Беларускае выдавецтва «Янушкевіч» адзначыла сёлета сваё 10-годдзе, а паўгода таму адкрыла ў Варшаве кнігарню «Кнігаўка» і — працягвае пашыраць геаграфію. Цяпер выданні, якія прапануе «Кнігаўка» , можна набыць з 12 краін свету, у тым ліку з ЗША, Канады, Мексікі, Аўстраліі — праз Amazon. Пра тое, колькі кніг было прададзена за паўгода, хто наведвае «Кнігаўку» і якіх навінак чакаць у другім паўгоддзі, размаўляем з заснавальнікам выдавецтва Андрэем Янушкевічам.
Андрэй Янушкевіч на стэндзе беларускіх выдаўцоў на кніжным кірмашы ў Варшаве
Андрэй Янушкевіч запарвае каву і ўключае ноўтбук, каб адным вокам сачыць за гульнёй Еўра-2024 (чвэрцьфінал, Іспанія — Нямеччына). За нашымі спінамі — карэньчыкі кніжак з загалоўкамі, ад якіх па скуры бягуць салодкія дрыжыкі. Нашую нетаропкую размову чатыры разы (цягам гадзіны) перапыняюць наведнікі. Сыходзяць з кніжкамі: «Былы сын» Сашы Філіпенкі, «Ператрус у музеі» Альгерда Бахарэвіча, «Восень патрыярха» Маркеса ды іншыя. Іспанцы востра атакуюць...
«Акупляем сябе, але каб развівацца патрэбнымі тэмпамі — гэтага недастаткова»
— За каго заўзее на Еўра-2024 выдавец Янушкевіч?
— Ох, у мяне няма фаварытаў. Я заўзею за шчыры і адкрыты футбол. Мне не вельмі падабаецца, калі ў футбол гуляюць грошы, а не, скажам так, патрыятызм. Славакі, славенцы, грузіны, украінцы вылецелі. Засталіся адны грашовыя мяшкі. І шчырасці ўсё менш...
— Але вам шчырасці і патрыятызму не займаць. А як з грашыма? Ці акупіла сябе «Кнігаўка» за паўгода?
— Калі казаць пра кнігарню, то так, мы акупляем сябе. Больш за тое, на самым пачатку мы плацілі заробак толькі аднаму чалавеку. Зараз плацім дваім беларусам. Бо нагрузкі растуць — не далі б сабе рады.
— Калі штат пашыраеце — значыцца справы ідуць добра?
— Ідуць добра, таму што мы выкарыстоўваем рацыянальныя падыходы. У нас невялікая кнігарня. І тыя продажы, якія зараз маем, цалкам задавольваюць патрэбы. Але каб развівацца і каб выдаваць яшчэ больш новых кніг, гэтага недастаткова. Бо задача ж не ў тым, каб дзень пратрымацца ды ноч прастаяць, а ў тым, каб расці. А беларусам патрэбны імклівы рост. Бо мы марнуем час...
Мы вельмі хочам адысці ад схемы «галоўнае, каб чыталі па-беларуску, і няважна што». Не, ты павінен чытаць па-беларуску тое, што ты хочаш чытаць. А для гэтага мусіць быць неабсяжны выбар.
Дзякуй Богу, пэўны выбар ужо маем і асартымент пашыраем, але калі бачыш, на якім узроўні жывуць нашыя суседзі, тыя ж літоўцы ці палякі з чэхамі, то разумееш, што ты ў нейкім 1897 годзе, на жаль. Ну добра, у 1997-м (смяецца).
«Не хаваемся за шыльдамі на іншых мовах»
Кніжныя паліцы ў краме "Кнігаўка" ў Варшаве. Фота з інстаграма выдавецтва "Янушкевіч"
— У лютым 2024-га пасля адкрыцця «Кнігаўкі» ў адным з інтэрвʼю вы казалі, што хочаце, каб кнігарня зрабілася магнітам, які б прыцягваў сюды беларусаў. Ці так сталася ўжо?
— Не ведаю, ці сталі магнітам, але вельмі прыемна назіраць, калі людзі прыязджаюць з іншых гарадоў і краін у Варшаву — нават сёння былі такія — і кажуць нам, што абавязковым пунктам праграмы наведвання Варшавы быў візіт у «Кнігаўку». У нас ужо людзі і з Паўночнай Амерыкі пабывалі, і з Японіі, і г.д. Так што вось: можа, мы і не прыцягваем натоўпы, але сталі месцам, у якое трэба зайсці абавязкова.
