Беларускі кніжны павільён на сёлетнім кніжным кірмашы ў Варшаве ці не ўтрая большы і прасторны, чым летась. Паводле выдаўцоў, на ім прэзентаваныя як мінімум 200 кніжных найменняў. Апрача кніжак — беларуская сімволіка, паштоўкі і гульні. Сваю прадукцыю на стэндах прэзентуюць 10 незалежных беларускіх выдавецтваў — пад агульнай назвай «Вольная Беларусь».
Тут праходзіць штогадовы Варшаўскі кніжны кірмаш. Сёлета на ім прадстаўлена 10 незалежных беларускіх выдаўцоў
«Так, сёлета і плошча большая, і прэзентуемся мы больш салідна. Бо, у параўнанні з мінулым годам, зʼявілася больш выдавецтваў, якія працуюць за мяжою — адны рэлакаваліся, іншыя — заснаваліся. Толькі ў Варшаве — цэлы шэраг зусім новых выдавецтваў: Słowianka, Chabor, у Кракаве — Gutenberg Publisher, зʼявіліся «Полацкія лабірынты» і г.д.», — тлумачыць нам заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org, Яраслаў Іванюк.
Спадар Яраслаў распавядае, што першую папяровую кнігу Kamunikat выдаў у 2021 годзе. Гэта быў раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном». З таго часу фонд выдаў ужо 40 беларускіх кніжак. На сёлетнім Варшаўскім кніжным кірмашы паліца «Камунікату» адкрывае беларускі стэнд (і зазначым — адкрывае годна).
За прылаўкам заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org Яраслаў Іванюк
Яраслаў Іванюк раіць звярнуць увагу найперш на новыя выданні — кнігу Алега Латышонка «Жаўнеры БНР» (4-е перавыданне), кнігу «фрэсак» Барыса Пятровіча «Ад жыцця прачнуцца...», кнігу Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча пад назвай «Кніга могілак». А таксама — перавыданне кнігі Змітра Бартосіка «Забіць упалмінзага».
«Я, прачытаўшы гэтую кнігу, зразумеў адэкватнасць параўнанняў рэпрэсіяў у Беларусі пасля 2020 года з тым, што адбывалася ў савецкі час. Дык вось, змяніліся толькі тэхналогіі. У 1950 гады за захоўванне нібыта фашысцкай ці рэлігійнай літаратуры высылалі ў Сібір на 10-15 гадоў, цяпер тое самае робяць за допіс ці лайк у Фэйсбуку», — кажа Яраслаў Іванюк.
Літаральна праз некалькі хвілін сутыкаемся ў павільёне з самім Змітром Бартосікам, які хваліць шырокі выбар на беларускім стэндзе і хваліцца сваім набыткам: трымае ў руках кніжку Вінцэся Мудрова «Yesterday» («Люблю разам з ім адплываць у ягоныя настальгіі»), кнігу Зараславы Камінскай «Старыя лялькі, новыя гульні» і першы пераклад на беларускую мову Стывена Кінга.
Першы Стывен Кінг па-беларуску
Раман «Ззянне» («The Shining») пераклала на беларускую літаратарка і аўтарка падкасту «Белліт» Наста Карнацкая, якая працуе ў выдавецтве «Янушкевіч». Продаж беларускамоўнага Стывена Кінга стартаваў на кірмашы якраз 24 траўня.
Стэнд з першым выданнем рамана «Ззянне» Стывена Кінга па-беларуску
У размове з намі Наста прызнаецца, што гэта яе першы выдадзены пераклад англамоўнага рамана.
«Перакладалася даволі цяжка, бо гэта мой дэбютны пераклад. І дэбютаваць менавіта гэтай кнігай для мяне было вельмі важна і адказна. Бо гэта ж — першы Кінг па-беларуску, і многія, магчыма, пазнаёмяцца са Стывенам Кінгам дзякуючы мне», — мяркуе Наста Карнацкая.
Наста перакладала «Ззянне» паўтара года. Яна прызнаецца, што Стывен Кінг — адзін з яе ўлюбёных аўтараў. І заўважае, што многія чытачы з Беларусі абміналі раней ягоныя творы, бо пачыналі знаёміцца з раманамі гэтага пісьменніка ў расейскамоўных перакладах, якія, на думку Насты, «не надта высокага мастацкага ўзроўню».
«Сутыкнуўшыся з такімі перакладамі, людзі думалі, што гэта нізкая літаратура. Але гэта не так. Стывен Кінг піша выдатнай мовай, выдатна апісвае эпоху, у якой адбываецца дзеянне, але вельмі добра адчувае і сучасную культуру — сочыць за трэндамі. Ягоныя кнігі прасякнутыя духам эпохі, пра якую ён піша, і мне трэба было ўсё гэта перадаць па-беларуску. Вельмі спадзяюся, што ўдалося гэта зрабіць», — дзеліцца Наста Карнацкая.
Пасля гэтага дэбюту Наста не збіраецца спыняцца. Ужо вядуцца перамовы пра пераклад адной сучаснай амерыканскай аўтаркі (імя пакуль пад сакрэтам). Стывена Кінга таксама працягне перакладаць. Прынамсі марыць перакласці свой улюбёны раман «11/22/63».
Андрэй Янушкевіч: Беларускі кніжны рынак вельмі разнастайны
«Ззянне» Стывена Кінга па-беларуску выйшла накладам 2000 асобнікаў («Гэта на пачатак, а там паглядзім», — кажа перакладчыца) у выдавецтве «Янушкевіч». Заснавальнік выдавецтва Андрэй Янушкевіч з гонарам апавядае пра навінкі і спадзяецца, што Стывен Кінг, а таксама новы раман Альгерда Бахарэвіча «Капітан Лятучая рыба» стануць бестселерамі.
