежнае надвор’е. Але праз працяглыя пошукі лакацыі, здымкі пачалі ў красавіку — аўтэнтычны асабняк пад Варшавай пакарыў сэрцы каманды.
— Мы меркавалі, што для здымак падыдзе драўляная хатка ў лесе, але калі рэжысёр і прадзюсар убачылі асабняк, іншыя варыянты адпалі адразу. Мэбля XIX стагоддзя, тры паверхі, сад — атмасфера казачная і вельмі загадкавая, — расказвае адна са стваральніц кліпа.
Падчас здымак у асабняку жыў яго гаспадар, таму ў каманды былі абмежаванні па колькасці чалавек і часу на здымкі.
— Максімум 20 чалавек на пляцоўцы — гэта зусім няшмат для такога аб’ёму працы, — тлумачыць беларуска.
На здымках кліпа. Фота з архіву арганізатараў
Рэжысёр працуе ў Sony Music, чальцы каманды супрацоўнічалі з The Weeknd
Усяго ў творчую каманду ўвайшло 50 чалавек. Пры гэтым аўтары ідэі хацелі аб’яднаць беларускіх спецыялістаў, даўшы ім магчымасць рэалізавацца ў прафесійным плане і стварыць «круты прадукт менавіта для беларускай індустрыі».
— Пасля пераезду многія беларусы ўладкаваліся ў замежныя прадакшэны. Напрыклад, рэжысёр кліпа працуе ў Sony Music, а над постпрадакшэнам працавалі ў тым ліку хлопцы, якія супрацоўнічалі з [канадскім спеваком, аўтарам песень і акцёрам] The Weeknd. Мы дакладна ведаем, што сярод беларусаў вельмі шмат крутых прафесіяналаў у розных сферах — яны робяць топавыя праекты. Але людзі, нажаль, не заўсёды пра іх ведаюць.
Апроч беларускіх спецыялістаў у праекце бралі ўдзел прадстаўнікі Украіны, Польшчы і Ганконга.
— Жаданне рабіць нешта крутое аб’ядноўвае нас дзе б мы ні былі. А еўрапейская індустрыя дае магчымасць расці і развівацца яшчэ хутчэй і ствараць канкурэнтаздольныя прадукты, — рэзюмуе ўдзельніца праекта.
Чытайце яшчэ:
Мастачка Анастасія Рыдлеўская: Падпарадкаваць змеяў, якія атачаюць нас апошнія тры гады