Восень — бадай, найлепшы час, каб занурыцца ў чытво, утульна ўладкаваўшыся ў фатэлі з кубкам гарачай гарбаты ці какавы. Сваім спісам кніг беларускай літаратуры, які варта прачытаць, падзяліліся з Budzma.org паэтка Юля Цімафеева, мастачка Анастасія Рыдлеўская і архітэктар Юрый Таўбкін.
4 кнігі ад паэткі Юлі Цімафеевай
Юля Цімафеева. Фота Альгерда Бахарэвіча
Алесь Разанаў «Лясная дарога»
«Адзін з нямногіх беларускіх паэтаў, чые вершы былі для мяне сапраўдным адкрыццём, дзівам і радасцю. Зборнік версэтаў «Лясная дарога», выдадзены амаль дваццаць гадоў таму, — адзін з маіх любімых. Празрыстыя па форме, дасканалыя па змесце, гэтыя творы — пра чалавека, існага ў бясчассі, але на сваёй зямлі. Безаабаронны, ён вядзе дыялог з няўмольнымі скавышамі сусвету, рассылае «ўдалечыню па розных кірунках стрэлы, а стрэлы вяртаюцца, цэлячыся» ў яго».
Вальжына Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»
«Гэтая кніга — спроба аўтаркі выбудаваць уласны паэтычны радавод, які ўключае ў сябе не толькі родных людзей, не толькі любімыя і ненавісныя мясціны дзяцінства. У ёй Вальжына адкрывае і сваё літаратурнае паходжанне, аўтараў і творы, што сфармавалі яе, абудзіўшы смелы паэтычны голас, які чуйна адгукаецца на музыку, якой поўніцца жыццё. У англамоўнай версіі і перакладах гэты зборнік сусветнавядомай беларускай паэткі атрымаў прызнанне крытыкаў і чытачоў, і, мне хацелася б, каб быў па-сапраўднаму ацэнены на яе радзіме».
Святлана Алексіевіч «Чарнобыльская малітва»
«Гэта важная для мяне асабіста кніга. Маё дзяцінства прайшло пад знакам Чарнобыльскай катастрофы і яе наступстваў, тая страшная падзея па-ранейшаму працягвае ўплываць і на экалогію, і на здароўе ды жыцці людзей, але чамусьці застаецца па-за ўвагай сучаснай літаратуры. Гэта кніга, з аднаго боку, дапамагае аднавіць важную частку як маёй уласнай гісторыі (ліквідатар Васіль Ігнаценка паходзіць з той самой вёскі, што і я), гэтак і найноўшай гісторыі Беларусі, а з другога, дае магчымасць пачуць галасы беларусаў, якія прамаўлялі ў часы разлому. Гэта кніга пра веру і бязвер’е, пра геройства й падман, пра выгнанне ў сваёй жа краіне і вяртанне дадому, пра каханне і страты. Яна голас эпохі, якая ўжо сышла. Напісаная ад пачатку па-руску, «Чарнобыльская малітва» была прынамсі двойчы перакладзеная на беларускую: Міколам Гілём і Уладзімерам Арловым».
Альгерд Бахарэвіч «Сабакі Эўропы»
«Не ведаю, ці гэтая кніга майго мужа і вядомага пісьменніка мае патрэбу ў прадстаўленні, але пару слоў сказаць варта. Складаны па форме і пакручасты па змесце, гэта прарочы раман пра ўцёкі і выгнанне, пра ўладу мовы і спробу яе пераадолець, пра нацыяналізм, пра імперыю, пра самоту і любоў, пра лёс паэзіі і мастацтва ў часы, калі разам з ідэаламі дваццатага стагоддзя людзі развучваюцца чытаць... Але яшчэ для мяне асабіста гэта раман пра горад, у якім мы з Альгердам былі шчаслівымі».
4 кнігі ад мастачкі Анастасіі Рыдлеўскай
Анастасія Рыдлеўская
Аляксандр Чарнуха «Свінні»
«Глыбока, тонка і вельмі смешна. Кніга, ад якой я ў голас рагатала і ад якой плакала, больна, але не магла адарвацца. Лепшыя словы ды вобразы да абсурду рэчаіснасці».
Зараслава Камінская «Русалкі Клічуць»
«Містычна, таемна, сучасна. Легенды пра русалак, пра беларускую вёску».