Робім для гэтага ўсё магчымае. Каб можна было і пасядзець, і кніжку пачытаць, і кавы папіць. І каб асартымент быў як мага больш шырокі. Зараз дзясятак беларускіх выдавецтваў працуе на эміграцыі, і збольшага ўсе іхныя навінкі ў нас прадстаўленыя.
Мы пазіцыянуем сябе як менавіта беларускую кнігарню. Не хаваемся за назвамі на іншых мовах. Карацей, мы тут навідавоку.
— Сакрэт прыцягальнасці яшчэ і ў месцы, дзе размясцілася «Кнігаўка» ў Варшаве (вул. Клапатоўскага, 4 — ul. Kłopotowskiego 4). Модны раён (варшаўская Прага), бераг Віслы, са старога горада — адным скокам...
— Гэта праўда, нам пашанцавала з лакацыяй. Я заўсёды любіў гэты раён. Сам жыву не на Празе, але па гэты ж бок Віслы (на правым беразе — рэд. «Будзьма»). І наш склад тут недалёка. Плюс — зусім блізка стары горад. А калі на пачатку красавіка адкрылі новы пешаходны мост праз Віслу, то колькасць людзей, якія прагульваюцца па нашым раёне, павялічылася ў разы. І гэта таксама нам на карысць.
«Мы пачалі зарабляць на Amazon. Патэнцыял — неймаверны»
Андрэй Янушкевіч падчас сустрэчы з чытачамі ў Вільні, 2024 год
— А ці можаце падзяліцца лічбамі: колькі за паўгода выдалі і колькі прадалі?
— За паўгода выдалі агулам 12 000 экзэмпляраў. У «Кнігаўцы» прадалі дзесьці 1600 экзэмпляраў. Сярэдні чэк пакупніка — 120 злотых. Абарот кнігарні за месяц — у сярэднім 20 тысяч злотых. Гэта насамрэч невялікія лічбы, з улікам таго, што мы імкнёмся выдаваць новыя кнігі тысячнымі накладамі. Праз тое, што хуткасць продажу не такая вялікая, у нас, на жаль, разрастаецца склад. Але тое, што продажы не спыняюцца, вельмі цешыць.
Але ж мы прадаём кнігі і праз інтэрнэт-крамы. Працуем літаральна з усімі курʼерскімі службамі ў Польшчы. Адпраўляем, бывае, за дзень па 20-30 пасылак.
— Людзі часцей купляюць беларускія кнігі афлайн ці ўсё ж — праз інтэрнэт?
— Глядзіце, каля 3000 кніжак мы прадалі праз уласную інтэрнэт-кнігарню knihauka.com. Яшчэ 1400 экзэмпляраў праз маркетплэйс Allegro. А ў красавіку — запусціліся на Amazon. Зараз нашыя амазонаўскія крамы прадстаўленыя ў 12 краінах. Гэта ўся Еўропа — ад Вялікай Брытаніі і Швецыі да Італіі з Іспаніяй плюс тры краіны Паўночнай Амерыкі — Мексіка, ЗША, Канада. Там пакуль продажы невялікія, але на пару тысячаў еўраў мы ўжо прадалі. Каля тысячы асобнікаў прадалі на імпрэзах і выставах, ажыццявілі пастаўкі іншым кнігарням. Агулам — каля 7000 экзэмпляраў.
Андрэй Янушкевіч на кніжным кірмашы ў Беластоку
— Цяпер і на «Амазоне»! І як там пайшло?
— Amazon — гэта сэрвіс, зарыентаваны перад усім на жыхароў Заходняй Еўропы. Бо, напрыклад, у Польшчы Amazon не такі папулярны. Тут ёсць Allegro. Але мы разумелі: спыняцца толькі на чытачах з Польшчы нельга. Беларусы раскіданыя па ўсім свеце, іх шмат у Нямеччыне, у Літве, у ЗША, у іншых краінах. І яны таксама чакаюць на беларускія кнігі.
Я дасюль яшчэ да канца не разумею, як гэта ўсё працуе на Amazon, але бачу, што гэта працуе як гадзіннік з вельмі дакладным механізмам. І зараз мы зарэгістравалі юрыдычную асобу ў Нямеччыне, для нас адкрыліся ўсе магчымасці нямецкага складу. А той, хто падпісаны на спецыяльную праграму Amazon Prime, атрымлівае вельмі хуткую, танную, а часта — бясплатную дастаўку. Эканомія і аператыўнасць. Калі замаўляеш у Амерыку праз «Амазон», то 4-5 дзён — і кніжка на стале. Мы толькі пачалі зарабляць на Amazon, але яго патэнцыял — проста неймаверны.
