«Другая история советского белорусского кино. Исследовательские сюжеты» — кніга беларускай даследчыцы і кінакрытыка Вольгі Раманавай неўзабаве будзе апублікавана ў выдавецтве «Янушкевіч». Гэта грунтоўнае даследаванне, у якім аўтарка абапірался на розныя крыніцы, і ў тым ліку, на архівы «справаў фільмаў» кінастудыі «Беларусьфільм», пісалася цягам некалькі гадоў, піша reform.news.
Кадр з фільма «Дзікае паляванне караля Стаха». Фота: briefly.ru
У прыватнасці, на прыкладзе «справы фільма» «Дзікае паляванне караля Стаха» Валерыя Рубінчыка беларуская даследчыца здолела прасачыць канфлікт інтэпрэтацый твора Уладзіміра Караткевіча, па якім стваралася карціна. Канфлікт назіраўся не толькі паміж беларускім класікам і рэжысёрам, а таксама кіраўніцтвам студыі і іншымі ўдзельнікамі вытворчага працэсу. У выніку знаёмства са «справай фільма» можна было прасачыць тое, як кантэкст і палітычная кан’юктура таго часу ўплывалі на стварэнне стужкі.
Філолаг, культуролаг Вольга Раманава ў кнізе ставіла перад сабой дзве задачы: з аднаго боку, убачыць у савецкіх фільмах ключ да разумення таго, наколькі складаныя культурныя і палітычныя працэсы адбываліся ў БССР з 1920-х па 1990-я гады. Другая задача заключалася ў тым, каб паказаць, наколькі створаныя беларускім кіно формулы нацыянальнай ідэнтычнасці былі разнастайнымі і адрознымі адна ад адной. Прычым гэтыя мадэлі былі рознымі нават у рамках мадэлі савецкай беларускасці. Такі погляд аўтаркі дазваляе казаць пра стварэнне іншай гісторыі беларускага кіно, дзе ў фокусе ўвагі, па сутнасці, аказваецца магчымасць паўставання нацыянальнага кінематографа.
«Я ссоўваю даследчы фокус з савецкай гісторыі кінематографа на гісторыю нацыянальнага кінематографа, а значыць, я шукаю спецыфіку, тэндэнцыі, уласцівыя толькі савецкаму беларускаму кіно, — тлумачыць сваю пазіцыю Вольга Раманава. — Таму даводзіцца падрабязна апісваць адносіны маскоўскіх і беларускіх структур, дапамагае аднаўленне кантэкстаў, якія задаюць гісторыю БССР ХХ стагоддзя, адпаведна, калі казаць пра метады — там, дзе праца з кантэкстам, там і аналіз дыскурсу», — даводзіць кінакрытык.
У выніку, кніга складаецца з трох частак. Першая — гэта перыяд нацыянальна-арыентаванага камунізму і беларусізацыі да яго згортвання. Другая — сталінскі беларускі кінематограф і спроба знайсці альтэрнатыву савецкай беларускасці ў кінематографе 1960-х — 1970-х гадоў. Трэцяя частка — гэта «предперестроечное» і «перестроечное» кіно; аўтарка таксама напісала пра Чарнобыльскую катастрофу ў культуры Беларусі — на гэту тэму фільмаў было не шмат, але яны былі. Такім чынам, у апошняй главе ёсць выхад за межы савецкага кінематографа.
«Кніга, зразумелая справа, суб’ектыўная, — падсумоўвае Вольга Раманава. — Я не пісала кіназнаўчую гісторыю. Ёсць карціны, якія я не згадвала, ёсць стужкі, якія не трапілі ў сюжэты даследавання. Але мера эсэісцкай суб’ектыўнасці акурат і дазволіла знаходзіць паралелі з тым, што адбываецца сёння, і бачыць страшную смычку, якая заўжды выяўляецца, калі ты змяшчаеш фільм у сучасны кантэкст».
Кнігу «Другая история советского белорусского кино. Исследовательские сюжеты» неўзабаве можна будзе набыць у выдавецтве «Янушкевіч» і яго афлайн і анлайн-пляцоўках.