Андрэй Янушкевіч з новай кнігай Альгерда Бахарэвіча ў руках
«Новую кнігу Бахарэвіча на кірмашы ў Варшаве будзе прэзентаваць Лявон Вольскі, які выступіў ілюстратарам раману «Капітан Лятучая рыба». Гэта цудоўны прыгодніцкі раман — якраз на гэты летні час, на гэтую гарачыню, якая сёння ў Варшаве. А Вольскі стварыў выдатныя малюнкі. І мы бачым, што яны ідэальна ляглі — быццам адно цэлае! — на тэкст Альгерда Бахарэвіча», — распавядае Андрэй Янушкевіч.
Ён удакладняе, што ў каталозе выдавецтва на выставе ў Варшаве — 40 найменняў.
«За апошнія месяцы выйшла шмат цікавых кніг. Хацеў бы вылучыць дзіцячую кнігу Эльгі Паповай «Мора ў горадзе», напрыклад. Мы таксама выдалі шыкоўную і фундаментальную гісторыю нацыянальнага сцяга «Бел-чырвона-белы». Перавыдалі класікаў — Эрнеста Хэмінгуэя, Джорджа Оруэла, Габрыэля Гарсіа Маркеса і гэтак далей. Так што, як бачыце, справа ідзе. Спадзяемся, нашыя чытачы не абмінуць сваёй увагай нашыя новыя выданні. І ўпэўнены, што на стэнд пойдуць нашыя людзі, бо, дзякуй Богу, кнігамі яны цікавяцца», — сцвердзіў кнігавыдавец Андрэй Янушкевіч.
Янушкевіч адзначае, што беларускія кнігары адчуваюць сябе на сёлетнім кірмашы «сапраўды свабодна і ўтульна». І вельмі дзякуе арганізатарам беларускага павільёну — Інстытуту беларускай кнігі, а таксама фундацыі «Гісторыя і культура», якая выдзеліла беларусам вельмі зручнае месца.
«І наведнік тут знойдзе ўсё, чым багаты беларускі кніжны рынак. А ён вельмі разнастайны. Запрашаем!» — развітваемся з Янушкевічам.
«Новая дыяспара цягнецца да беларускага — і гэта клёва»
Беларусы падцягваюцца. Падыходзяць да Насты Карнацкай, каб атрымаць аўтограф перакладчыцы «Ззяння» Стывена Кінга. («Гэта твой першы Кінг па-беларуску. Дзякуй за чытанне», — піша яна на першай старонцы). Беларускім Кінгам зацікавіўся нават паляк у форме ахоўніка.
Наста Карнацкая падпісвае ўласнаруч перакладзены на беларускую мову раман Стывена Кінга «Ззянне»
Наведнікі фатаграфуюцца на фоне палічак, застаўленых беларускімі кнігамі. Цешыць вока!
«Ой, мы толькі што прыйшлі. Але я вельмі радая, што беларускія выдаўцы штогод бяруць удзел у такой глабальнай імпрэзе, і галоўнае, я бачу, што маецца попыт, што новая дыяспара цягнецца насамрэч да беларускага — і гэта вельмі клёва, — дзеліцца думкамі Саша — адна з наведніц беларускага стэнду, якая прыйшла выбраць падарункі для сяброў і дзяцей. — Анемпадыстава, хутчэй за ўсё возьмем, гульню выбралі і кніжку Ціны Азевіч "Што робяць пачуцці"».
Каля паліцы выдавецтва «Gutenberg Publisher» уступаем з яшчэ адным наведнікам у спрэчку наконт таго, варта чытаць «Крэмулятар» Сашы Філіпенкі ў перакладзе на беларускую мову ці ўсё ж у арыгінале — па-расейску. На жаль, спрэчку нашую не можа развязаць заснавальніца выдавецтва Валянціна Андрэева, якую тут чакаюць толькі ў суботу. Да агульнай думкі з чытачом не прыходзім, але разыходзімся, міла паціснуўшы адзін аднаму рукі.
Кнігі выдавецтва «Gutenberg Publisher» на беларускім стэндзе Варшаўскага кніжнага кірмаша
«Gutenberg Publisher» прэзентуе на кірмашы «Легенды соннай лагчыны» Вашынгтона Ірвінга, «Беларускі народны соннік», грунтоўны збор перакладаў вершаў Віславы Шымборскай («Партрэт з памяці»), пераклады з расейскай двух раманаў Філіпенкі — «Былы сын» і «Крэмулятар» ды іншыя выданні.
Абдымаемся таксама з Наталляй Баярын, якая на варшаўскім кірмашы прэзентуе ў якасці выдаўца кнігу журналіста, музычнага крытыка і пісьменніка Вітаўта Мартыненкі «Прадмовы і Пасьляслоўі». Густоўна аформленую, прыгожую і духмяную. Сапраўды, беларускі павільён на міжнародным Варшаўскім кніжным кірмашу — гэта не толькі месца, дзе можаш набыць файныя кніжкі, але — і месца самых нечаканых і цёплых сустрэч.
У суботу 25 траўня там будзе зусім горача. Пройдуць аўтограф-сесіі Уладзіміра Арлова, Алеся Аркуша, Змітра Бартосіка. Стартуе таксама продаж кнігі Сашы Гук «Соня, стой!» (выдавецтва Gutenberg Publisher). Кніжны кірмаш будзе працаваць да 19:00.
З поўнай праграмай Варшаўскага кірмашу можна азнаёміцца тут.
Янка Латыш, Budzma.org