— А што, і ў Мексіцы замаўляюць кнігі з беларускай кнігарні?
— Анягож! Так, адтуль адбыліся першыя пакупкі. І гэта дакладна з Мексікі, бо з Польшчы, напрыклад немагчыма зарэгістравацца на мексіканскім «Амазоне» — сістэма не дазволіць.
— Беларусы дабраліся і да Мексікі...
— І я іх добра разумею — там вельмі класная кухня (смяецца) і ёсць свая Каліфорнія!
Ці шмат кніжак замаўляюць з Беларусі
— А як беларусы з Беларусі? Ці шмат ідзе замоваў?
— Дакладна не падлічваў, але — слаба. Людзей спыняюць тры рэчы. Ведаеце, кніга павінна быць на адлегласці працягнутай рукі. Такія сэрвісы, як «Амазон», набліжаюць кнігу да людзей. Але «Амазон» у Беларусі не працуе. Падобных сэрвісаў там няма, за выключэннем расейскіх, з якімі я не працую. Людзі бачаць, колькі высілкаў трэба прыкласці, каб купіць беларускую кнігу, таму ідуць у бліжэйшую кнігарню і купляюць кніжку па-расейску.
Другая прычына — страх. На жаль, шмат хто думае, — і, у прынцыпе, небеспадстаўна, — што беларуская мова стала маркерам іншадумства. Не, пакуль за кніжкі нікога не пасадзілі. Няма такіх фактаў. Але страх — ёсць.
Ну і трэцяя прычына — кошт дастаўкі. Ён вялікі. Мы карыстаемся паслугамі польскай пошты. Дык вось кошт дастаўкі ў Беларусь і, скажам, у Мексіку, Зімбабвэ ці Аўстралію — аднолькавы! Гэта стрымлівае патэнцыяльных пакупнікоў. І я баюся, што гэтыя барʼеры будуць вырастаць яшчэ больш.
— Але ж купляць з Беларусі электронныя кніжкі цалкам бяспечна і не займае шмат часу...
— Як аказалася, гэта не панацэя. Беларусы вельмі мала купляюць E-books. За год мы мелі — я не буду называць кнігі — 70-80 пакупак. Для большасці людзей у Беларусі кніга не прадмет першаснай неабходнасці. І калі паўстае праблема з даходамі, чалавек робіць выбар не на карысць кнігі. Тым больш, калі яе няма пад рукой. І гэта — пастка для нас. Я бачу толькі адзін выхад — інтэнсіўнасць і аператыўнасць.
— Што маеце на ўвазе?
— Я падаваўся калісьці на грант Беларускай рады культуры, каб выдаць свежы дэтэктыў Робэрта Гэлбрэйта (псеўданім Джоан Роўлінг). Ён толькі выйшаў у Англіі, па-расейску не мог зʼявіцца, бо Роўлінг забрала ў расейцаў правы. А мы тут — па-беларуску! Гулялі на апярэджанне. Але ж... Пакуль усе гэтыя конкурсы, прайшоў год, Гэлбрэйт піша і выдае новы раман. А тая кніжка ўжо неактуальная! Нам бы такой аператыўнасці, разумееце? А ў нас не атрымалася...
— А палякі пераклалі ўмомант.
— Так, і гэта вельмі важна, бо адразу падымае прэстыж культуры ў вачах людзей. Але мы, як і ўся нашая культура, пакутуем на недахоп рэсурсаў. Я бачу, што мы ў стане выдаваць каля 20 кніжак у год і маглі б выдаваць больш, але не маем наяўных рэсурсаў. Хацелі б рвануць вышэй, але самое жыццё прымушае сцішыць тэмп.
«Графаманства адчуваеш нейкім шостым пачуццем»
Андрэй Янушкевіч падчас сустрэчы з чытачамі ў Вільні, 2024 год
— Але ж за паўгода вы выдалі 10 кніжак, так?
— Так, 10 выдалі. Але я не задаволены гэтым вынікам. Гэта мала. Я спадзяваўся, што ўсё-такі будзе рост. Бракавала рэсурсаў. Гэта раз. А другое — выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла кнігарню «Кнігаўка» і выйшла на «Амазон». Гэта запатрабавала шмат энергіі і новых падыходаў. Але цяпер гэта ўжо пройдзены этап. І ў наступным паўгоддзі будзе весялей, абяцаю вам.
