“Кніга году 2016”: Вынікі чытацкага галасавання

Завершана чытацкае галасаванне за кнігу года. Сімпатыю чытачоў з вялікім адрывам заваяваў паляшук Андрусь Горват. Яго кніга-дзённік пра вясковае жыццё «Радзіва Прудок» набрала 32% ад усіх галасоў (477 галасы).

Андрусь Горват “Радзіва “Прудок”

На другім месцы апынулася кніга «Айчына: маляўнічая гісторыя ад Рагнеды да Касцюшкі» Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава (264 галасы). Трэцяе месца заняў беларускі трэш-хорар «1813» Уладзімір Садоўскага (194 галасы). 130 галасоў (8.8%) набраў раман Віктара Марціновіча «Возера Радасці». Усе астатнія творы набралі меней за сотню галасоў. У нізе рэйтынгу апынулася паэзія. Нажаль, менш за 30 галасоў набралі чатыры зборнікі вершаў. У тым ліку зборнік вершаў Уладзімера Някляева “Толькі вершы” замыкае спіс з колькасцю 23 галасы.

За пяць дзён, што доўжылася галасаванне, сайт наведалі 1756 карыстальнікаў, яны пакінулі 1470 галасоў – кожны карыстальнік мог раз на суткі адзначыць ад адной да трох кнігаў.

Па словах стваральнікаў сайту, імавернасць накруткі галасоў была нізкай. Апроч тэхнічнай абароны ад аўтаматычнага галасавання (робатаў), наведвальнік сайта, каб несці пэўную адказнасць за свой голас, мусіў пазнчыць імэйл або тэлефонны нумар.

Нагадаем, на прэмію ПЭН-цэнтра «Кніга году» літаратары вылучылі 48 кніг, сярод іх было абрана 15, якія прымалі ўдзел у чытацкім галасаванні. Кнігі на прэмію намінавалі пісьменнікі і перакладчыкі, з іх складу і было ўтворана журы. Аднак на старонцы kniha.of.by кожны чытач мог самастойна ацаніць упадабаныя творы і стаць удзельнікам народнага журы. Чытацкае галасаванне было створана ў дадатак да афіцыйнага, з сымбалічнымі мэтамі. У той час як пераможца афіцыйнай прэміі ўпершыню атрымаў не толькі маральную перамогу, але і матэрыяльны прыз.