Да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Юхнаўца выйшла кніга прозы пісьменніка

У «Бібліятэцы Бацькаўшчыны», серыі «Спадчына: агледзіны», выйшаў зборнік прозы Янкі Юхнаўца. Том больш як на паўтысячы старонак адмыслова да 100-годдзя ад нараджэння пісьменніка ўклалі вядомыя даследчыкі беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч.


ywqahkds9cmul466gbvbn6jrlbsh6whp.jpg

Што ў кнізе? Апавяданні і дзённікавыя зацемкі. Бескампраміснасць цалкам пазбаўленай уплыву беларускай савецкай літаратурнай традыцыі «падакупацыйнай» (з лёгкай рукі Лявона Юрэвіча — у шэраг да «акопнай» і «партызанскай») вайсковай прозы. Адмысловасць формаў мастацкага выяўлення, праз якую нават калегі-эмігранты ўжывалі на адрас Юхнаўца эпітэты «сюрэалістычны», «дзікі» і папікалі або, наадварот, выказвалі захапленне апакаліптычнасцю выяўленых карцінаў. Самабытнасць мастацкай мовы, якая ставіць аўтара ў адзін шэраг да Вацлава Ластоўскага і Янкі Станкевіча.

А таксама тры прадмовы-спробы з розных бакоў падступіцца да таямнічай аўтарскай творчай кухні і не менш таямнічай, у побытавых варунках мала адрознай ад «цьмянасці» ў творчасці, асобы самога Юхнаўца, чалавека, які пачаў працаваць у сферы кампутарнага бізнэсу яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, а па сваёй смерці ў 2004 годзе не займеў надмагілля, бо запавёў развеяць свой попел над Нью-Ёркам.

Прадмовы ад нью-ёркца і ўкладальніка кнігі Лявона Юрэвіча, ад беларуса з Бельска Яна Чыквіна і ад мінчука Антона Рудака.

7gnoznxd92rwetanf0kgirij69qw73zu.jpg

Янка Юхнавец нарадзіўся 3 лістапада 1921 года ў вёсцы Забродак пад Бягомлем у сялянскай сям’і. Да нямецка-савецкае вайны скончыў сярэднюю школу. Бацькоў ды пяцярых малодшых братоў спалілі карнікі ў гады вайны, сам Янка Юхнавец быў арыштаваны СД і вывезены ў Нямеччыну летам 1944 году. У Нямеччыне вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. Трапіў у лагеры перамешчаных асобаў (Рэгенсбург, Міхельсдорф, Розэнгайм), у якіх знаходзіўся ў 1945–1949 гадах. Жыў у Баварыі, працаваў на сельскай гаспадарцы. Дэбютаваў у друку ў 1948 годзе (часопісы «Шыпшына» і «Сакавік»). Янка Юхнавец памёр 6 студзеня 2004 г.

Інфармацыйны цэнтр ЗБС «Бацькаўшчына»