Клюб «Салтайм» спыніў існаваньне

29.09.2014 Музыка

29 верасьня дырэкцыя менскага клюбу заявіла аб афіцыйным спыненьні дзейнасьці.

Паведамленьне пра закрыцьцё клюбу зьявілася ў афіцыйнай суполцы ўстановы. «Напішыце, што проста зачыняецца, без тлумачэньня прычынаў. Ніякай палітыкі. Проста я стаміўся і гэта эканамічна невыгодна», — сказаў у камэнтары для Tuzin.fm дырэктар «Салтайм»Канстанцін Валер’евіч (публічна сваё прозьвішча ён не называе). Усе заплянаваныя вечарыны ў «Салтайм» у сувязі з гэтым рашэньнем адмененыя. Апошні канцэрт у сьценах клюбу адбыўся 27 верасьня.

«Салтайм» месьціўся на праспэкце Незалежнасьці, 131/1,  роўна праз дарогу ад Нацыянальнай бібліятэкі. Сярод маладых менскіх музыкаў ён лічыўся самай даступнай для выступу пляцоўкай — шмат якія гурты дэбютавалі менавіта тут. У час татальнай забароны на творчасьць шэрагу беларускіх рок-выканаўцаў тут адбываліся выступы гурта Neuro Dubel.

Сам Канстанцін Валер’евіч з музычнай сфэры не сыходзіць. Ён зьбіраецца ладзіць канцэрты ў кавярні «Мір кофе» і Jack Club.

Tuzin.fm