Заўсёды радасна, калі ў Горадні выходзіць новая кніга. Гэта сведчыць пра тое, што мясцовы літаратурны працэс жыве, адзначае Новы Час. І асабліва значна, калі праз яго адбываецца сувязь мінулых эпох з сучаснасцю.
Мы жывём у складаны і цяжкі час: вакол, не гледзячы на вонкавую квецень і поспех, багата болю і гора. Краіна праходзіць праз пакутлівы перыяд перамен. У айчыннай гісторыі ўжо былі падобныя старонкі, калі шматлікія войны, як чорныя навалы, пракатвалі па зямлі, руйнуючы жыццё цэлых пакаленняў. Але сціхалі страшныя грымоты і вяртаўся мір пад блакіт крывіцкіх нябёсаў, і толькі вечная памяць захоўвала для нашчадкаў незабыўны боль тых гаротных падзей.
І літаратура — верная сястра чалавецтва, таксама праходзіла праз свой росквіт і заняпад. Загараліся новыя імёны, пісаліся шчырыя творы... і знікалі ў бездані часу, каб застацца там назаўсёды ці нечакана з’явіцца праз стагоддзі і стаць цудоўным адкрыццём для ўсіх аматараў высокага слова.
Калі ў шаноўнага чытача ўзнікне прага здзейсніць вандроўку ў тую сумную даўніну, варта зайсці ў выдавецтва «ЮрСаПрынт» на колішняй Брыгіцкай і ўзяць з паліцы кнігу, прысвечаную творчасці гарадзенскага паэта Лейбы Найдуса. Вы ўбачыце якасны друк, арыгінальны дызайн, архіўныя фотаздымкі і, галоўнае, светлыя ўспаміны пра паэта яго блізкіх і сяброў, крытычныя эсэ, артыкулы і пераклады вершаў на чатыры мовы тагачаснага Памежжа.
Над выданнем працавала цэлая плеяда таленавітых аўтараў і ўкладальнікаў: Марына Шэпелевіч, Беньямін Ерузалім, Эсфір Кірзнер, Альжбета Кеда, Ісроэл Някрасаў, Анатоль Брусевіч, Павел Салаўёў, Андрэй Ціхаміраў і іншыя.
Імя Лейба Найдуса было амаль забытым на Радзіме, зрэдку хто з гарадзенцаў мог адказаць, у чый гонар названая маленькая вуліца ў цэнтры горада. Ідыш, на якой пісаў паэт, знікла, і ва ўсім Наднямонні не засталося ніводнага носбіта гэтай мовы, дарэчы, адной з дзяржаўных моў былой Беларускай Савецкай Рэспублікі. І вось імя і творчасць «прынца яўрэйскай паэзіі», як называе Лейба Найдуса ўкраінская паэтка Валерыя Багуслаўская, вяртаецца з небыцця.
Анатоль Брусевіч у эсэ «Пра месца Лейба Найдуса ў беларускай культурнай прасторы» параўноўвае масштаб яго таленту з Максімам Багдановічам. Пакінем за Брусевічам права на яго параўнанні, бо спадар Анатоль і сам знатны паэт з дасведчаным густам. Пагодзімся з тым, што, безумоўна, трагічнасць лёсу яднае гэтых двух заўчасна памерлых маладых творцаў.
«Яго вершы спалілі фашысты, а магілу знішчылі камуністы», — піша пра Лейба Найдуса Андрэй Адляніцкі. Нагадаем, што з магілай Максіма Багдановіча, на жаль, таксама не ўсё зразумела.
Ад сябе выдзелім са зместу два творы. Гэта ўспаміны пляменніцы паэта Алены Найдус, што акунаюць нас у ціхае жыццё яўрэйскіх мястэчак і нагадваюць прозу Шалом-Алейхэма. І яшчэ гісторыя сямі перакладаў Брусевіча — важны артыкул для ўсіх знаўцаў паэзіі, дзе імя Лейба Найдуса стаіць побач з імёнамі Віславы Шымборскай, Івана Франко і Аляксандра Блока.
Адразу пасля выхаду кнігі ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы адбылася адна з яе прэзентацый, дзе акрамя многіх выступоўцаў удзельнічаў сямейны дуэт гарадзенскіх бардаў — Паўла і Таццяны Салаўёвых. Спадар Павел і сам прычыніўся да выдання кнігі ў якасці перакладчыка, а Таццяна спявала песні на вершы Лейба Найдуса не толькі ў перакладах, але нават і на ідыш.
А імя паэта жыве, пакуль чытаюць яго вершы.
P. S. Хто-небудзь з амерыканскай дыяспары, калі ёсць такая магчымасць, пазнаёмце «караля рок-музыкі» і лаўрэата Нобелеўскай прэміі Боба Дылана, бацькі́ якога паходзілі з адэскіх і літоўскіх яўрэяў, з творчасцю «прынца» Лейба Найдуса. Можа, паважаны мэтр напіша некалькі новых хітоў?