— Якімі навінкамі ганарыцеся?
— А ганарымся кожнай кнігай! Кожная нашая кніга вартая прачытання. Мы ўедліва падыходзім да прыняцця рашэння, выдаваць ці не. Выдаём не толькі вядомых аўтараў, але і дэбютантаў.
Увогуле, цяжка зразумець, чаму адна кніжка прадаецца лепей за астатнія. Каб я ведаў гэты рэцэпт — ужо палац сабе пабудаваў бы! Няма такіх рэцэптаў. Безумоўна, выданні такіх аўтараў, як Джон Толкін, Стывен Кінг, Джордж Оруэл — гэта бяспройгрышныя варыянты. У той жа час вельмі радасна за кнігі, якія былі «цёмнымі лашадкамі» і раптам на тваіх вачах робяцца бестселерамі.
Стэнд з першым выданнем рамана «Ззянне» Стывена Кінга па-беларуску. Варшаўскі кніжны кірмаш 2024
— Напрыклад?
— Першае, што згадваю, — гэта «Час пустазелля» Ганны Янкуты. Для Ганны гэта быў дэбют ў дарослай прозе. І на сёння прадалося больш 1000 экзэмпляраў, хоць не прайшло яшчэ і года. Вельмі добры паказнік.
— Цікава, як гэта адбываецца: вам дасылаюць рукапіс — вы першы чытаеце яго?
— Я, хутчэй, праглядаю. Калі шчыра, мне хапае некалькіх старонак, каб прыняць для сябе рашэнне. Гэта не заўсёды правільна, аднак графаманства адчуваеш нейкім шостым пачуццем. Але, зразумела, рукапісы чытае не адзін чалавек. У нас шырокае кола экспертаў — людзей, меркаванню якіх я давяраю. І калі гэтыя меркаванні сутыкаюцца паміж сабой, тады сам прымаеш рашэнне, варта ў гэта ўкладацца ці не.
— Апошняе слова за вамі?
— Так. І тут важнае правіла: не варта слухаць аргументаў здаровага сэнсу — яны, як правіла, не маюць нічога агульнага з практыкай. І гэтаму я навучыўся. Так, патрэбныя строгія, я б нават сказаў, матэматычныя разлікі. Але — найперш бездакорная інтуіцыя.
«Гэта трэба пераломваць!»
— Польскі пісьменнік Шчэпан Твардах, адзін з раманаў якога выйшаў і ў выдавецтве «Янушкевіч» (раман «Кароль») па-беларуску, нядаўна выдаў новую кнігу. Дык, здаецца, зірні ў рондаль — і там натрапіш на інтэрвʼю з аўтарам. Як бы і нам так навучыцца прамаваць кнігі?
— Польскія кнігі, польскія аўтары і выдавецтвы — частка вялікага свету шоў-бізнесу. Яны — побач з зоркамі эстрады, кіназоркамі. За іх бʼюцца газеты, часопісы і тэлебачанне. Пісьменнікі становяцца амбасадарамі крутых брэндаў. Твардах, дарэчы, быў доўгі час тварам маркі «Мэрсэдэс Бэнц». Уяўляеце, які там кантракт? Мы пакуль што ад гэтага далёка, і гэта трэба пераломваць.
— Бахарэвіч цалкам мог бы прэзентаваць «Мэрсэдэс», я думаю...
— І БелАЗ таксама! Для гэтага трэба, каб існаваў вялікі рынак, у які б былі ўключаныя рэкламныя агенцтвы, мас-медыя і ўвесь гэта комплекс рычагоў. У нас гэтага няма. У нас Саша Філіпенка паехаў у тур, і людзі ў сацсетках абураліся, што гэты тур быў платны. А я чытаю гэта і думаю: ё-маё! калі ты плаціш за квіток на спектакль ці за канцэрт якой-небудзь групы — гэта нармальна, а калі тое самае робіць папулярны пісьменнік, то — абурэнне. І мне вельмі прыемна, што, наколькі я ведаю, гэты тур у Сашы Філіпенкі быў паспяховым. Людзі прыйшлі і заплацілі грошы за білеты. Так павінна быць!
— Што да «заплацілі», ці спрабуеце прыцягнуць чытача акцыямі ды зніжкамі?