Тоні Лашдэн «Чорны лес»
«Моцная, нечаканая ў вобразах, страшная кніга, якая зачароўвае сваёй магіяй і рэчаіснасцю, што аж драпае вочы. Яна настолькі пра нас і пра мяне, пра ўсе перажыванні за гэтыя тры гады, што, прачытаўшы яе, быццам сам перапрацоўваеш і адпускаеш гэтую доўгую гнілую траўму».
Альгерд Бахарэвіч «Сабакі Эўропы»
«Смела, метафарычна, з іроніяй. Кніга, якая адкрывае перад чытачом многія абліччы сучаснага жыцця, змешваючы рэальнасць і вымысел у адзіны калаж эмоцый і ўспамінаў. Бахарэвіч задае важныя пытанні пра ідэнтычнасць і свабоду, змушаючы перажыць бяссілле».
7 кніг ад мастака і архітэктара Юрыя Таўбкіна
Юрый Таўбкін. Фота: citydog
Уладзімір Караткевіч «Дзікае паляванне караля Стаха»
Гэта гістарычны дэтэктыў. Створаная паводле класічных канонаў прыгодніцкай рамантыкі, гэтая аповесць мае і нешта сваё, адметнае, нейкую ўласцівую ёй таямніцу-загадку, якую нават цяжка растлумачыць, а можна хіба адчуць.
Васіль Быкаў «Доўгая дарога дадому»
Успаміны пісьменніка пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў ягонага багатага на падзеі жыцця. Ён расказвае пра найбольш яркія старонкі сваёй біяграфіі, дае ацэнку грамадска-палітычным і культурным працэсам, што адбываліся ў Беларусі на ягоных вачах.
Уладзімір Някляеў «Гэй Бэн Гіном»
Раман пра Беларусь і беларусаў. Пра Янку Купалу. Пра ягоны лёс, таямніцу ягонай гібелі ў гатэлі «Масква». I аўтар вядзе нас да гэтай таямніцы.
Сяргей Дубавец «Занзібар»
Гэта аўтабіяграфічны тэкст пра тое, як малады чалавек у 80-я гады адкрывае для сябе беларушчыну. У кнізе многа пра нефармальныя арганізацыі тых часоў: ад «Майстроўні» ды «Талакі» да літаратурнага аб’яднання «Тутэйшыя». Разам з тым гэта не проста настальгічныя нататкі, аўтар праводзіць паралелі з сучаснасцю, беларускай рэчаіснасцю 2020-х гадоў.
Сяргей Харэўскі «Мінск у мастацтве»
Гэта 14 эсэ пра мастакоў, якія паслядоўна выяўлялі і выяўляюць Мінск на сваіх палотнах.
Алесь Белы «Самы цымус»
У выданні чытачы знойдуць 15 нарысаў і некалькі дзясяткаў арыгінальных рэцэптаў габрэйскай і беларускай кухні.
Саша Філіпенка «Бывший сын», «Красный крест»
«Бывший сын» — гісторыя Беларусі паміж дзвюх трагедый: цісканіны на Нямізе і тэракту на станцыі метро Кастрычніцкая. Дакладней, гісторыя не канкрэтна краіны, а асобна ўзятага чалавека, маладога хлопца Францыска. У выніку цісканіны на Нямізе ён апынуўся ў коме, у якой знаходзіўся 10 гадоў. І адзіным родным чалавекам, які ўвесь гэты час спадзяваўся на яго выздараўленне, аказалася бабуля героя. У той час як і яго маці, і айчым, і дзяўчына і большасць сяброў ужо перасталі верыць у тое, што ён хоць калі-небудзь ачуняе.
«Красный крест» — раман закранае тэму сталінскіх рэпрэсій, Вялікай Айчыннай вайны, адносінаў да жонак і дзяцей «ворагаў народа». У кнізе дзве гісторыі, якія перасякаюцца, адна з якіх пачалася ў мінулым стагоддзі і заканчваецца цяпер, са смерцю яе гераіні. А гераіня іншай жыла зараз і ўжо памерла, але яе гісторыя працягваецца, проста ўжо без яе.
Агата Мурашка, Budzma.org
Чытайце яшчэ: «Пачуцці — вось найважнейшае». Вялікая размова з Анастасіяй Рыдлеўскай