Калі вашае дзіця першы раз ідзе на прыём да стаматолага, як падрыхтаваць яго да такой важнай падзеі? Альбо, магчыма, і не першы раз, але ўсё адно хвалюецца перад наведваннем кабінета з кучай незнаёмых і ад таго страшных інструментаў.
Пазбавіць дзіця страху дапаможа новая дзіцячая кніжка, якая зусім нядаўна выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор». Яна так і называецца «Кніжка пра зубы». Гэтую кнігу напісала стаматолаг і мама Анастасія Крачкоўская.
Спакойна і пазітыўна яна тлумачыць, для чаго нам зубы, як іх даглядаць і хто такі стаматолаг.
З кнігі дзеці даведаюцца, хто самы зубасты на свеце, як чысцяць зубы дзікія звяры і хатнія гадаванцы.
Падрабязна і ў карцінках паказана, што ёсць у кабінеце стаматолага і для чаго, а ўсё для таго, каб дзіця разумела і не баялася.