Збор зладзіла таварыства польскіх пісьменнікаў Unia Literacka. Сярод лотаў аўкцыёну ёсць абед з польскай набеліянткай Вольгай Такарчук, кнігі з аўтографамі Вітольда Шаблоўскага ды Мілана Кундэры, шмат іншага.
Аўкцыён працягнецца да 31 кастрычніка, сродкі збіраюць для ўкраінскага пісьменьніка, паэта і музыкі Сяргея Жадана і вайсковай брыгады, дзе ён зараз служыць.
Агулам на пляцоўцы Allegro размешчаныя 50 лотаў.
Беларускі лот — «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў» (2020) — гэта кніга-мемарыял, густоўны альбом у спалучэнні з успамінамі пра Міхала Анемпадыстава, размова пра чалавека густу і слова.
«Простыя словы» — кніга, вартая свайго героя: 350 старонак густоўнага дызайну і словаў, якія роўна раскрываюць як асобу Анемпадыстава, так і стаўленне да яго сяброў, калег і блізкіх.
Раздзел «Тэксты» — уласна ўспаміны пра Міхала, якія напісалі 64 чалавекі. Другі вялікі раздзел склалі тэксты для «Народнага альбома» — з бонусам: польскамоўным канферансам ад самога Анемпадыстава, які прэзентаваў песні на канцэрце ў Польшчы. Асобна вылучаная «Начная размова» 1998 года: інтэрв’ю Іяланты Кільян (укладальніца кнігі) з Міхалам Анемпадыставым. Далей — вершы і песні Міхала і прысвячэнні яму (надзіва нешматлікія). Заключны раздзел — успаміны, перакладзеныя на польскую мову.
Сяргей Жадан — сучасны ўкраінскі паэт, празаік, перакладчык, лідар рок-гурта «Жадан і сабакі», валанцёр і грамадскі дзеяч. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Ўкраіну ён застаўся ў родным Харкаве, дзе актыўна дапамагаў вайскоўцам і мясцовым жыхарам: збіраў грошы, закупляў і вазіў на фронт баявую тэхніку, наведваў параненых, даваў канцэрты. У чэрвені 2024 года Сяргей Жадан паступіў на службу ў брыгаду «Хартыя» Нацыянальнай гвардыі Украіны.
Сяргей Жадан добра вядомы беларускім чытачам і слухачам. Некаторыя ягоныя творы выходзілі на беларускай мове, сярод іх раманы «Дэпеш мод», «Anarchy in the UKR», «Варашылаўград», вершы. Ён бываў у Беларусі як літаратар і як музыка.