— Канечне, час ад часу мы абвяшчаем акцыі, выстаўляем промакоды. Гэта нармальна. Але далей будзем рабіць стаўку на сістэмнае рэкламаванне. Бо мы ўпёрліся ў столь: той, хто свядома цікавіцца беларускай літаратурай, так ці інакш пра нас ведае, але шмат яшчэ людзей, якія проста не чулі пра нас.
«Хлопцы, разупэўніваю вас: казка не скончылася!»
— Вы сказалі, у другім паўгоддзі будзе весялей. Што плануеце выдаць, чым здзівіць? Пра планы выдавецтва «Янушкевіч» выдаць Борхеса я чуў. Што яшчэ?
— Так, Борхес — такая знакавая фігура літаратуры XX стагоддзя, што гэта проста вялікі гонар — мець такога аўтара ў фондзе ўласна нацыянальнай культуры. Я дзесьці казаў ужо, што для мяне любая кніга, перакладзеная на беларускую мову, становіцца часткай беларускай літаратурнай прасторы. І вельмі важна, каб Борхес загучаў на нашай мове. Бо гэта як уліванне крыві ці вітамінаў у наш арганізм. Мы, як нацыя, як культура, будзем лепш функцыянаваць. Пераклад будзе рабіць Сяргей Шупа.
Апрача таго, плануем скончыць выданне фэнтэзі-серыі польскага пісьменніка Яраслава Гжэндовіча «Гаспадар Ледзянога Саду» — рыхтуецца да друку трэцяя частка. Мы таксама прыглядаемся да свежых французскіх і чэшскіх навінак. Вельмі б хацелася прадоўжыць выданне скандынаўскіх, перадусім шведскіх, дэтэктываў. Пакуль яшчэ рана гаварыць, але мы на стадыі выбару для выдання на беларускай мове чарговага твора Стывена Кінга.
І мы плануем выдаць міжнародны бестселер 2023 года — раман Рэбекі Кван «Yellowface» у перакладзе Насты Карнацкай, якая зрабіла выдатны пераклад «Ззяння» Стывена Кінга. Таксама вельмі хацелася б разабрацца з нашымі серыямі — і пра Ведзьмара, і пра Гары Потэра. Не губляем надзеі, што ўдасца ўсё-такі вырашыць ненармальную сітуацыю з праваўладальнікамі «Гары Потэра».
Ну і, канечне, мы заўжды ў пошуку новых рукапісаў беларускіх аўтараў. Усіх запрашаем дасылаць нам рукапісы, каб было з чага выбраць. Галоўныя крытэрыі для нас: цікава, арыгінальна, таленавіта па форме. І няважна, ты дэбютант ці не.
Андрэй Янушкевіч падчас сустрэчы з чытачамі ў Вільні, 2024 год
— Выдавецтва «Янушкевіч» разам з «Кнігаўкай» развіваецца і ідзе наперад?
— Спадзяёмся, што так. Прынамсі, я магу зняверыць скептыкаў, якія, як толькі мы адкрыліся, дыскутавалі, маўляў, ясна, недзе грант адхвацілі. Яшчэ раз паўтараю: мы не сядзім ні на якіх грантах, адкрывалі кнігарню выключна за свае грошы. Ну і такое было, маўляў, рамантыкі, пасядзяць пару месяцаў — і казка скончыцца.
Дык хлопцы, разупэўніваю вас: казка не скончылася! Дый яна ніколі і не была казкай. Адкрыццё кнігарні «Кнігаўка» было ўзважаным, прадуманым рашэннем, пад якім знаходзіўся і капітал ў выглядзе назапашаных рэсурсаў, і больш-менш шырокі выбар кніг, і самае важнае — чытацкая аўдыторыя. Мы ведалі, што на беларускія кнігі знойдзецца чытач.
Зразумела, не ўсё нам удаецца. Але хапае поспехаў і радасці ад гэтай дзейнасці. І самая вялікая радасць — кантакт з людзьмі. Калі бачыш, што ты прыносіш карысць, што кнігі патрэбныя людзям — працягваеш рабіць далей. Вось так!
Кніга «Бел-Чырвона-Белы» - грунтоўнае выданне пра гісторыю нацыянальнага сцяга пад цвёрдай вокладкай з салідным ілюстратыўным даробкам
Янка Латыш, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Бел-Чырвона-Белы. Сцяг з доўгай гісторыяй ці прыгожы наватвор?